Десятиклассник Ушачской школы Паша Гардиёнок занял 3 место на республиканской олимпиаде по немецкому языку и примет участие в специальном международном проекте

Наши дети

Калі раней мы расказвалі пра сёлетніх пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, з аповедам пра галоўнага трыумфатара – уладальніка дыплома І ступені па нямецкай мове дзесяцікласніка Ушацкай школы Паўла Гардзіёнка – вырашылі крыху пачакаць. Зрабілі гэта наўмысна, бо спадзяваліся, што таленавіты ўшацкі юнак хутка дасць яшчэ адну нагоду ўзгадаць пра сябе – дасягне поспеху і на фінальным этапе алімпіяды. І не памыліліся: Павел увайшоў у лік лепшых знатакоў нямецкай мовы ў краіне!

“Дома і сцены дапамагаюць!” – каменціраваў свой поспех юнак, маючы на ўвазе тое, што сёлета фінальны этап алімпіяды па замежных мовах праходзіў у Віцебску. Але ж галоўным у дасягненні вяршыні, канечне, з’яўляюцца грунтоўныя веды, атрымліваць якія на працягу некалькіх гадоў дапамагала яму настаўніца Людміла Іванаўна Данькова. Не абысціся таксама без аратарскіх і артыстычных здольнасцей, якія неабходны ў самым, бадай, складаным з трох іспытаў – вусным этапе, калі трэба выкласці членам камісіі пэўную тэму і адказаць на іх пытанні. Пры гэтым улічваецца не толькі лексічны запас і пабудова сказаў, але і такія акалічнасці, як выкарыстанне фразеалагічных абаротаў. “Іншую тэму няпроста раскрыць нават па­руску: так, на абласным этапе давялося добра сканцэнтравацца, каб расказаць пра ўплыў развіцця грамадства на стан навакольнага асяроддзя”, – прыгадвае Павел.

Тым не менш, з усімі заданнямі кожнага этапу ён справіўся бліскуча і на ўрачыстым падвядзенні агульных вынікаў алімпіяды аж тройчы ўзнімаўся на сцэну. Першы раз – каб атрымаць дыплом пераможцы ІІІ ступені, другі – за спецыяльным прызам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь: нагадваць пра сёлетняе ўдалае выступленне хлопцу і яго сям’і будзе мікрахвалевая печ. А самую вялікую радасць прынёс юнаку і яшчэ адзін асаблівы прыз за выдатныя веды. На алімпіядах па замежнай мове звычайна прысутнічаюць прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу: сёлета на лепшых эрудытаў прыехалі паглядзець паслы Германіі, Францыі і Кітая ў Беларусі. Усе яны вылучылі па некалькі вучняў, якія прымуць удзел у спецыяльных міжнародных праектах – правядуць месяц у іх дзяржавах, каб пазнаёміцца з краінамі­носьбітамі вывучаемай мовы і сістэмай іх адукацыі, атрымаць размоўную практыку. Пасол Германіі, у прыватнасці, пагутарыў асабіста з кожным пераможцам і вызначыў пецярых самых моцных, на яго погляд, знатакоў нямецкай мовы: першым у гэтым спісе стаў наш Павел! Хутка ён накіруецца ў Германію: два тыдні будзе наведваць звычайную нямецкую школу, яшчэ два правядзе ў падарожжах па гэтай краіне.

“Вядома ж, нічога гэтага не было б, каб не вялікая праца, якую ўклалі ў мяне мая настаўніца і, канечне, бацькі”, – разважае Павел. І сапраўды Сяргей Леанідавіч і Таццяна Іванаўна Гардзіёнкі з самага маленства зацікавілі сына вывучэннем нямецкай мовы, якую выдатна ведаюць і самі. Ну а іх падтрымка дапамагла справіцца з хваляваннем як у час іспытаў, так і ў моманты трыумфу, адзін з якіх адбыўся ў чацвер у актавай зале Ушацкай школы. Павіншаваць Паўла і яго бацькоў прыйшлі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, педагогі і вучні. Начальнік аддзела Іна Фёдараўна Сыроўчанка адзначыла, што Павел з’яўляецца гонарам нашага раёна, падарыла кветкі яго маме Таццяне Іванаўне. Цёплымі словамі ад імя адміністрацыі прывітала юнака завуч школы Алена Васільеўна Ціханава і ўручыла яму каштоўны падарунак. А старшыня Маладзёжнай палаты Ганна Герцык параіла ўсім вучням быць такімі ж упартымі, працавітымі і мэтанакіраванымі, бо добрыя веды і адукацыя – важны крытэрый паспяховасці ў жыцці.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: Таццяна,Павел і Сяргей Гардзіёнкі, І.Ф.Сыроўчанка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *