Услуги бани в Ушачах стали дороже. Выясняем ситуацию

Выясняем ситуацию

Адна з самых выдатных прыдумак чалавецтва, бясспрэчна – лазня. Турэцкая, фінская і, канечне, руская. Ёй аддаюць перавагу перад многім іншым задавальненнем і адводзяць амаль цэлы дзень, каб… Дарэчы, у кожнага свае любімыя працэдуры, аднак аб’ядноўвае адно – вельмі многа людзей ідуць у парылку, а не ў душ ці ванну, нават калі ўсё гэта і ёсць дома.

З лютага гэтага года камунальнай гаспадарцы з бюджэту перасталі пакрываць выдаткі на грамадскую лазню. Аб чым, дарэчы, работнікі ўшацкай лазні паведамлялі практычна кожнаму з наведвальнікаў. А паколькі гэтая навіна выклікала і двайное падаражанне, то, зразумела, выслухвалі паралельна і шмат нараканняў. Сапраўды, сям’і з чатырох чалавек схадзіць у лазню – аддаць 280 тысяч, а калі дадаць кошт веніка, піва ці ліманаду – то і ў чатыры сотні не ўкладзешся. Дарагое задавальненне. Аднак, не толькі для наведвальнікаў. Камунальнікам за мінулы год лазня прынесла мільярд рублёў страт. Сабекошт аднаго памывачнага месца склаў 198 тысяч рублёў. І прымаемыя зараз меры – гэта спроба знайсці варыянт, каб паслуга заставалася прывабнай для наведвальнікаў і акупляльнай для УП ЖКГ.

У студзені, калі кошт наведвання лазні быў яшчэ невысокі – 35 тысяч рублёў, вялікай актыўнасці ў лазні таксама не назіралася – 96 чалавек за суботу – гэта максімум, які ўстаноўлены пры рабоце двух аддзяленняў. Адно ж разлічана на адначасовы прыём 26 чалавек.

Раніцай у жаночы дзень 25 шафак чакалі патэнцыяльных наведвальніц, і толькі ў адной віселі рэчы. Я застала пажылую жанчыну. “Заўсёды прыходжу раніцай, мне так зручней, і людзей ніколі няма. Мылася адна, у парылку не хаджу, душ мне таксама не падыходзіць, паколькі там стаяць трэба, а я не магу. Гарачай вады ж у нашым доме па Савецкай няма. Так што грамадская лазня для мяне – неабходнасць і колькі б яна ні каштавала, хадзіць, канечне, буду хоць раз на два тыдні. Пазамінулы раз 35 тысяч заплаціла за лазню і 30 – за таксі, каб разагрэтай па холадзе не хадзіць, хоць ад лазні да дома і паўкіламетра няма”

У дванаццатай гадзіне раніцы ў душ і лазню прыйшло толькі 8 чалавек, гэта пры тым, што хоць дзень быў жаночы, у душ прапускалі і мужчын. Душ можна наведаць у любую суботу незалежна ад таго, чыя зараз чарга. На такія меры – дзяленне субот на мужчынскую і жаночую камунальнікі пайшлі, каб зменшыць страты. У гэтых жа мэтах вядзецца аналіз затрат, шукаюцца крыніцы, якія ўключаліся ў затраты, а па сутнасці такімі не з’яўляліся. Напрыклад, паслугі сувязі ці аховы. З аднаго боку без іх не абысціся, а па­другое, на памыўку і яе кошт яны не ўплываюць. На жаль, страты па ўтрыманні такой вялікай пабудовы вельмі вялікія і пры такой наведвальнасці лазня прыбытковай быць не можа. Толькі зямельны падатак (хоць да прадпрыемстваў камунальнай галіны і не прымаецца павышаючы каэфіцыент) складае 20 мільёнаў рублёў.  Гэта ні вада, ні паліва, ні электраэнергія, аднак тым не менш – затраты лазні. Ёсць, канечне, і такія, якія можна скараціць. Прадумваюць і такі варыянт, як будаўніцтва побач невялікай драўлянай лазні. На жаль, пайшлі тут і на змяншэнне абслугоўваючага персаналу.

Што датычыцца паслугі, то на сённяшні дзень можна памыцца  ў лазні (70 тысяч рублёў) і душы (50 тысяч) гарпасёлка, таксама ў лазні аграгарадка Арэхаўна. Інфрачырвоная сауна з душам у трэнажорнай зале  каштуе 30 тысяч. Лазня (на 2 гадзіны) у санаторыі “Лясныя азёры”, разлічаная на 6 чалавек – 400.

У хуткім часе мы вернемся да тэмы лазні, яе кошту і варыянту бясстратнай і запатрабаванай паслугі. Лазня – гэта ж не толькі задавальненне, але і патрэба.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *