От чёрного персика до красного дуба. Крестьянско-фермерское хозяйство «Зарубовщина» выращивает и реализует саженцы, цветы, декоративные растения

Общество

Геаграфія дзейнасці гэтых хлопцаў уражвае. Уладзімір і Дзмітрый Тарасевічы ўжо сёння гандаль сваёй прадукцыяй ажыццяўляюць у радыусе больш 200 кіламетраў ад цэнтра гаспадаркі ў маляўнічай мясцовасці ля былой вёскі Зарубаўшчына Вялікадолецкага сельсавета. А эканамічнымі сувязямі сялянска­фермерская гаспадарка з аднайменнай назвай звязана з краінамі не толькі блізкага, а і далёкага замежжа. Напрыклад, некаторыя віды ружаў і цюльпанаў ім па заказе дастаўляліся самалётам адпаведна з Арменіі і Нідэрландаў. “Зарубаўшчына” развіваецца, пашырае плошчы і паказвае прыклад паспяховай дзейнасці.

“Зняць яблык з дрэва ў экалагічна чыстай зоне – што можа быць лепш?!” – усміхаецца старэйшы з братоў, завіхаючыся на ўскрайку будучага сада. Адразу скажу, што за ўвесь час размовы Дзмітрый Леанідавіч ні на хвіліну не адарваўся ад працы. Клопатаў на апрацоўцы 50 гектараў зямлі хапае, а працуе тут усяго 4 чалавекі – братам­фермерам дапамагае дзядзька і цешча малодшага Наталля Дзмітрыеўна Якубёнак, якую мужчыны называюць “хадзячай энцыклапедыяй”. 20 год жанчына ў гэтай сферы, і занятак стаў для яе ўжо не работай, хобі, а жыццёвай патрэбай. Заснавальнікі гаспадаркі маюць значны вопыт працы ў вытворчасці прадукцыі пітомнікаў – насення, прышчэпаў, саджанцаў пладовых дрэў, а з дапамогай Наталлі Дзмітрыеўны паступова і планамерна працуюць над пашырэннем асартыменту прадукцыі.

Пачыналася ўсё з аднаго гектара, на якім прывілі больш 40 сартоў яблыні, грушы, алычы, вішні, чарэшні. Знайшлі сваё месца ў садзе чорныя і чырвоныя парэчкі, ужо не першы год будуць прадаваць клубніцы.

– Іх у нас 14 сартоў рознага перыяду выспявання, – характарызуе стан спраў у гаспадарцы Н.Д.Якубёнак. – Першы ўраджай смачнай сакавітай ягады спадзяёмся сабраць ужо ў канцы чэрвеня­пачатку ліпеня. Клубніцы сорту “Дачніца” у адрозненні ад навамодных галандскіх і польскіх сартоў асабіста для мяне маюць смак і водар дзяцінства. Іх, праўда, далёка не павязеш, бо спелая ягада мяккая, але вельмі смачная!

Саджанцы пладовых дрэў прада­юць толькі пасля эксперыментальнага вопыту – пасля таго, як яны прыжываюцца ва ўласным садзе, які такім чынам пастаянна расце. Разнастайнасць раслін уражвае. Ёсць тут звычайныя яблыкі белы наліў, ананас, грушы розных сартоў, але хапае і цікавых відаў. Д.Тарасевіч паказаў мне дыплоідную, (у народзе – гібрыдную) сліву “Волат”, што мае памер пладоў адпаведна назве – з неблагі яблык. Заклалі матачнік кізілу, садзяць персікавы, абрыкосавы ўчасткі, тым самым абвяргаючы сцвярджэнне, што ў Беларусі, а тым больш на Віцебшчыне, іх нельга вырошчваць. Спрабуюць вырошчваць чорны абрыкос, а персік сорту “Багатыр” памерам з добрую антонаўку у адной вясковай краме, дзе Дзмітрый папрасіў яго ўзважыць, адразу выклікаў сапраўдны ажыятаж – пацягнуў на 280 грамаў! Для тых, хто хоча збіраць вішню без выкарыстання якіх­небудзь лесвіц, у “Зарубаўшчыне” могуць прапанаваць куставую, якая дасягае вышыні не больш двух метраў і мае крону у форме шара.

– Пачыналі некалькі год таму з пладовых дрэў, а зараз у нас можна купіць для дачы і прысядзібнага ўчастка практычна ўсё ад “А” да “Я”, – кажа Д.Тарасевіч. – Ад пладовага сада да дэкаратыўных раслін. Вось зараз ружы зачаранкавалі, будзем далей працаваць з “дэкарацыяй”.

Так у гаспадарцы коратка называюць вялізную разнастайнасць раслін, якія ўпрыгожаць тэрыторыю любога домаўладання. Асаблівае месца сярод іх займаюць 13 сартоў чайна­гібрыдных руж самага рознага колеру. Што немалаважна – расліны самакаранёвыя. Як патлумачыў Д.Тарасевіч, у асноўным ружы прывіваюцца на шыпшыну, і калі зімой расліна амаль да зямлі гіне ад марозу, з кораня пачынае расці шыпшына. У самакаранёвых жа раслін вясной зноў будзе развівацца ружа. Яшчэ адна перавага гэтых раслін ў тым, што садзіць іх ля дома можна практычна ў любую пару года.

На момант майго візіту туі ў гаспадарцы ўжо амаль разабралі. Маюцца тут таксама блакітныя елкі, 16 сартоў хрызантэмы, півоні, баданы як дэкаратыўныя, так і лекавыя. Ёсць венгерскі бэз, мароза­ і засухаўстойлівая расліна, якую можна выкарыстоўваць у адзіночных пасадках, у групах і у якасці жывой агароджы. Пасадзілі рэдкі чырвоналісцевы дуб і зараз назіраюць як ён будзе развівацца. Аўрэа, гартэнзія, барбарыс пладовы і дэкаратыўны, дзёрн акаймаваны і зялёны, туя паніклая і карлікавая, самшыт, ядлоўцы, туявік паніклы, дэйцыя шурпатая, папараці, спірэя белая, Дугласа і японская, хосты, снежнаягаднік для жывых агароджаў – Наталля Дзмітрыеўна і Дзмітрый Леанідавіч з захапленнем і пяшчотай расказвае пра кожную з раслін, пра іх асаблівасці развядзення і выкарыстання. Разумееш, што толькі той, хто па­сапраўднаму любіць працу на зямлі, можа справіцца з такімі яе аб’ёмамі, якія толькі павялічваюцца: з пашырэннем пладовага сада, ягаднікаў, у бліжэйшых планах вырошчванне цюльпанаў, нарцысаў.

За два месяцы ў іх ні разу не было выхаднога – такая спецыфіка дзейнасці, якая патрабуе не толькі напружанай фізічнай працы. Немалыя сродкі прыходзіцца затрачваць на набыццё насення, хімпраполку і сродкі аховы раслін. Для хімпраполкі Дзмітрый з полікарбанату ўласнымі рукамі сканструяваў арыгінальны апырсквальнік да міні­трактара, дзякуючы чаму пры апрацоўцы міжраддзяў яды не трапляюць на культурныя расліны – працаваць на ім можна ў любое надвор’е, нават пры моцным ветры. Для паліву раслін выкапалі тры саджалкі, з якіх па пажарных рукавах вада падаецца да розных участкаў сада. Браты адшукалі вялікі панскі склеп, паправілі дах, яшчэ ў вайну пашкоджаны нямецкай авіябомбай, і зараз памяшканне цудоўна падыходзіць для часовага захоўвання падрыхтаваных для продажу саджанцаў. З участка ж кожная расліна ідзе з этыкеткай, што дазваляе не пераблытаць сарты.

Саджанцы ў “Зарубаўшчыне” набываюць і прыватнікі, і арганізацыі, ёсць ужо пастаянныя кліенты. “Хто аднойчы купляе ў нас расліны, потым вязуць з сабой знаёмых, яшчэ ніхто не скардзіўся – за якасцю вельмі сочым, не хочацца страціць рэпутацыю!” – кажа Д.Тарасевіч. Па словах мужчыны, пераважная частка прадукцыі гаспадаркі рэалізуецца за межамі нашага раёна. Завітвалі на гектары фермераў нават пакупнікі з Карэліі: першы раз, каб набыць расліны, а другі – каб паціснуць мазолістыя рукі гаспадароў, бо саджанцы, якія хлопцы падабралі для суровага клімату і камяністай зямлі рэгіёна, прыжыліся. “Зараз суседзі да нас ходзяць як на выставу!” – казалі задаволеныя расіяне.

Усе сямейныя святы хлопцы адзначаюць не дома ў Лепелі, а ў Зарубаўшчыне: “Без адрыву ад вытворчасці!” – усміхаецца Д.Тарасевіч. Сюды прыязджаюць сваты, сябры і знаёмыя. Да гэтых мясцін лепельчане ўжо прыкіпелі душой, частку якой укладаюць у працу, а шырыні яе хапае і на дабрачыннасць – нядаўна падарылі пладовыя і дэкаратыўныя расліны для стварэння сада Вялікай Перамогі ў аграгарадку Вяркуды.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *