Ряды Вооружённых Сил страны пополнили 19 молодых ушачан

Общество

На сённяшні дзень хлопцы, што на гэтым здымку, ужо паспелі занава прывыкнуць да цывільнага адзення, а два тыдні таму, калі яны толькі дэмабілізаваліся і прыехалі ў гарпасёлак, у адказах на пытанні часта чулася кароткае армейскае “так точно!”. Паўтары гады вайсковай службы праляцелі хутка. Юнакі не ка­жуць, што прайшлі яны лёгка і бясхмарна, але ў адзін голас сцвярджаюць – тэрміновая армейская служба стала сапраўднай школай жыцця. Жыхары Ушач Дзмітрый Міхейка і Віталь Хвошч,  Юрый Хвасціёнак з Арэхаўна і Аляксандр Скурковіч з Павулля праходзілі яе ў розных падраздзяленнях вайсковай часці №71327 у Заслонаве, а на аўтастанцыі гарпасёлка 19 мая іх сустракаў Сяргей Рыбчынскі, які двума днямі раней дэмабілізаваўся з войскаў спецыяльнага прызначэння ў Мінску.

Розны род войскаў быў у хлопцаў, а планы на далейшае жыццё падобныя. Усе яны яшчэ да службы паспелі атрымаць рабочыя прафесіі вадзіцеля, лесніка, зваршчыка, а зараз спадзяюцца знайсці сваім навыкам годнае прымяненне, працаваць, ствараць сем’і. Што немалаважна – спрабаваць рэалізаваць сябе ў сваім раёне.

Рады ж Узброеных Сіл краіны папоўнілі іншыя маладыя ўшачане. 19 чалавек з вясенняга прызыву адправілася на тэрміновую службу, адзін праходзіць яе ў рэзерве. 12 чалавек сталі салдатамі вайсковых часцей Заслонава, па трое трапілі ў пагранічныя і ўнутраныя войскі, куды быў сур’ёзны адбор. А ўшачанін Віталь Багданаў і вялікадальчанін Раман Хамічонак нясуць службу ў элітных часцях краіны – 103­-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгадзе і ў 5­-ай брыгадзе войскаў спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *