Девятиклассники Ушачской школы Леонид Давыдов и Антон Касич вернулись с областного этапа республиканской олимпиады по химии с победой

Наши дети

“Чаму выбралі менавіта хімію? Дык гэта не мы яе, а яна нас выбрала!” Так адказалі на маё пытанне дзевяцікласнікі Ушацкай школы Леанід Давыдаў і Антон Касіч, калі мы абмяркоўвалі іх сёлетняе пераможнае выступленне на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах – абодва хлопцы вярнуліся з Віцебска з дыпломамі трэцяй ступені.

Ну а калі больш дакладна, то выбрала іх і прапанавала больш паглыблена заняцца вывучэннем свайго прадмету настаўнік хіміі Ларыса Аркадзьеўна Струй: літаральна з першых урокаў у сёмым класе яна выявіла ў хлопчыкаў вялікі патэнцыял і… перакваліфікавала іх з ужо даволі прызнаных матэматыкаў (Лёня і Антон нязменна акупіравалі два першыя месцы на раённых алімпіядах, удала выступалі і ў рэспубліканскай “Кенгуру”) у пачынаючых хімікаў. Трэба сказаць, што зрабіць гэта было няцяжка, бо яны адразу захапіліся новым прадметам.

Зрэшты, па словах Ларысы Аркадзьеўны, менавіта добрая матэматычная база стала падмуркам паспяховага засваення хімічных ведаў. Заклалі ж яе настаўнік пачатковых класаў Надзея Уладзіміраўна Шамшура і выкладчык матэматыкі Ларыса Аляксандраўна Корабава. “Ужо ў трэцім класе сын у розуме перамнажаў трохзначныя лічбы”, – прыгадвае маці Лёні Людміла Васільеўна Давыдава. Ну а акрамя таленту, “цаглінкамі”, з якіх зараз паступова складаецца будынак хімічных ведаў, сталі цікаўнасць, працаздольнасць і ўпартасць вучняў.

– Наш прадмет – адзін з самых складаных, яго нельга вывучаць раз­пораз. Трэба быць матываваным і працаваць увесь год, а таму мы дадаткова займаемся і па выхадных, і на канікулах, – расказвае Л.А.Струй. – Галоўнае ж, што хлопцам цікава асвойваць новыя тэмы, рашаць складаныя задачы, рабіць вопыты.

Дарэчы, менавіта практычны тур прынёс ім на алімпіядзе самыя вялікія балы: ушачане далі фору нават гарадскім ліцэістам, якія маюць шырэйшыя тэхнічныя магчымасці для падрыхтоўкі.

– Практычныя заданні нас у тупік не паставілі. Было нескладана вызначыць, у якіх прабірках знаходзяцца серная кіслата і гідраскід калію, правесці патрэбныя вопыты. А вось у тэорыі мы крыху не дабралі, а значыць, многія тэмы трэба падцягнуць, – самакрытычна аналізуюць сваё выступленне на алімпіядзе Леанід і Антон.

У тым жа, што яны гэта зробяць, няма сумненняў, бо побач – вопытны, горача ўлюблёны ў свой прадмет педагог. “Нам вельмі пашанцавала, што сыны займаюцца пад кіраўніцтвам такога настаўніка!”, – лічаць бацькі Антона і Леаніда.

– Нядаўна, калі сын быў на падрыхтоўчых занятках у Віцебску (Лёня ўвайшоў у пашыраны склад кандыдатаў да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе алімпіяды), педагог ВНУ разбіраў з вучнямі складаную задачу, аднак большасць так і не зразумела яе да канца, – расказвае Л.В.Давыдава. – “Трэба паказаць задачу Ларысе Аркадзьеўне – яна абавязкова ўсё даступна растлумачыць!”, – сказаў, вярнуўшыся ва Ушачы, сын.

І сапраўды, гэта педагог ад Бога. Прычым, яна аднолькава ставіцца і да адораных, і да школьнікаў з меншым патэнцыялам. Адна з настаўніц, разам з якой Ларыса Аркадзьеўна выкладала прадметы для вучаніцы­надомніцы, расказала, што яе ўражвала, як калега заўсёды прыносіла да дзяўчынкі вялікую сумку з прыборамі і рэактывамі, каб урок быў цалкам паўнацэнны.

Пра асабістыя дасягненні Ларыса Аркадзьеўна, як чалавек сціплы, распавядаць не любіць, затое пра былых і цяперашніх вучняў расказвае ахвотна. Першай дыплом другой ступені абласнога этапу алімпіяды атрымала Вольга Аўдошка, тры гады запар у ліку пераможцаў аказваўся Антон Станевіч – абое паступілі ў БДУ. Настаўніца прыгадвае, як на абласным этапе прадметнай алімпіяды Віка Міхейка атрымала спецыяльны прыз за лепшае выкананне эксперыментальнага тура, бо набрала ў ім самую вялікую колькасць балаў – невыпадкова пазней дзяўчына выбрала прафесію фармацэўта. Таксама трэцім месцам на абласным этапе вызначылася ў свой час Тоня Первянёнак (на той момант вучаніца Лужаснянскай гімназіі), якая скончыла потым сталічны медуніверсітэт. Адразу пяць дзяўчат з выпуску 2014 года – Насця Арэхва, Лера Севярын, Віка Грыцава, Наташа Мацюшэнка і Наташа Палячэнка – вучацца зараз у ВНУ на факультэтах з хімічным профілем.

Па прыкладзе сваёй старэйшай сястры Аляксандры стаць студэнтам БДУ марыць і Антон Касіч, а вось яго сябра па занятках з выбарам будучай прафесіі пакуль не вызначыўся. На гэта ў дзевяцікласнікаў яшчэ дастаткова часу, тым больш што добрыя вынікі яны паказваюць і ў іншых вучэбных дысцыплінах. Не забываюцца яны і пра спорт: Антон некалькі год займаўся армрэстлінгам, уваходзіць у зборную раёна па мнагабор’і “Здароўе”, Лёня ж з 7­га класа наведвае валейбольную секцыю, выступае за школьную каманду.

Напэўна, многіх бацькоў цікавіць пытанне, як прымусіць дзяцей больш часу прысвячаць вучобе, заахвоціць іх да паглыбленага вывучэння прадметаў? Сапраўды, знайсці матывацыю бывае няпроста. Вось што кажа на гэты конт маці Антона Наталля Міхайлаўна Касіч:

– Летам мы ўсёй сям’ёй ездзілі на экскурсію ў Еўропу. Сыну вельмі спадабалася падарожнічаць і ён заўважыў, што хацеў бы пабываць у розных краінах. Усё залежыць ад цябе – адказалі мы яму. Ды ён і сам разумее, што добрая адукацыя, прэстыжная прафесія адкрывае перад чалавекам самыя шырокія магчымасці.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



2 комментария по теме “Девятиклассники Ушачской школы Леонид Давыдов и Антон Касич вернулись с областного этапа республиканской олимпиады по химии с победой

  1. Ёсць яшчэ ва Ушачах неабыякавыя настаунікі і разумныя дзеці… нажаль няшмат.

  2. У нас, на жаль, дзяцей няшмат, намнога меней, чым было раней, а вось разумных дастаткова, ды практычна кожны ў той ці іншый галіне, и кали не лянавацца… А кали ўзяць колькасць дзяцей наогул і пераможцаў розных алімпіяд, дык мы будзем на першых радках.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *