Штогод 22 верасня ў свеце праводзіцца маштабная акцыя Дзень без аўтамабіля, падчас якой аўтааматарам прапаноўваецца стаць пешаходамі, перасесці з машын на веласіпеды або грамадскі транспарт. Традыцыя праводзіць гэты дзень нарадзілася ў Францыі 19 год таму, а ў 2008-м да яе далучылася Беларусь.
З пастаянным павышэннем узроўню аўтамабілізацыі грамадства павялічваюцца і аб’ёмы выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. У нашай краіне доля транспарту ў сумарных выкідах ад усіх крыніц складае 72 працэнты.
Заўтра ў Беларусі будзе праведзена шмат акцый і мерапрыемстваў. Асабліва шмат іх будзе ў сталіцы нашай краіны, дзе транспартная праблема найбольш актуальная. Так, з аўтамабілістаў, якія прад’явяць кандуктарам грамадскага транспарту вадзіцельскае пасведчанне і тэхпашпарт, не будзе брацца плата за праезд. Пройдуць праверкі якасці аўтамабільнага паліва на адпаведнасць тэхрэгламенту і наяўнасць свінцу і серы. У Фрунзенскім раёне Мінска супрацоўнікі ДАІ ўручаць наборы садавіны некаторым аўтаўладальнікам, перасеўшым на веласіпеды. Кіраўнікам прадпрыемстваў рэкамендавана заахвоціць сваіх работнікаў, якія пакінуць аўтамабілі дома.