Как сельскохозяйственные организации Ушачского района готовят технику к зиме

Сельское хозяйство

Палеткі гаспадарак пакінулі яшчэ не ўсе агрэгаты, вядзецца ўздым зябліва, сяўба, уборка кукурузы. Між тым, збожжаўборачныя камбайны, прэсы, граблі і шэраг іншай тэхнікі сёлета ўжо выкарыстоўвацца не будуць. Іх неабходна максімальна зберагчы да наступнага сезона. Каб заўсёды знаходзіцца ў спраўным стане і не падводзіць падчас выканання работ, пасля іх завяршэння ў дзесяцідзённы тэрмін тэхніку трэба паставіць на захоўванне. Але планавая праверка паказала, што ў многіх гаспадарках спадзяюцца на тое, што маразы сёлета зноў прыпазняцца і пераводзіць тэхніку на зімовыя “кватэры” не спяшаюцца.

Дырэктару КУСГП “Кублічы”, дзе ў апошні час мала было падстаў для станоўчых водгукаў, вельмі хацелася, каб агляд машыннага двара пакінуў добрае ўражанне ў патрабавальных правяраючых. Адзначу, што гэта атрымалася на сто працэнтаў. І калі некалькі гадоў запар галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіл Аляксандравіч Шук і начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляда Іван Мікалаевіч Пухальскі, адзначаючы нездавальняючую арганізацыю работ па падрыхтоўцы тэхнікі да зімы, казалі: “Горш толькі ў Кублічах!”, то цяпер кубліцкіх механізатараў на чале з інжынерам Аляксандрам Дзмітрыевічам Жаўранкам ставяць у прыклад калегам з іншых сельгаспрадпрыемстваў. Настолькі кантрастнымі аказаліся пазітыўныя змены. Усе пяць камбайнаў гаспадаркі з невялікімі дапрацоўкамі адпавядалі патрабаванням падрыхтоўкі да захоўвання. І гэта прытым, што жніво “Кублічы” завяршылі апошнімі!

На мехдвор гаспадаркі мы прыехалі крыху раней запланаванага часу, таму і засталі працаўнікоў за апошнімі “штрыхамі” – уборкай тэрыторыі. Трохметровы пасяўны агрэгат, які не быў задзейнічаны на сяўбе і яшчэ вясной зарастаў пустазеллем, стаяў ачышчаны, належным чынам захаваны іншыя прычапныя механізмы. І нават няспраўны КВК-800 надзейна ўкрыты плёнкай.

А ў ААТ “Агра-Селішча” ля дзевяці гадзін раніцы ля камбайнаў не было ні дырэктара з інжынерам, ні механізатараў, хаця аб візіце правяраючых было вядома загадзя. З вялікай доляй верагоднасці гэта звязана з тым, што паказаць было нечага. Больш-менш падрыхтаваным да зімоўкі аказаўся камбайн Г.Хадасевіча. Бачна было, што толькі прыступілі да ачысткі механізмаў Ю.Юркевіч і Д.Хамёнак. І толькі А.Крывёнак завіхаўся ля сваёй “Ліды-1300”, але яна сезон не скончыла – Алег Юльянавіч убіраў канюшыну на насенне. А вось раскідвальніка МТТ-4У, які ў мінулым годзе стаяў напалову запоўнены мінеральнымі ўгнаеннямі пад адкрытым небам, на папярэднім месцы не аказалася. Агрэгат быў прыбраным… на пляцоўку для металалому, бо ржа “з’ела” яго канчаткова. “Чаго і трэба было чакаць!” – падвялі рэзюме правяраючыя. Не было парадку і ля іншых прычапных механізмаў, многія з якіх стаялі напалову разабраныя, а ад некаторых засталіся толькі каркасы.

Ідзе рамонт памяшканняў мехмайстэрні ў ­КУСГП “Вялікадолецкае”, але гэта не з’яўляецца прычынай для замінкі па пастаноўцы тэхнікі. Завіхаліся механізатары ля сваіх камбайнаў, герметызавалі праводку, іншае электраабсталяванне, змазвалі ланцугі, штокі цыліндраў і іншыя вузлы. 7 з 9 машын удалося падрыхтаваць мясцовым механізатарам – неблагі вынік. Каб не вымаць са жняярак нажы, у “Вялікадолецкім” робяць для іх спецыяльныя драўляныя “ножны”, якімі ўкрываюць механізм пасля папярэдняй змазкі. Асобным радам на тэрыторыі стаяць глебаапрацоўчыя агрэгаты, кансервацыяй якіх таксама займаюцца.

Не паспелі толкам падрыхтавацца да агляду ў ААТ “Ільюшынскі”, дзе ў мінулым годзе працэнт гатоўнасці быў высокім – патрабаванням не адпавядаў ніводны камбайн. Як і ў КУСГП “Глыбачаны”, куды правяраючыя завіталі напярэдадні. Асабліва ўразіў іх стан “Ліды-1600”. Гэты збожжаўборачны агрэгат з 2 жніўня па прычыне паломкі і адсутнасці запчастак стаяў на мехдвары і ва ўборачнай толкам і не паўдзельнічаў. Для таго, каб запусціць камбайн, спатрэбілася дапамога першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Л.Марыніча, які дапамог набыць клавішы саломатраса. Але намаганні чыноўніка высокага рангу не знайшлі далейшай падтрымкі ў гаспадарцы – камбайн так і застаўся стаяць неадрамантаваным. Больш таго, нават пачысціць яго палічылі залішнім і ў дэфіцытных клавішах прараслі “азімыя”. Густа зазелянелі рэшткі збожжа ў жняярках некаторых іншых збожжаўборачных агрэгатаў, ніводны з якіх не быў падрыхтаваны. З невялікімі агаворкамі можна было аднесці да ліку такіх адзін камбайн КУСГП “Арэхаўна”. У астатнім жа стан спраў у гаспадарцы быў падобны на глыбачанскі – парадку на мехдвары і прылягаючай тэрыторыі не было. А вось няспраўны паўразабраны МТЗ-82 сёлета дакладна на вуліцы зімаваць не будзе. Толькі “закансервавалі” яго вельмі арыгінальным спосабам: зернем на складзе ў Слабадзе засыпалі.

Тры разабраныя камбайны стаялі на мехдвары былога КУСГП “Дубраўка”, а з 5 камбайнаў, якія былі заняты на сёлетняй уборачнай, на мехдвары ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”толькі адзін паставілі на калодкі, ды і той неабходна было чысціць. Не паспелі падрыхтаваць тэхніку ў ААТ “Дземенец”.

Зразумела, што ў восеньскім калейдаскопе спраў пры ўсім жаданні засяродзіць увагу на чымсьці адным не атрымліваецца, асабліва адчуваючы дэфіцыт рабочых рук. Таму не трэба чакаць, калі тэхніка, якая не выкарыстоўваецца, скопіцца на мехдвары – рыхтаваць да зімы адпрацаваўшыя сезон механізмы варта адразу. Такая арганізацыя справы дазволіць ставіць на лінейку гатоўнасці камбайны і прычапны інвентар без аўралаў і лішняй мітусні. Адкладваючы ўсё на потым, цяжка сустрэць вясну ў поўным узбраенні, правесці палявыя работы ў аптымальныя тэрміны і згодна агратэхнічным патрабаванням – тут не дапаможа і міністр.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *