15 мая — Международный день семьи. На уважении, взаимопонимании и доверии строятся отношения в семье Шайтор из Матырино

Общество

У гэтай сям’і адносіны заўсёды будаваліся на павазе, узаемаразуменні і даверы. Галіна Сцяпанаўна і Ягор Іванавіч Шайтары з Матырына ідуць разам па жыцці ўжо больш за 30 гадоў. Быць добрымі і сумленнымі людзьмі яны змалку вучылі і чатырох сваіх дзяцей.

Пазнаёміліся маладыя людзі, калі ў 80-х пасля заканчэння Лужаснянскага тэхнікума ўраджэнка вёскі Жары Галіна прыйшла працаваць заатэхнікам у калгас, што тады існаваў у Матырыне, Ягор працаваў тут жа вадзіцелем. Хутка стварылася новая маладая сям’я, якой кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла адзін з пабудаваных на цэнтральнай вуліцы дамоў. І калі сучасныя маладыя людзі найперш думаюць пра кар’еру, то раней прыярытэтным было нараджэнне дзяцей і прадаўжэнне роду. Хутка ў сям’і Шайтараў нарадзіўся першынец – сын Дзмітрый, а праз год – і другі сынок Аляксей.

– Я вырасла ў сям’і, дзе было трое дзяцей. Была самай малодшай, а два старэйшыя браты заўсёды мяне апякалі, дапамагалі ва ўсім і вельмі любілі. Нават калі ўжо стала дарослай, яны не пераставалі ўдзяляць мне шмат увагі. Таму і задумаліся мы пра трэцяе дзіця, дачку-памочніцу, а лёс падарыў іх нам адразу дзвюх – блізнят Віку і Вераніку, – расказвае Галіна Сцяпанаўна.

Клопатаў, безумоўна, прыбавілася, і лёгка не было, бо прыходзілася не толькі спраўляцца з выхаваннем дзяцей, а і паспяваць выконваць мноства работ па хатняй гаспадарцы. Сям’я ў розныя часы трымала па дзве-тры каровы, свіней, птушку, адпаведна і немалы прысядзібны ўчастак. Прывучалі да працы дзяцей, а таму, калі яны падраслі, Галіне Сцяпанаўне і Ягору Іванавічу стала лягчэй – сыны і дочкі дапамагалі ва ўсім і не баяліся ніякай работы!

Цяпер ужо ўсе чацвёра дзяцей жывуць самастойна, а клопатаў у бацькоў менш не стала. Нельга не здзівіцца, як яны ўсё паспяваюць. З самай раніцы Галіна Сцяпанаўна спяшаецца на матырынскую ферму – на яе ўскладзены абавязкі загадчыка жывёлагадоўчага аб’екта, трэба паспець на дойку ў абед і вечарам, а паміж гэтым застаецца толькі некалькі вольных гадзін днём. За гэты час неабходна ўправіцца з дамашнімі справамі, работамі на агародзе і падсобнай гаспадаркай – ад яе сям’я Шайтараў не адмовілася: па-ранейшаму трымаюць рагулю, бычка, свіней і шмат птушкі, Ягор Іванавіч працуе вадзіцелем “хуткай дапамогі” і ў свае выхадныя, канечне ж, імкнецца не адпачываць, а зрабіць як мага больш спраў дома.

– Без нашых дзетак мы б ужо не справіліся, гэта яны пастаянна прыязджаюць і ва ўсім нам дапамагаюць. Нават не трэба раздаваць каманды – яны самі ведаюць, дзе і якую работу трэба зрабіць, – гаворыць Галіна Сцяпанаўна.

Аб тым, што сям’я Шайтараў у Матырыне працавітая і старанная, падказваюць і шыльды на іх хаце “Дом узорнага парадку” і “Лепшы сельскі падворак”. Займацца добраўпарадкаваннем сваёй сядзібы гаспадыня лічыць сваім хобі, таму тут пастаянна з’яўляецца нешта новае. Прычым, не толькі ўлетку. Напрыклад, да навагодніх святаў у двары з’явілася вялікая арыгінальная елка, зробленая з пластыкавых бутэлек, а на дрэвах загарэліся гірлянды. Адзін з апошніх вырабаў – невялікі драўляны конік, які вязе на колах мяшкі ў бок агарода. Увасабляць ідэі па добраўпарадкаванні ў жыццё Галіне Сцяпанаўне дапамагаюць муж і дзеці, а таксама ўнучкі, якія любяць прыязджаць у маляўнічае Матырына.

– Гэта вельмі дружная і працавітая сям’я. З самага дзяцінства бацькі вучылі дзяцей быць чалавечнымі, сумленнымі, дапамагаць адзін аднаму, паважаць старэйшых. Прыемна бачыць, як на выхадныя яны дружна збіраюцца разам, няма тут непаразуменняў, сварак. Хочацца, каб усе сем’і былі вось такімі моцнымі і станоўчымі, – гаворыць старшыня Ушацкага сельсавета Васіль Іванавіч Шнітко.

У дружных сямей заўсёды ўсё ладзіцца, і калі яны – як адно цэлае, то і ніякія нягоды і цяжкасці іх не пужаюць.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: Галіна Шайтар з дочкамі Веранікай і Вікторыяй.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *