Конкурс «За верность районке» вызвал интерес у читателей газеты «Патрыёт»

Юбилейные даты

Конкурс “За вернасць “раёнцы”, які мы аб’явілі напярэдадні імпрэзы, прысвечанай юбілею “Патрыёта”, выклікаў у чытачоў вялікую цікавасць. На працягу некалькіх тыдняў жыхары розных куточкаў раёна тэлефанавалі на нашы нумары, дасылалі лісты, прыходзілі ў рэдакцыю з падшыўкамі і асобнымі нумарамі газеты, якія беражліва захоўваюць у дамашніх архівах. Ушачане дзяліліся думкамі і ўспамінамі, расказвалі, як цесна іх лёсы пераплецены з гісторыяй раённага выдання.

Рарытэтны нумар “Прымежнага калгасніка”, датаваны 1938 годам, прынесла ў рэдакцыю жыхарка Слабады Марыя Пятроўна Сцежкіна. Гэтую рэліквію яна знайшла, калі разбірала архіў бацькі, які пайшоў з жыцця яшчэ ў 1988 годзе, і таксама пакінула ў архіве сям’і, больш таго, пазнаёміла з выданнем сваіх дзяцей і ўнукаў. Бацька Пётр Усцінавіч Тарасевіч жыў у Арэхаўне. А ў гэтым нумары прыгадваецца не толькі прозвішча яго роднай сястры Пабойкінай, але і справаздачы стаханаўцаў розных калгасаў Сарочынскага сельсавета. Як вядома, калгас тады быў практычна ў кожнай вёсцы. Газета – нават не пажоўклая, а карычневая з бакоў, прайшла ўсю вайну і захавалася побач з сямейнымі фотаздымкамі. “Багаты ўраджай прынёс нам 1937 год, – пішацца ў адным з артыкулаў, – дзякуючы чаму калгаснікі атрымалі высокую аплату за адзін працадзень – па 2,5 кілаграма зерня, 6 – бульбы і па 45 капеек грашыма”.

Таксама яшчэ з часоў “Прымежнага калгасніка” памятае “раёнку” Ганна Іванаўна Калітуха з Завячэлля, якая ў даваенны час была ўжо падлеткам. І цяпер, у свае шаноўныя 88 гадоў, жанчына з цікавасцю дазнаецца з нашай газеты пра раённыя навіны.

У 1951 годзе ўпершыню выпісалі ўшацкую “раёнку” настаўніцы Ніна Барысаўна Вусько з вёскі Жаўніна і Надзея Васільеўна Каваленка з Белага – і з тых часоў застаюцца вернымі свайму любімаму выданню. “Кожную сераду і суботу з нецярпеннем чакаю паштальёна і пакуль не прачытаю свежы нумар ад коркі да коркі, адкладваю ўсе справы!” – расказвае Ніна Барысаўна.

У 1958 годзе прыехаў ва Ушацкі раён Яўген Васільевіч Аксяновіч і з тых часоў не толькі нязменна выпісвае раённую газету, але і з’яўляецца нашым пастаянным пазаштатным аўтарам: вось і ў мінулым нумары “Патрыёта” чытачы знайшлі напісаныя гэтым неабыякавым чалавекам радкі.

З 1959 года, калі “раёнка” яшчэ мела назву “Сацыялістычны шлях”, вядзе архіў яе публікацый Даніл Карпавіч Сальнік. У ім захоўваюцца ўсе артыкулы аб родным калгасе “Чырвоны прамень”, дзе ён працаваў галоўным бухгалтарам. Ёсць сярод іх, напрыклад, матэрыял аб тым, як гаспадарка першай у раёне перайшла на грашовую форму аплаты працы. Даніл Карпавіч таксама з’яўляўся нашым пазаштатным аўтарам і нават да гэтага часу захоўвае квітанцыю за свой першы ганарар коштам 14 рублёў.

Збіралася прыехаць з Дубраўкі на свята Алена Захараўна Кучко і, прагартаўшы выразкі з падшыўкі, прыгадала памятныя моманты свайго жыцця. Вось фота з 1971 года – Алена Захараўна стала кандыдатам у члены КПСС, 1980­ты – на 50­годдзе “Патрыёта” яе як пазаштатнага аўтара віншуе старшыня райвыканкама Цараў. Па “раёнцы” можна вывучаць біяграфію і Івана Мікалаевіча Пухальскага. Першая выразка з газеты – прысяга пры заступленні на працу ў органы раённага аддзела міліцыі.

Тоўстую папку з нумарамі і выразкамі артыкулаў “раёнкі” захоўвае дома і Лілія Браніславаўна Шах, прозвішча якой таксама даволі часта з’яўлялася на старонках газеты. Многія заметкі ў яе падшыўцы – з паметкамі, паколькі “Патрыёт” нязменна дапамагаў нашай чытачцы і ў працы, і ў быце.

Тое ж можна сказаць і пра Уладзіміра Ільіча Барысёнка, які пачаў чытаць раённую газету ў 70­х, калі быў яшчэ школьнікам. Пазней, калі стаў настаўнікам, пастаянна выкарыстоўваў атрыманую з газеты інфармацыю ў падрыхтоўцы да ўрокаў. А яшчэ быў аматарам папулярнай у 80­х гадах рубрыкі “Шашкі”, якую вёў Анатоль Мікалаевіч Карабань.

З канца 70­х, калі прыехаў працаваць на Ушаччыну, пасябраваў з нашай газетай Мікалай Леанідавіч Фядосенка. Па публікацыях у “раёнцы” можна прасачыць усе вехі яго працоўнага шляху, выступаў ён і ў якасці грамадскага карэспандэнта. Мікалай Леанідавіч выдатна памятае і прозвішчы нашых штатных супрацоўнікаў Мікалая Данілавіча Васілеўскага, Вольгі Іванаўны Гавейновіч, праз якіх дасылаў свае заметкі і фотаздымкі.

Больш сарака гадоў выпісвае раённую газету Фёдар Фёдаравіч Кандрацкі. А асабліва беражліва захоўвае снежаньскі нумар за 1987 год, на першай паласе якога – рэпартаж “Прыклад братоў” аб работах па вывазцы тарфакрошкі. Перачытваючы газету, мужчына прыгадвае маладыя гады, калі яны з братам Уладзімірам, які зараз ужо пайшоў з жыцця, працавалі ў сельгасхіміі і былі лідарамі раённага спаборніцтва.

Папку з выразкамі артыкулаў пра свайго гераічнага дзеда – поўнага кавалера ордэна Славы Аніса Клопава захоўваюць і перыядычна папаўняюць Алена Жук і Людміла Шчэкачыхіна.

“Колькі памятаю сябе – столькі памятаю і “Патрыёт”, – расказвае Тамара Пятроўна Клопава. – Мама, якая нарадзілася ў 1917 годзе, заўсёды выпісвала раённую газету”. Такімі ж словамі пачала свой аповед і Ларыса Паўлаўна Азевіч, бацька якой Павел Ігнатавіч Гардзіёнак працаваў у Жарскім сельсавеце, заўсёды выпісваў раённую газету. Так казала і наша пастаянная аўтарка Тамара Дзмітрыеўна Барадзёнак, і іншыя людзі, якія прыносілі свае квіткі да розыгрышу прызоў.

Практычна заўсёды на паўгода з 1978­га выпісваюць газету Раіса Адамаўна і Віталь Барысавіч Пугачы з вёскі Лозы, якія даслалі ліст з віншаваннямі газеце. Прыйшло віншаванне да свята і ад сям’і Кузьміч (Карабань) – Шахаб з Мінска. “Ушацкая зямля заўсёды славілася сваімі выбітнымі постацямі і глыбокім патрыятызмам. Ваша выданне не забывае асвятляць найважнейшыя падзеі сучаснасці і гістарычнага мінулага краіны. З гонарам нясём памяць пра нашага бацьку, дзядулю і прадзеда Алеся Антонавіча Карабаня, які падчас Вялікай Айчыннай вайны спрычыніўся да выдання газеты “Прымежны калгаснік”, тым самым зрабіўшы свой пачэсны ўклад у набліжэнне Перамогі праз роднае слова”.

Шмат добрых сяброў у нашай газеты і сярод арганізацый. Так, напрыклад, на паўгода выпісвае “Патрыёт” фінансавы аддзел райвыканкама.

Як бачна, рэдакцыі вельмі няпроста было вылучыць некалькіх самых верных нашых чытачоў, каб адзначыць іх памятнымі прызамі. Але конкурс ёсць конкурс – і ў выніку яго пераможцамі ў намінацыі “За вернасць “раёнцы” прызнаны Я.Аксяновіч, М.Сцежкіна і У.Барысёнак.

На здымках: В.Караленка і М.Сцежкіна; вядучая Д.Пенкальская і Л.Шах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *