С опорой на ветеранов, с надеждой на молодых. Медики отметили профессиональный праздник

К профессиональному празднику

Што самае прыемнае для мяне, як жыхара Ушаччыны, а значыць і патэнцыяльнага пацыента нашай бальніцы? Што кожны год, калі мы рыхтуем матэрыялы пра медыкаў – канстатуем як паступовае развіццё матэрыяльнай часткі самай патрэбнай установы, так і папаўненне маладымі кадрамі. Больш камфортнымі становяцца ўмовы ў аддзяленнях, большая колькасць працэдур, за якімі ездзілі ў гарады, цяпер аказваецца на месцы. Пацвердзіла гэта і інтэрв’ю з выконваючым абавязкі галоўнага ўрача раёна А.У.КІСЯЛЁВЫМ.

– Анатоль Уладзіміравіч, давайце прыгадаем ушачанам, якія перамены адбыліся ў ЦРБ апошнім часам, якія новыя працэдуры можна ажыццявіць.

– Створаны асобны кабінет, дзе хворыя могуць зрабіць абследаванне страўніка, прайсці зандзіраванне. Гэта распаўсюджаная працэдура, а для ўдасканальвання даследаванняў мяркуем накіраваць на вузкую спецыялізацыю па гэтым накірунку яшчэ аднаго ўрача. Ёсць праект на рамонт рэнтгенкабінета, куды нам павінны паставіць высокадыягнастычнае абсталяванне па даследаванні страўніка, грудной клеткі. Робім ультрагукавое даследаванне сасудаў, спецыяліст прайшоў і вучобу па УГД сэрца, якое таксама будзем рабіць на месцы. Калі патрэбна накіраванне хворага ў спецыялізаваныя клінікі Віцебска, вельмі дапамагае існуючыя камп’ютарная сетка, банк даных. Накіроўваецца туды пацыент у вызначаны час, а не паспее вярнуцца, як мы бачым вынікі даследаванняў. Таксама па камп’ютарнай сетцы абменьваемся здымкамі, можам атрымаць кансультацыю. Абнаўляецца машынны парк, запланаваны на гэты год і рамонт другога крыла тэрапеўтычнага аддзялення.

– Напярэдадні прафесійнага свята прайшла калегія абласнога ўпраўлення аховы здароўя. Ці адзначаліся медыкі Ушаччыны?

– Так, напярэдадні свята заўсёды праходзяць узнагароджанні. Ганаровыя граматы ўпраўлення сёлета атрымалі ўрач агульнай практыкі, загадчыца  Глыбачэнскай бальніцы сястрынскага догляду Ганна Сямёнаўна Прыходзька і медсястра анкалагічнага кабінета Вера Васільеўна Башун. Выдатнай ацэнкай дзейнасці ўсіх медыкаў раёна можна лічыць той факт, што зменшылася смяротнасць, у тым ліку працаздольнага насельніцтва. Гэта адзін з асноўных паказчыкаў. Таксама ўрач Вялікадолецкай бальніцы Ала Мікалаеўна Крыштопенка пабывала на рэспубліканскім прафесійным свяце медыкаў, дзе па выніках конкурсу “Урач года Рэспублікі Беларусь” стала лаўрэатам 1-й ступені ў намінацыі “Урач агульнай практыкі”.

– Сярод узнагароджаных як на абласным, так і на раённым узроўні – медыкі, якія шмат гадоў пра­цуюць у раёне. Ці задаволены работай маладой змены?

– Спецыфіка Ушацкай бальніцы ў тым, што яна трымаецца на ўрачах старэйшага пакалення і на моладзі. Мала ўрачоў сярэдняга ўзросту. Сярод працуючых многа пенсіянераў, без якіх нам проста не абысціся. Вопыт, прафесіяналізм, адказны падыход характарызуюць нашых ветэранаў Тамару Іванаўну Жылко, Вольгу Аляксееўну Шаўчэнку, Надзею Васільеўну Карабань, Ніну Мікалаеўну Зыранаву, Святлану Іванаўну Ерашову і Ніну Васільеўну Літвінаву. Як родных ведаюць пацыентаў свайго ўчастка медсёстры Галіна Басыраўна Міранішына і Валянціна Рыгораўна Арэхва, колькі нованароджаных прыняла за час работы акушэрка Зоя Васільеўна Карпёнак, а колькім дапамагла масажыст Ніна Васільеўна Венжык! У нас працуе 391 чалавек, і таму я проста не змагу назваць усіх. А што датычыцца моладзі, то яна паступова прыходзіць на змену. На жаль, далёка не ўсе замацоўваюцца, аднак адны маладыя змяняюць другіх і мы смела можам назваць сябе маладзеючым калектывам.

– Колькі маладых медыкаў мы чакаем летам.

– Хірурга і педыятра – маладая сямейная пара (дзіцячы ўрач – унучка былога галоўнага ўрача Эльвіра Краснова), анестэзіёлага, стаматолага, тэрапеўта, гінеколага, медсясцёр. Кожны год, атрымаўшы адукацыю, прыходзяць свае, ушацкія кадры, спадзяёмся, што будуць замацоўвацца. Прыемна, што не пакінулі раён пасля адпрацоўкі медсёстры Насця Мамонава, Ксенія Селязень, Алёна Цвяцінская, Галіна Глінская, стварылі сям’ю і працуюць акушэр і фельчар Кацярына і Віталь Булаўка. Мы не баімся давяраць маладым адказныя ўчасткі – загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення працуе малады спецыяліст Вольга Шлёнская, загадчыцай лабараторыі – Святлана Шыла, адразу раённым педыятрам прызначана Таццяна Бумажэнка, адной рашэнні даводзіцца прымаць гінеколагу Кацярыне Антонавай. Яны вучацца ў старэйшых калег, вучацца самі, не баяцца ўкараняць новыя метады. Наогул  мне ёсць з чым параўноўваць і магу сказаць, што ў сістэме аховы здароўя Ушачы працуюць адказныя, прафесійныя медыкі. Прычым нагрузка ў раённай, сельскіх бальніцах вялікая. Паколькі нашых спецыялістаў практычна немагчыма замяніць, то і працуюць яны без бальнічных і з вельмі рэдкімі выхаднымі.

Прычым, на стварэнне камфортных умоў для выздараўлення хворых працуюць не толькі ўрачы і медсёстры, а і санітарачкі, повары, тэхнічныя і падсобныя работнікі, бухгалтэрыя. Напярэдадні свята хочацца павіншаваць як увесь калектыў, так і ветэранаў аховы здароўя Ушаччыны з прафесійным святам. Жадаю пазітыўных навін і аптымістычнага настрою, узаемаразумення і дабрабыту ў сем’ях і, канечне, здароўя.

Гутарыла Вльга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *