Светлана Александровна Коробова умеет заинтересовать своих учеников

К профессиональному празднику

– З дзяцінства мной кіравалі кнігі, прачытанае ўплывала на мае думкі, погляды, выбар. Пад уплывам адной з кніг загарэлася стаць аграномам і паступіла ў Жыліцкі саўгас-тэхнікум. Выпускнікоў установы размяркоўвалі па ўсёй Беларусі, я ж атрымаўшы дыплом з адзнакай, паміж прапанаванымі мне Шклоўскім і Ушацкім, выбрала наш раён. На радзіме стала працаваць у Сарочыне, але ў той жа год (зноў жа пасля прачытанай кнігі) вырашыла змяніць род дзейнасці і стала студэнткай Віцебскага педагагічнага інстытута імя Кірава, са сцен якога выйшла настаўнікам хіміі і біялогіі. Дадаткова прайшла там курсы кройкі і шыцця.Гэта спатрэбілася не толькі для сябе. Калі ў сельскіх школах увялі ўрокі абслугоўваючай працы, стала вучыць дзяўчат яшчэ і гэтаму патрэбнаму прадмету, – расказвае Святлана Аляксандраўна.

Акрамя гэтага яна вядзе гурток “Умелыя ручкі” і ўмее зацікавіць дзяцей. Напрыклад, вельмі падабаецца вучням такі від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як паперапластыка. Іх работы, падрыхтаваныя разам з настаўніцай, не раз займалі прызавыя месцы на раённых выставах. Ідэі для цікавага правядзення ўрокаў працы і гуртка, разнастайных вырабаў яна прыдумвае сама, штосьці знаходзіць у кнігах і інтэрнэце. Ад прыгожых вышыванак, макрамэ, паштовак з паперапластыкі проста разбягаюцца вочы ў кабінеце абслугоўваючай працы.

У гэтай школе яна працуе з 1989 года, пачаўшы настаўніцкую кар’еру ў Гарбаціцкай. Хоць і выкладала на працягу першых гадоў С.А.Корабава толькі хімію, больш цягнула да біялогіі, у якой змагла рэалізаваць сябе. Як гаворыць жанчына, з лёгкай рукі Віталя Іосіфавіча Клімашэўскага, які ў гады працы дырэктарам Вяркудскай школы настаяў на тым, каб яна займалася даследчымі работамі па прадмеце. На працягу пяці гадоў – з 2011 па 2015 – Святлана Аляксандраўна разам з вучнямі ўдзельнічала ў конкурсах навуковых эколага-біялагічных работ і навукова-практычных канферэнцыях. Даследчыя работы кожны год уваходзілі ў тройку лепшых у раёне, пастаянна адзначаліся і на вобласці. Трэба сказаць, што тэмы работ былі вельмі цікавыя і падабаліся вучням. З задавальненнем, напрыклад, праводзілі даследаванні па тэмах “Відавая разнастайнасць рыб возера Вяркудскае”, “Уплыў экалагічных фактараў на разнастайнасць рыб возера Вяркудскае”, “Насенне, якое мы выбіраем” і іншыя.

Сярод выпускнікоў, якія вучыліся ў Святланы Аляксандраўны, ёсць два яе паслядоўнікі – настаўнікі хіміі і біялогіі, а таксама студэнты тэхналагічнага ўніверсітэта і медыцынскіх вучылішчаў і каледжаў.

Нягледзячы на тое, што аднойчы змяніла сельскагаспадарчы  профіль на педагагічную дзейнасць, жанчыну ўсё роўна прыцягвае работа, звязаная з зямлёй. Яна любіць вёску, любіць папрацаваць на зямлі – дома маецца прысядзібны ўчастак і немалая падсобная гаспадарка.

– Святлана Аляксандраўна не толькі добры педагог, а яшчэ і наш выдатны дызайнер. Мноства кветак каля школы і іх размяшчэнне – гэта справа яе рук. Усё тут прадумана, каб яркія фарбы ўпрыгожвалі нашу тэрыторыю з вясны да позняй восені! – расказвае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Галіна Васільеўна Казлова.

Старэйшы сын С.А.Корабавай Антон абраў для сябе тэхналагічную спецыяльнасць, малодшая Марына пакуль вагаецца з выбарам прафесіі.

“Я веру ў лёс, ім мне было наканавана прысвяціць сябе прафесіі настаўніка. Школа для мяне як другая сям’я, вельмі радуюся ўсім поспехам сваіх вучняў і выпускнікоў”, – кажа Святлана Аляксандраўна.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *