Минчане переехали жить в деревню Садки на Ушаччине и сделали из своей усадьбы настоящий райский уголок

Благоустройство

Напэўна, высвятленне паходжання назвы вёскі Садкі этымолагаў бы ў тупік не паставіла: версію рыбалоўнай прылады з­за адсутнасці паблізу вадаёмаў можна адмесці адразу, і застаецца адзіная відавочная – прыхільнасць мясцовых людзей да садаводства. І яна ўдвая падмацуецца, калі прайсціся па гэтай прыгожай вёсцы, ля адной з сядзіб якой вачам нечакана адкрываецца… сапраўдны батанічны сад.

На дагледжаным абкошаным газоне ў адмысловым парадку размешчаны дрэўцы, шматлікія разнастайныя кусты, акуратныя кветнікі, на якіх хрызантэмы і хосты суседнічаюць з экзатычнай бругмансіяй і загадкавым клапагонам. Цікава, што менавіта апошнюю кветку гаспадыня ўсёй гэтай прыгажосці Лілія Юльянаўна Санько называе сваёй любімай, а празаічнасць яе агульнапрынятай назвы тлумачыць тым, што адзін з відаў расліны выкарыстоўваюць як інсектыцыд. Ёсць у гэтай кветкі і іншае найменне – “срэбраныя свечкі”, бо яно трапна адлюстроўвае надзвычайную прыгажосць зацвіўшых бутонаў.

Значная частка дэкаратыўных раслін “перасялілася” ў Садкі з­-пад Мінска, з дачнага ўчастка Аляксандра Пятровіча Пасканенкава, які разам з гаспадыняй штодня прыкладае шмат намаганняў, каб ператварыць гэтую сядзібу і яе наваколле ў сапраўдны райскі куточак. Набылі яе жыхары сталіцы выпадкова: перад гэтым доўгі час шукалі падыходзячы вясковы дом, бо марылі пераехаць у ціхія запаветныя мясціны, дзе літаральна перад вокнамі гуляюць зайцы ды казулі. Пра гэты іх намер пачула жанчына з Лепеля і прапанавала купіць хату ў Садках. Першы час новыя гаспадары прыязджалі ў вёску раз­-пораз, але апошнія гады два жывуць тут пастаянна і вельмі напружана працуюць. Зараз нават не верыцца, што ўсяго некалькі год таму тут стаяла звычайная вясковая хатка з даволі запушчаным участкам. Гаспадары добраўпарадкавалі не толькі ўласную, але і ўсю прылеглую тэрыторыю, прыбралі нават бліжэйшы лес. Зараз па іх сядзібе і наваколлі можна гуляць літаральна гадзінамі, на кожным кроку адкрываючы для сябе нешта дзіўнае: тут розныя кампазіцыі з камянёў, пнёў і каранёў, агароджы з натуральных сукоў, сплеценыя з дроту і абвітыя раслінамі садовыя крэслы, арыгінальныя арэлі, ну а іх агарод заслугоўвае асобнага доўгага аповеду – столькі тут розных знаходак і “фішак”. Скажу толькі, што градкі і клумбы яны абгароджваюць 20-­сантыметровым контурам з шыферу і мульчыруюць, абкладзена сухой травой таксама глеба ля кустоў і дрэў.

Грунтоўна змянілася і старая хата, ператварыўшыся ва ўтульны дом з выгодамі. Наўмысна захаваныя тут патрыярхальныя дэталі суседнічаюць з сучаснымі бытавымі здабыткамі, ва ўсім бачны выдатны дызайнерскі густ гаспадыні, якая да таго ж з’яўляецца добрым мастаком, а зробленая рукамі спадарожніка яе жыцця разная мэбля магла б упрыгожыць самыя багатыя сталічныя гасціныя.

Здаецца, няма той справы, якая б не была па плячы Ліліі Юльянаўне і Аляксандру Пятровічу. Цікава, што яна па прафесіі – харэограф, ён – радыётэхнік, аднак абаім давялося асвоіць будаўнічыя спецыяльнасці: каб атрымаць кватэру ад флагмана савецкай “абаронкі” завода імя Леніна, работнікамі якога яны ў той час з’яўляліся, неабходна было па годзе­-паўтара адпрацаваць на будоўлі дома.

Не толькі майстэрства, але і надзвычайная працавітасць уласцівыя новым жыхарам Садкоў. “Летам устаём а шостай гадзіне і замест ранішняй гімнастыкі пачынаем абкошваць тэрыторыю”, – расказвае Аляксандр Пятровіч. Увогуле практычна ўвесь іх дзень распісаны рознымі справамі літаральна пахвілінна, бо тое, што яны ўжо стварылі, патрабуе пастаяннага догляду, а ёсць яшчэ шмат планаў – напрыклад, выкапаць вадаём, пабудаваць лазню. “Адсюль мы ўжо нікуды не пераедзем, бо менавіта ў такім месцы марылі правесці тыя гады свайго жыцця, што яшчэ адведзены лёсам!” – сцвярджаюць гаспадары сядзібы. Дарэчы, сваім вопытам, саджанцамі і насеннем раслін яны ахвотна дзеляцца з суседзямі, тым больш што ўладальнікі іншых дамоў, сярод якіх у асноўным дачнікі, паглядзеўшы на плён іх працы, таксама актыўна пачалі наводзіць прыгажосць на ўчастках. “Садкі прыгажэюць літаральна на вачах!”, – з задавальненнем адзначае старшыня Вялікадолецкага сельскага Савета А.Л.Сыс. Што ж, так і павінен выглядаць “райскі куточак”, дзе жывуць працавітыя і таленавітыя людзі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *