Не «украшайте» свой участок золотарником — это вредная культура

Экология

Калі ў любога ўшачаніна спытаць пра шкодныя расліны, ён абавязкова прыгадае баршчэўнік Сасноўскага, праблема распаўсюджання якога ва ўсіх на слыху. І, напэўна, мала хто ведае, што таксама вельмі небяспечнай культурай з’яўляецца сумнік канадскі (па­-руску – золотарник), зараснікі якога наносяць вялікі ўрон не толькі прыродзе, але і сельскай, лясной гаспадарцы.

Пушыстая расліна з жоўтымі мяцёлкамі прыгожа выглядае на прысядзібным участку і на першы погляд зусім не выклікае ўражання шкодніка. Аднак, вельмі хутка распаўсюджваючыся, яна імкліва займае вялікія плошчы і “вымятае” з іх літаральна ўсе іншыя расліны. Агрэсіўнаму разрастанню садзейнічае некалькі фактараў: кожны куст сумніку дае да 100 тысяч семак, якія лёгка разносяцца па наваколлі ветрыкам. У расліны няма ворагаў сярод іншых культур і насякомых, не корміцца ёю і жывёла. Карані ж самога сумніку выпрацоўваюць інгібітары – рэчывы, якія спыняюць рост іншых раслін. У выніку, захопліваючы пэўную тэрыторыю, гэты агрэсар выжывае адтуль усіх канкурэнтаў з расліннага і нават жывёльнага свету. Нядзіўна, што сумнік канадскі мае статус каранціннага і забаронены для ўвозу ў многія краіны свету, а ў Кітаі ўвогуле абвешчаны нацыянальным бедствам!

Даволі імкліва ён распаўсюджваецца і ў Беларусі – значныя забруджаныя плошчы можна ўбачыць, напрыклад, пад Мінскам. Адметна, што 20 гадоў таму пра гэтую расліну мы амаль не чулі. Ураджэнец Паўночнай Амерыкі (што бачна па назве) пранікаў да нас з Еўропы пераважна праз Расію і ў першы час сціпла існаваў у якасці дэкаратыўнай расліны на прысядзібных участках, радуючы садаводаў і пчаляроў, бо з’яўляецца неблагім меданосам і цвіце пазней большасці раслін (у жніўні). Зараз жа сумнік распаўсюдзіўся на тысячах гектараў, і па ступені небяспекі для навакольнага асяроддзя і дабрабыту людзей эколагі ставяць яго ў адзін рад з баршчэўнікам Сасноўскага. Абедзве названыя расліны, а таксама баршчэўнік Мантэгацы, клён ясенеліставы, эхінацысціс лопасцевы, пастановай Мінпрыроды ўнесены ў пералік відаў дзікарослых раслін, якія аказваюць шкоднае ўздзеянне, прадстаўляюць пагрозу біялагічнай разнастайнасці, жыццю і здароўю людзей. Колькасць і распаўсюджанне названых раслін падлягае абавязковаму рэгуляванню.

Ёсць захопленыя сумнікам участкі і на Ушаччыне. Шмат падобных зараснікаў ля могілак, на пустэчы, буяе сумнік і на многіх падворках. Хочацца папярэдзіць землекарыстальнікаў, што небяспечную расліну лепей хутчэй звесці. Зрабіць гэта можна шматразовым скошваннем – пры гэтым не варта чакаць, пакуль саспее і разляціцца па наваколлі насенне, а зразаць сцяблы, як толькі яны адраслі на 15­20 см. Скошаную траву нельга пакідаць на полі, бо яе насенне вельмі жывучае: варта яе спаліць. Ну а тым жа, хто яшчэ плануе ўпрыгожыць свой палісад “залатымі мяцёлкамі”, лепей “вымесці” гэтую думку з галавы.

І.ПАДГОЛ, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *