Когда мечты сбываются. Какие ВУЗы и профессии выбрали выпускники школ Ушаччины?

Образование и молодежь

Гэтым маладым людзям можна толькі пазайздросціць. Літаральна месяц­два таму яны яшчэ сядзелі за падручнікамі, штурмавалі бібліятэкі, рыхтуючыся да выпускных школьных экзаменаў і здачы цэнтралізаванага тэсціравання, – а зараз пажынаюць лаўры дасягнутага. Менавіта яны аднымі з першых сярод сёлетніх абітурыентаў даведаліся, што сталі студэнтамі прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны. І хоць падводзіць вынікі ўступнай кампаніі 2015 года пакуль рана, парадавацца за многіх ушацкіх юнакоў і дзяўчат ужо ёсць нагода.

Марына ХАМЁНАК, выпускніца Плінскай СШ:

– Як залатая медалістка, я проста абавязана была падчас уступнай кампаніі пацвердзіць свае балы. І з гэтым, на шчасце, справілася – як і планавала, стала студэнткай дзённага аддзялення Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, у якім аддала перавагу лячэбнаму факультэту. Нягледзячы на дастаткова высокі конкурс (больш за 1,5 чалавека на месца) па суме набраных балаў прайшла на бюджэтную форму навучання нават з запасам.

Чаму выбрала менавіта гэтую навучальную ўстанову? Па­першае, лічу яе самай прэстыжнай у краіне. Ды і да дому бліжэй! Увогуле ж, прафесія медыка, на маю думку, самая падыходзячая для дзяўчат. І хоць яна надзвычай адказная, да ўсіх цяжкасцей я гатова, бо з дзяцінства мару дапамагаць людзям. Зараз хачу стаць анколагам, аднак загадваць рана: паспяховасць ва ўніверсітэце, ды і сам час усё расставяць па сваіх месцах.

Ілья Клачок, выпускнік Ушацкай СШ:

– Да выбару навучальнай установы грунтоўна падышоў непасрэдна ў 11 класе. Па­першае, прадумаў, па якіх прадметах на цэнтралізаваным тэсціраванні магу прадэманстраваць найлепшы вынік. Вялікую ролю адыграла і прафарыентацыйная работа, якую праводзілі з намі ў школе. Так, аднойчы да нас завітала намеснік начальніка Ушацкага раённага аддзела ўнутраных спраў Святлана Іванаўна Ціханёнак, якая даступна расказала пра асаблівасці работы праваахоўнікаў, умовы навучання ва ўстановах адпаведнага профілю. Канчаткова ж упэўніцца ў правільнасці выбару будучай прафесіі дапамог прыклад бацькі, які доўгі час працаваў у аддзяленні Дэпатраменту аховы і зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, толькі цёплымі словамі ўспамінае аб ранейшых працоўных буднях.

…Так, я стаў студэнтам следча­экспертнага факультэта Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Прахадны бал на маю спецыяльнасць быў 216, у мяне ж па выніках ЦТ было 256. Радуе і тое, што разам са мной, толькі на іншых факультэтах, будуць вучыцца мае аднакласнікі Дар’я Іваньковіч і Дзяніс Бункевіч. Асабіста я хацеў бы пасля заканчэння Акадэміі вярнуцца ва Ушачы і працаваць на карысць роднага раёна.

Аляксандра ЛЯХ, выпускніца Глыбачанскай СШ:

– Днямі даведалася, што стала студэнткай Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, факультэта эканомікі і арганізацыі вытворчасці.

Шчыра кажучы, ніколі не марыла пра эканоміку і, тым больш, не думала, што гэта маё прызванне. Тым не менш, калі прыйшоў час зрабіць выбар, перагледзела ранейшыя “ўстаноўкі” і пастаралася аб’ектыўна ацаніць уласныя магчымасці. Зараз магу з упэўненасцю сказаць, што ўдзел у алімпіядах, наведанне шматлікіх факультатываў не прайшлі дарэмна: цэнтралізаванае тэсціраванне здала дастаткова добра, што ўмацавала маю ўпэўненасць у сабе і шансы на паступленне. Я не адчувала асаблівага цяжару вучобы – проста атрымлівала ад яе асалоду. Многія настаўнікі далі мне вельмі многае: не толькі веды па прадмеце, але і адносіны да жыцця, што, думаю, сустрэнеш далёка не ў кожнай школе. Вылучыць кагосьці з тых, хто падтрымліваў і дапамагаў мне пры паступленні, складана, бо ў рознай ступені гэта рабілі ўсе: і педагагічны калектыў, які я вельмі палюбіла за гады навучання, і мае дамашнія, сябры. Не загадваю, дзе давядзецца працаваць пасля заканчэння ВНУ. Аднак адно магу сказаць дакладна: ніколі і ні ў чым нельга выклю­чаць выпадковасцей!

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *