Последний шанс. На отчётном собрании в ОАО «Ушачский райагросервис» обсуждали, как выйти из сложного положения

Сельское хозяйство

Устойлівы мінус – так можна ахарактарызаваць асноўныя паказчыкі дзейнасці ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” за мінулы год, вынікі якога падводзіліся на справаздачным сходзе. Таварыства і зараз з’яўляецца буйнейшай гаспадаркай раёна па колькасці працуючых (175 чалавек), а вось з асноўнага вытворцы зерня, мяса і малака ператварылася ў праблемны калектыў, дзе востра стаіць пытанне не толькі аб аднаўленні пазіцый – само існаванне сельгаспрадпрыемства пад пагрозай.

Ніжэй некуды

Плошча ўгоддзяў у “Райаграсэрвісе” зменшылася за год больш чым на 700 гектараў і не дацягвае зараз да 10 тысяч, амаль на 10 працэнтаў скараціўся і аб’ём ворыўных зямель. Вытворчасць зерневых і зернебабовых знізілася практычна ўдвая: ў 2014 годзе было намалочана 4256 тон, ў мінулым – толькі 2142. Светлай плямай на фоне гэтага паказчыка выглядае вытворчасць рапсу, якога сабралі 411 тон – 124,2 працэнта, але трэба адзначыць, што рост адбыўся не за кошт ураджайнасці, а з­за пашырэння плошчаў пасеваў. Нарыхтавана толькі 15 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што ў два разы менш мінулагодняга. Атрымана 230,5 тоны мяса – 69,6 працэнта да 2014­-га, на 10 працэнтаў знізілася вытворчасць малака, на 15 – яго рэалізацыя.

“Ад дадзенага і крадзенага не разжывешся”

Гэту народную мудрасць прывяла на пачатку свайго выступлення ды­рэктар таварыства Людміла Мікалаеўна Верташонак, якая ўзваліла на свае жаночыя плечы цяжкую ношу кіравання прадпрыемствам у крызісны час. Прадказальна, што скардзіліся працаўнікі на невысокую зарплату, сярэдні памер якой за мінулы год склаў 2113 тысяч рублёў. Канечне, гэта нямнога, асабліва ў параўнанні з 2010­-2011 гадамі, калі заробкамі звыш 10 мільёнаў механізатараў і вадзіцеляў “Райаграсэрвіса” было не здзівіць! Прычым атрымлівалі іх не толькі камбайнеры і сейбіты падчас асноўных відаў работ, а і нават вадзіцелі на падвозе. Даць людзям годную зарплату – справа добрая, ды і працавалі хлопцы ў полі шчыра, выконваючы па дзве нормы за дзень. Вось толькі гэтага ўсё роўна было недастаткова для такога ўзроўню аплаты, якая ні ў якім разе не вязалася з выручкай прадпрыемства. Просты прыклад: пры месячных пастаўках малака на Лепельскі малочнакансервавы камбінат на суму 280­300 мільёнаў рублёў адтуль бралі незаробленыя мільярдныя крэдыты, якія потым перакрываліся новымі – не дзіўна, што гэта “фінансавая піраміда” з цягам часу абрынулася. Сярод усіх гаспадарак раёна менавіта ў “Райаграсэрвісе” самая вялікая запазычанасць перад Лепельскім малочнакансервавым камбінатам – эканамісты падлічылі, што пры сённяшніх аб’ёмах вытворчасці, не трацячы ні капейкі на ўласныя патрэбы, неабходна аддаваць усю выручку на працягу 11 гадоў! З 14 мільярдаў раённых даўгоў за паліва, без малога палова – 6,9 мільярда таксама належыць “Райаграсэрвісу”. Зараз месячныя даходы ўтрая меншыя тых сум, якія неабходна выплачваць па пратэрмінаваных крэдытах. І даўгі растуць… У 2015 годзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі і работ склала 19068 мільёнаў рублёў, а страты ад гаспадарчай дзейнасці – 42616 мільёнаў. Пры такіх паказчыках дзейнасці няма і гаворкі пра новыя пазыкі. Замарозіць даўгі, каб працаваць “з чыстага ліста” ніяк не атрымаецца – гэта за межамі прававога поля. Каб не апынуцца ў кампаніі Гарадоцкага агразабеспячэння, які праходзіць стадыю ліквідацыі, трэба шукаць выйсце.

Працаваць ці “таксаваць”?

Адмоўная рэнтабельнасць назіраецца ў тым ліку і з­за значных страт на вытворчасці мяса. Акрамя нізкіх прываг, выхаду маладняку ўплывае на гэта незбалансаванасць рацыёну, вялікі расход кармоў, якіх і так не хапае. Завозіць сянаж прыходзіцца аж з КУСГП “Кублічы”, для чаго толькі на паліва гаспадарка затрачвае каля 5 мільёнаў рублёў у дзень. У цяжкіх фінансавых умовах на першы план выходзіць эканомія і беражлівасць. Прывяла прыклад дырэктар, што ў КУСГП “Вялікадолецкае” на падсеў траў для працы трактара на дзень выдзяляецца 20 літраў паліва, а ў “Райаграсэрвісе” – 30. Пры абмеркаванні пытання слова папрасіў старшыня прафкама прадпрыемства Мікалай Макаравіч Пятніца. Толькі яго прыклады – сотні мільёнаў эканоміі для прадпрыемства.

– Я бяру на борт МАЗа 6 рулонаў, а мог бы ўзяць і 9 – узрушана гаварыў вадзіцель, адзін са старажылаў прадпрыемства. – Для гэтага неабходна пераабсталяваць пагрузчык, што можна зрабіць у нашых умовах – эканомія паліва ў паўтара раза! Між тым, пытанне, якое агучваў ужо не раз, так і завісла ў паветры. Трэба карэнным чынам мяняць адносіны да работы. Я працаваў яшчэ пры Хрушчове, дапамагаў бацькам, якія атрымлівалі працадні не за дзень – за суткі! Для таго каб завяршыць стог, клалі яго і ноччу, у людзей нават думкі не ўзнікала пайсці дадому, не скончыўшы справу! Раней добрая гаспадыня, калі трэба было перавезці карову, падвязвала ёй вымя ручніком. А што ж назіраецца цяпер? Прыязджаю за цяляці на ферму, яго, мокрага, малога, кідаюць нібы мех у прычэп: “Макаравіч, калі капейкі будуць даваць?!” А за што даваць, за такія адносіны? У нашых умовах неабходна працаваць столькі, колькі трэба, разумець неабходнасць выхаду на працу і ў выхадны, калі таго патрабуе вытворчы працэс. Зараз жа на тэлефанаванні аб неабходнасці папрацаваць у суботу ад асобных работнікаў дырэктар чуе і такі адказ: “Грошы не плаціце, лепш “таксаваць” паеду!”

Сярэдні кошт рэалізацыі зерня ў мінулым годзе склаў 1640 рублёў за кілаграм, рапс здадзены па 4478 рублёў. На сходзе не ўтойвалі, што прыбытак мог быць большым, што вялікі працэнт ураджаю недаатрымалі не столькі з­за прыродных фактараў, а па прычыне парушэння тэхналогіі вырошчвання, няякаснай ўборкі. Але ж акрамя галоўнага агранома ў гаспадарцы ёсць яшчэ і аграном­насеннявод, якога на полі не ўбачыць… Былі выказаны нараканні і на работу іншых спецыялістаў, асабліва заатэхнічнай службы.

Ёсць станоўчая дынаміка

Наогул, пытанне пастаўлена жорстка – ці рабіць, ці разбягацца, але дзе знайсці працоўнае месца, калі ў іншых арганізацыях ідзе скарачэнне. Трэба сказаць, што пэўныя станоўчыя зрухі ў “Райаграсэрвісе” ёсць. Узрасла якасць малака – сортам “экстра” за мінулы год здадзена 628 тон, вышэйшым – 428, першым – 71 тона, удой на карову склаў 2131 кілаграм супраць 1671 у 2014. Станоўчая дынаміка назіраецца і за першыя два месяцы сёлетняга года. Вытворчасць малака павялічылася з 158,9 да 243,6 тоны, у паўтара раза – яго рэалізацыя. Улічваючы гэта, падрасла крыху і зарплата ў даярак. Між тым, прыведзеныя паказчыкі ўсё роўна выглядаюць слабымі з улікам наяўнасці ў гаспадарцы даільнай залы, дзе створаны ўсе ўмовы для высокапрадукцыйнай працы.

Праблематычным застаецца вытворчасць мяса: нізкія прывагі і, адпаведна – заробкі на жывёлагадоўчым комплексе “Маяк”. Зрэшты, да “мінімалкі” далічваюць усім, хто добрасумленна адносіцца да працы.

У адпаведнасці з рэаліямі

Абмеркаванне калектыўнага дагавору праходзіла таксама ажыўлена. У мінулым годзе няхай і са спазненнем  гаспадарка ўзятыя на сябе сацыяльныя абавязацельствы выконвала, але жыццё прымушае карэкціраваць выплаты і гарантыі ў бок памяншэння: “Трэба адпавядаць эканамічным умовам”, – казаў М.М.Пятніца. Калі раней па калектыўным дагаворы выплата пры ўступленні ў шлюб складала 10 базавых велічынь, то цяпер гэта сума зменшыцца ўдвая. Будуць перагледжаны памеры дапамог па сямейных абставінах, пры нараджэнні дзіцяці, у выпадку смерці блізкіх родных або самога работніка прадпрыемства і іншыя. Раней пры выхадзе на заслужаны адпачынак работніку за першыя дваццаць год працы ў гаспадарцы плацілі 0,8 базавай велічыні, за кожны наступны звыш гэтага тэрміну – 1,5. Зараз жанчыны, якія ідуць на пенсію з арганізацыі, будуць атрымліваць 0,9, мужчыны – 0,8 базавай велічыні за кожны адпрацаваны год незалежна ад стажу. Паступіла прапанова ўсе выплаты для парушальнікаў дысцыпліны зменшыць удвая, але па ўзгадненні з праўленнем і прафкамам, бо ёсць людзі, якія аступіліся раз і нельга ставіць іх у адзін рад з працаўнікамі, што “адзначаюцца” рэгулярна.

Адно з важнейшых пытанняў

Так характарызавала Л.М.Вер­ташонак праблему выканаўчай дысцыпліны. Дзейнасць кіраўніка – знайсці сродкі на запчасткі, паліва, зарплату, але дырэктару часта прыходзіцца выступаць у ролі наглядчыка. Крыўдна, што спецыялісты, каб не псаваць адносіны з падначаленымі, “закрываюць вочы” на многія парушэнні. Напрыклад, падпісваюць пуцёўку і ставяць 8 гадзін у табель працаўніку пры тым, што дакладна вядомы факт запраўкі тэхнікі палівам з раніцы, а на полі яна з’явілася толькі каля апоўдні. “Ад нядбайных працаўнікоў будзем пазбаўляцца, бо некаторыя прыносяць больш шкоды, чым карысці. Няхай застанецца 100 чалавек, затое тых, на каго можна палажыцца, ім можна будзе і заплаціць больш”, – справядліва зазначыла Л.М.Верташонак.

Толькі з надзейнымі працаўнікамі можа будзе захаваць прадпрыемства, выйсці на рэнтабельную працу, дабіцца планавых паказчыкаў. А яны рэальныя, а мабыць і крыху заземленыя:  сёлета ў “Райаграсэрвісе” намецілі сабраць 3200 зерня пры ўраджайнасці 23 цэнтнеры з гектара, каля 700 тон рапсу з ураджайнасцю 8,8 цэнтнера з гектара. Запланавана надаіць 2540 кілаграмаў малака ад каровы, атрымаць прывагі буйной рагатай жывёлы у 550 грамаў. Для гэтага неабходна нарыхтаваць 715 тон сена, 10038 сіласу, 9099 сенажу. Але начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарча Наталля Эрыкасаўна Мончык, якая прымала ўдзел у сходзе, тут жа планы падкарэкціравала, бо па заданні аблвыканкама арыенцірам для ўсіх гаспадарак павінны стаць 4 тысячы кілаграмаў ад каровы. Змены будуць унесены і ў некаторыя іншыя паказчыкі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



4 комментария по теме “Последний шанс. На отчётном собрании в ОАО «Ушачский райагросервис» обсуждали, как выйти из сложного положения

  1. «Запланавана надаіць 2540 кілаграмаў малака ад каровы… Але начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарча Наталля Эрыкасаўна Мончык, якая прымала ўдзел у сходзе, тут жа планы падкарэкціравала, бо па заданні аблвыканкама арыенцірам для ўсіх гаспадарак павінны стаць 4 тысячы кілаграмаў ад каровы.»
    🙂 Было б цікава даведацца, якім цудам дыхаючая праз раз гаспадарка дасягне гэтых фантастычных лічбаў?

  2. Это не фантастические , а абсолютно реальные надои, которые у того же «Райагросервиса» были несколько лет тому, пусть не по всему хозяйству, но по многим фермам. Супертехнологий при этом тоже не надо — просто нормально кормить тех же чёрно-белых. Ну а 2500 и планировать не надо, незачем.

  3. Извините, не аргумент. Для развития нужны средства/ресурсы/инвестиции, а откуда они возьмутся так никто и не объяснил. Чтобы нормально кормить, корма нужно иметь, но как видно из статьи у «Райагросервиса» кормовая база отсутствует.

  4. Кормов заготовили недостаточно, потому и завозят теперь, но и не в этом дело (корма возят многие хозяйства других районов, у кого из-за той же засухи были плохие укосы), а в систематических нарушениях технологии — причём элементарных — того же кормления.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *