Лучший отдых для Людмилы Валентиновны Велюго — это занятие рукоделием

Наш современник

Часцей за ўсё імкненне вырабляць уласнымі рукамі прыгожыя рэчы з’яўляецца ў людзей, якія маюць дастаткова вольнага часу: пенсіянераў, хатніх гаспадынь. Калі ж убачыла шматлікія творчыя работы Людмілы Валянцінаўны Вялюгі – здзівілася: няўжо ў старшыні сельвыканкама пасля безлічы службовых спраў і абавязкаў па доме, якіх у вясковых жанчын заўсёды шмат, яшчэ застаецца час на рукадзелле?

– Вылучаю яго за кошт сну. Паколькі я – сава, час каля апоўначы для мяне – самы прадукцыйны. Вось і сяджу з іголкай ці пруткамі, калі іншыя ўжо бачаць сны. Да таго ж агульнавядома, што няма лепшага лякарства ад стрэсаў, адпачынку ад спраў і праблем, чым рукадзелле.

У адрозненне ад многіх іншых умельцаў у Людмілы Валянцінаўны няма “вузкай спецыялізацыі” – яна спрабуе сябе ў самых розных відах і тэхніках. А галоўным элементам яе творчасці з’яўляецца фантазія – вось спадабалася ёй мужчынская гавайская кашуля з малюнкам тыгра – і “лёгкім рухам нажніц” ператварыла вопратку ў… карціну­трыпціх! А нядаўна асвоіла выраб падушачак з буфамі для канапы –  змайстраваць іх нескладана, а выглядаюць вельмі прывабна. “Не паспяваю шыць – адразу разыходзяцца па родных і знаёмых”, – усміхаецца Людміла Валянцінаўна. Дарэчы, зараз яна майструе да дня нараджэння сяброўкі дрэўца з бісеру: работа карпатлівая, але атрымаць у падарунак такую прыгожую рэч, у якую ўкладзена шмат старання, той будзе вельмі прыемна.

Па спецыфіцы работы старшыні Глыбачанскага сельвыканкама пастаянна даводзіцца мець зносіны з людзьмі, бываць у іх дамах і, адпаведна – бачыць вырабы сваіх таленавітых землякоў, у якіх яна іншы раз пераймае сакрэты майстэрства. Так, пляценню кошыкаў яе навучыла выдатная майстрыха Агаф’я Паліэктаўна Башун, якая доўгі час жыла ў Глыбачцы, цяпер жа пераехала да дачкі ва Угрынки. А арыгінальную сароку­пакетніцу жанчына “падгледзела” ў Святланы Мікалаеўны Краўчанкі і літаральна ў той жа вечар села шыць падобны выраб. “Вельмі карысная для кухні рэч: пад спаднічкай у сарокі схаваны сабраны на рызінку палатняны мяшочак, у якім зручна захоўваць пустыя цэлафанавыя пакеты. Ды і сам выгляд гэтай птушкі ўзнімае настрой”, – кажа Людміла Валянцінаўна. Тое ж можна сказаць і пра арыгінальных вязаных лялек. А яе фірмовы чорны капялюшык, дэкарыраваны восеньскімі кветкамі і пладамі, напэўна запомніўся многім наведвальнікам традыцыйных панадворкаў, якія кожны сельсавет разгортвае падчас значных раённых свят і кірмашоў. “У нашых землякоў талент да рукадзелля і народных рамёстваў закладзены спрадвеку – напэўна, даецца ён ад нараджэння разам з цярплівасцю, працавітасцю і іншымі рысамі беларускага характару”, – з гэтым меркаваннем Л.В.Вялюгі цяжка не пагадзіцца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *