Подключить охранную сигнализацию можно в любой точке Ушачского района

Калейдоскоп

60 працэнтаў крадзяжоў з пранікненнем у жыллё адбываецца з-за узлому дзвярэй, праз вокны, шляхам збівання замкоў ці падбору ключоў. Пытанне, як абараніць сваё жыллё, становіцца актуальным у сезон адпачынку, калі грамадзяне на працяглы час пакідаюць кватэры. Хвалююцца за свае ўладанні і дачнікі, якія не заўсёды знаходзяцца на месцы. Ці можна ўстанавіць ахоўную сігналізацыю на раёне і што для гэтага трэба зрабіць? Гэтае пытанне нашага чытача, а таксама некаторыя іншыя па тэме мы задалі начальніку аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы У.А.Чумакову.

– Сучаснае ахоўнае абсталяванне дазваляе падключаць на пульт цэнтралізаванага назірання аб’екты і жылыя дамы ў любой кропцы раёна, дзе ёсць мабільная сувязь. На вашым аб’екце ўстанаўліваюцца датчыкі, якія рэагуюць на рух, адкрыванне дзвярэй і вакон. Пры спрацоўцы сігналізацыі да месца аператыўна выязджаюць нашы супрацоўнікі.

– Уладзімір Анатольевіч, у якую суму прыкладна абыдзецца ўстаноўка ахоўнага абсталявання і ад чаго яна залежыць?

– Сума залежыць ад архітэктурных асаблівасцей жылога памяшкання, колькасці жылых пакояў, паверха, наяўнасці казыркоў, пажарных лесвіц, выкарыстоўваемага канала сувязі. Так, на сённяшні дзень мінімальны кошт абсталявання кватэры не першага паверха складае каля 2,5 мільёна рублёў, невялікага прыватнага дома – ад 6 мільёнаў, аднамеснага гаража, як у раёне ПМК-66, — ад 4,5 мільёна рублёў, устаноўка кнопкі ручной трывожнай сігналізацыі абыдзецца у 2,2 мільёна рублёў. Штомесячная ж абаненцкая плата за паслугі незалежна ад памеру аб’екта прыватніка на сённяшні дзень складае 70 тысяч беларускіх рублёў.

– Што трэба рабіць і куды звяртацца ўшачанам, якія б хацелі ўстанавіць ахоўнае абсталяванне?

– Тым, хто жадае, каб яго ўласнасць была пад нашай аховай, неабходна звярнуцца ў наша аддзяленне (г.п.Ушачы, вул.Савецкая, 33, будынак “Беларусбанка”) і напісаць заяву. Потым праводзіцца камісійнае абследаванне памяшкання на прадмет наяўнасці “слабых” месцаў і спосабаў блакіроўкі (пажарныя лесвіцы, вадасцёкавыя трубы, дрэвы пад вокнамі і іншае). Па складзеным акце абследавання дом, кватэра, гараж абсталёўваецца сістэмай ахоўнай сігналізацыі, правяраецца яе работа і падпісваецца ахоўны дагавор. Пакінуць сваю заяўку можна і на сайце Полацкага аддзела Дэпартамента аховы ohrana-polotsk.iam.by.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.

На Ушаччыне на пункт цэнтралізаванага назірання падключана 87 аб’ектаў юрыдычных асоб, 57 кнопак трывожнай сігналізацыі. Пад ахоўнай сігналізацыяй знаходзіцца 158 жылых дамоў грамадзян.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *