Площадь Ленина в Ушачах постепенно приобретает новый вид

Благоустройство

Плошча імя У.І.Леніна, ці “цэнтральная”, як называе яе большасць ушачан, паступова набывае новае аблічча. З боку сквера яна ўжо апранулася  свежым пакрыццём, і з кожным днём работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм  набліжаюцца да Ленінскай, 19. Спецыяльны разак  меліяратараў практычна не выключаецца – амаль на ўсю даўжыню пасярод плошчы працягнецца “залацістая рака”, а вывесці яе згібы – справа не з лёгкіх, прыходзіцца выразаць і падганяць пад кладку брускі розных памераў. Рабочыя працуюць і ў выхадныя, а свабодным у іх можа аказацца будні дзень, калі класці плітку замінаюць дажджы, як было на мінулым тыдні. Выкананы вялікі аб’ём работы, а ўсяго, па словах галоўнага інжынера прадпрыемства Мікалая Леанідавіча Фядосенкі, неабходна пакласці каля 2800 метраў квадратных тратуарнай пліткі.

Хапае спраў і гаспадарам аб’екта – камунгасаўцам. Менавіта прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі набывае будаўнічыя матэрыялы і выступае заказчыкам рэканструкцыі, шукае выканаўцаў розных відаў работ, а некаторыя выконвае ўласнымі сіламі. Плошча мае ўхіл, з­за чаго вада пасля дажджоў сцякае у бок дзіцяча­юнацкай спартыўнай школы і на вуліцу паміж дамамі № 16 і 19.  Таму брыгада камунальнікаў у панядзелак працавала над устройствам ліўневага калодзежа, які будзе збіраць ваду і скідваць яе ў каналізацыю.

Меліяратары займаліся і ўстаноўкай бардзюрнага каменю, будаўніцтвам фундамента пад елку, якая, як і раней, упрыгожыць плошчу да Новага года. А сама яна стане ўпрыгожаннем гарпасёлка. Спецыялісты сталічнай фірмы “АльмаЭнерга” паставілі арыгінальныя ліхтары асвятлення, а работнікі Шумілінскай ПМК­70 недалёка ад уваходу на школьны двор зманціравалі бетонную канструкцыю раённай Дошкі гонару. Месца, дзе размесцяцца здымкі лепшых працаўнікоў Ушаччыны і назвы працоўных калектываў, будзе атынкована і пафарбавана.

“Правільна, перадавікоў трэба выставіць на шырокі агляд! Дзеці будуць у школу ісці, пацікавяцца, за што чалавека адзначылі”, – разважалі працаваўшыя побач рабочыя прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Трэба сказаць, што для маленькіх ушачан шлях да школы стане намнога больш бяспечней, бо пад’ехаць на аўтамабілі да самага двара ўстановы адукацыі зараз не атрымаецца. Плошча ж стане “вотчынай” пешаходаў, а для аўтааматараў абсталявана стаянка.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *