Развитие туризма в Ушачском районе. Что сделано за минувшую пятилетку и как выглядит экспорт туристических услуг?

Общество

Завершаны мерапрыемствы па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-­2015 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў №373. Што зроблена за адзначаны час на Ушаччыне? Як выглядаў экспарт турыстычных паслуг нашага раёна? І якія моманты неабходна ўлічыць пры складанні праекта рашэння райвыканкама “Аб мерах па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Беларусь гасцінная” на 2016­2020 гады ва Ушацкім раёне”. Гэтыя і некаторыя іншыя пытанні разглядалі на мінулым тыдні ўдзельнікі каардынацыйнага савета: намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Н.М.Марковіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму І.Ф.Сыроўчанка, іншыя спецыялісты турыстычнай галіны раёна і прадстаўнікі арганізацый, якія аказваюць грамадзянам гэтыя паслугі.

А абмеркаваць ім, сапраўды, было што. У апошні час адбыліся станоўчыя змены ў развіцці турыстычнай індустрыі. У рамках Праграмы на Ушаччыне рэканструявана 3 аб’екты прыдарожнага сэрвісу, пабудавана 4 домікі паляўнічага, створана 13 зон адпачынку (пры заданні 10) і 5 аграэкасядзіб. Дарэчы, апошніх у раёне зараз налічваецца ўжо 8, імі аказана паслуг на суму больш 880 мільёнаў рублёў. За адзначаны перыяд адкрыта ў нас і два кемпінгі: на базе “Мікалаеўскага пасада” ў Сержанах і на возеры Вечалле. Дарэчы, такой колькасцю запатрабаваных у турыстаў аб’ектаў зараз можа пахваліцца  толькі два раёны вобласці, адзін з якіх – Ушацкі.

Вось толькі, на жаль, такая станоўчая карціна назіраецца пакуль не ва ўсім. Праблемным пытаннем застаецца невыкананне раёнам аб’ёму экспарту турыстычных паслуг. Летась адолеў вызначаны план лясгас – праўда, у агульнай суме ўклад арганізацыі ў экспарт аказаўся нязначным. Спрабуе ўтрымацца на плыву жыллёва­камунальная гаспадарка, якая мае гасцініцу ў гарпасёлку і домік паляўнічага ў Ціханятах. Не справіліся з заданнем па атрыманні прыбытку ў 1 тысячу долараў ТДА “ВікінгТурыстык” і раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Між іншым, як адзначыў старшыня апошняй В.І.Шэршань, сітуацыя ў бліжэйшы час павінна змяніцца: праз год распачнецца паляванне на высакароднага аленя, летась завезенага ў наш раён з Літвы, таму чакаецца актыўны прыезд на Ушаччыну паляўнічых, у тым ліку з­за мяжы.

Неаптымістычна выглядае сітуацыя ў санаторыі “Лясныя азёры” – галоўнага экспарцёра турыстычных паслуг на Ушаччыне. Зараз у здраўніцы не назіраецца такога ажыятажу на адпачынак, аздараўленчыя працэдуры, які быў яшчэ некалькі гадоў таму. На сённяшні дзень выконваецца толькі 45 працэнтаў паказчыкаў.

Прычынамі названых праблем, на думку спецыялістаў, сталі адсутнасць аператыўнага рэагавання суб’ектаў турызму на змены ўнутранай і знешняй кан’юнктуры рынка, зніжэнне тэмпаў росту эканомікі і курсу рубля ў Расійскай Федэрацыі – пастаўшчыка 70 працэнтаў агульнага аб’ёму экспарту турыстычных паслуг, змяншэнне колькасці транзітных турыстаў, адмова спонсараў ад увядзення шэрагу аб’ектаў па прычыне фінансавых праблем (“Янтарны бераг”, “Вяркудскі прычал”). Акрамя гэтага, Беларусь з’яўляецца візавай краінай для жыхароў большасці краін свету, што не дадае прывабнасці турыстычнаму іміджу краіны.

Пра канкрэтныя крокі па прыцягненні адпачываючых, якія зараз робяцца ў санаторыі “Лясныя азёры”, расказала ўдзельнікам каардынацыйнага савета новы кіраўнік установы М.А.Калядка. Ужо наладжана супрацоўніцтва здраўніцы з такімі буйнымі прадпрыемствамі краіны, як “Нафтан”, “Каапгандль”, “Мілавіца”. Інфармацыя пра “Лясныя азёры” ў выглядзе буклетаў распаўсюджваецца не толькі ва Ушачах, вобласці, але і ў буйных гандлёвых кропках сталіцы. Набірае папулярнасць ан­лайн браніраванне – заказаць пуцёўку ў санаторый можна нават не выходзячы з дому.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Н.М.Марковіч адзначыла, што ў такой няпростай сітуацыі трэба як ніколі беражліва падыходзіць да кожнай магчымасці прыцягнуць на Ушаччыну турыстаў. У прыватнасці, развіваць аб’екты прыдарожнага сэрвісу, добраўпарадкоўваць зоны адпачынку і, канечне, актыўна рэкламаваць турыстычны патэнцыял раёна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *