Стометровка с барьерами.Не везде в Ушачах инвалиды-колясочники могут перемещаться с лёгкостью

Читатель поднимает проблему

Колькі часу зойме ў большасці з нас дарога ад будынка рэдакцыі да РКБА? Напэўна, не больш хвіліны мы патрацім, каб бадзёра пераадолець гэтую стометроўку па выкладзеным новай пліткай тратуары. А вось для інваліда-­калясачніка Уладзіміра Іванавіча Лазарэнкі такое падарожжа з’яўляецца доўгім і экстрэмальным. Каб засведчыць гэта, ён запрасіў з сабой у “паход” карэспандэнта раённай газеты.

Выправіцца з дому ў дарогу мужчыну прымусіла звычайнае для чалавека жаданне падстрыгчыся. І ўжо на першых метрах “дыстанцыі” яго напаткаў бар’ер у выглядзе бардзюра паміж тратуарам і праезнай часткай на перакрыжаванні Савецкай і Ленінскай. “Прачытаў у “раёнцы”, што маладыя мамы ўдзячныя за з’езды, зробленыя тут камунальнікамі падчас нядаўняга суботніка. Магчыма, гэта так. Вось толькі шкада, што для яшчэ адной катэгорыі ўдзельнікаў дарожнага руху, хоць і нешматлікай, але існуючай, гэтая выгода не працуе: на інваліднай калясцы з дарогі на тратуар уз’ехаць вельмі складана, бо пры будаўніцтве з’ездаў не быў захаваны вугал ухілу, які па нормах павінен быць ад 7 да 20 градусаў”, – кажа Уладзімір Іванавіч. І сапраўды, няхітрыя вымярэнні і падлікі паказалі, што пры вышыні бардзюра 10 см з’езд з яго павінен мець 10­градусны ўхіл і, адпаведна, даўжыню каля метра, а ў рэальнасці ён утрая меншы.

Але яшчэ большы “бар’ер” чакаў Уладзіміра Іванавіча ў канцы новага плітачнага тратуара каля будынка РКБА, дзе з’езду няма ўвогуле. “Дзякуй Богу, што я яшчэ магу з дапамогай кастылёў устаць з каляскі на апараты, якія нашу з ранняга дзяцінства пасля перанесенага поліяміеліту, і перамясціць яе на дарогу”, – расказвае мужчына, але аб тым, як цяжка даюцца яму такія маніпуляцыі, сведчыла рэакцыя прахожых, якія сталі прапаноўваць інваліду сваю дапамогу. Зрэшты, мужчына, канечне, цэніць такую спагаду з боку незнаёмых людзей, аднак вельмі не хоча выглядаць бездапаможным, таму імкнецца абыходзіцца без памагатых. Праўда, атрымліваецца гэта не заўсёды: вось і на пандус РКБА самастойна ўз’ехаць ён ніяк не змог: і ўзняцца, і апусціцца з ганку яму дапамагалі людзі. “Гэтае збудаванне не адпавядае ніякім тэхнічным нарматывам! Нават не ведаю, навошта было траціць грошы на яго будаўніцтва?!” – абураецца Уладзімір Іванавіч і заўважае, што зрабіць пандус прыступным можна, устанавіўшы ля сцяны другі поручань. Вядома ж, нельга сцвярджаць, што ў райцэнтры мала робіцца па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Па словах таго ж У.І.Лазарэнкі, ля многіх аб’ектаў маюцца зручныя пандусы – так, інваліды­-калясачнікі без цяжкасцей могуць трапіць на аўтастанцыю, у магазін “Родны кут”, у памяшканне новага суда і шэраг іншых месцаў. Аднак хацелася б, каб у гэты пералік “даступных” аб’ектаў уваходзіў і камбінат бытавога абслугоўвання.

Урэшце рэшт герой нашага аповеду дасягнуў пастаўленай мэты: пабываў у цырульні. Аднак гэты паход адняў у яго нямала як маральных, так і фізічных сіл: на зваротным шляху ўстаць з каляскі, каб пераставіць яе на тратуар, ён не змог – у адчаі махнуўшы рукой, паехаў па праезнай частцы, рызыкуючы стаць ахвярай ДТЗ…

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *