Людмила Клименко — многодетная и приёмная мама, хорошая хозяйка и чуткий соцработник

Экономика и малый бизнес

Калі б у рэдакцыі праводзіўся конкурс на самага сціплага героя нашых аповедаў, то перамога ў ім магла б дастацца Л.М.Кліменка з аграгарадка Ільюшына. Якія б аргументы на карысць напісання артыкула пра яе мы ні прыводзілі, жанчына шчыра здзіўлялася: “Я ж самы звычайны чалавек, навошта пра мяне расказваць?” І ўсё ж адступаць мы не збіраліся, паколькі не раз чулі выдатныя водгукі пра Людмілу Міхайлаўну ад яе калег – работнікаў ТЦСАН – і падапечных. І сапраўды, жанчына аказалася чалавекам унікальным: яна не толькі спецыяліст выдатны, але яшчэ і мнагадзетная, прыёмная мама, добрая гаспадыня.

Пра тое, што некалі давядзецца стаць сацыяльным работнікам, ураджэнка вёскі Пліна не думала. Пасля заканчэння Ушацкай школы прайшла курсы прадаўцоў і меркавала працаўладкавацца ў райспажыўтаварыства. Аднак лёс падрыхтаваў Людміле Міхайлаўне іншы шлях. 20 гадоў назад, калі жанчына пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Ільюшына, вакансій у мясцовым магазіне не аказалася. Адзіным варыянтам стаў калгас, куды яна без ваганняў і пайшла. Зрэшты, цяжкасцей Л.М.Кліменка ніколі не баялася. Яе сям’я заўсёды трымала вялікую падсобную гаспадарку, быў агарод, таму да фізічнай працы гэтая знешне вытанчаная жанчына прывычная.

Не адмовілася Людміла Міхайлаўна ад шматлікіх гаспадарчых клопатаў нават пасля нараджэння двух сыноў і дачушкі. А пазней, калі тыя падраслі, не пабаялася ўзяць на сябе клопат яшчэ і аб прыёмных дзецях.

Дзіву даешся, як гэтая жанчына ўсё паспявае. Трэба і з трохгадовым Стасікам пагуляць, і са школьнікам Сярожам урокі зрабіць, не кажучы пра іншых членаў яе вялікай і дружнай сям’і, кожнага з якіх наша гераіня не абдзяляе ўвагай.

Хапае ў яе сіл, душэўнай цеплыні і на сваіх пажылых падапечных – сацыяльным работнікам Людміла Міхайлаўна працуе ўжо тры гады.

– У тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва трапіла выпадкова, – расказвае жанчына. – У свой час знаёмыя папрасілі мяне прыгледзець за іх пажылымі бацькамі, маімі аднавяскоўцамі. Вядома, адмовіць не магла, паколькі добра ведала гэтых паважаных людзей, а зносіны з імі прыносілі задавальненне. Бачыла, як муж і жонка радаваліся нашым сустрэчам, таму старалася часцей прыходзіць да іх, пабалаваць смачнай хатняй стравай. Пазней дзеці гэтай пары і прапанавалі мне звярнуцца ў ТЦСАН, каб стаць сацыяльным работнікам. Тым больш, што паслугі гэтага спецыяліста ў Ільюшыне былі запатрабаванымі.

Зараз на абслугоўванні Л.М.Кліменка знаходзяцца трое жыхароў аграгарадка. У летнюю спёку і моцныя маразы спяшаецца яна да іх, паколькі ведае: яе з нецярпеннем чакаюць. Прыйшоў сацыяльны работнік – значыць, у доме і на падворку будзе парадак. Жанчына і баршчу наварыць, і прадуктаў прынясе, і неабходныя таблеткі купіць.

– Не ўяўляю свайго жыцця без Людачкі, – расказвае пра свайго сацработніка Кацярына Раманаўна Бурак. – Яна добра ведае, што, дзе і як трэба зрабіць у доме, дапамагае літаральна ва ўсім. Саджаем ці капаем з роднымі бульбу (а плошчы ў нас немалыя!) – і яна абавязкова з намі. Ды што і казаць, Люда даўно стала членам нашай сям’і. Часта прыносіць мне малачко ад сваёй кароўкі, частуе і коціка.

Клопатаў у Л.М.Кліменка, вядома, хапае. Тым не менш, стомленай і панурай яна практычна не бывае. Увесь сакрэт – у цеплыні і пяшчоце, якіх жанчына не шкадуе ні для сваіх блізкіх, ні для, здавалася б, зусім чужых людзей. Атрыманыя ж узамен станоўчыя эмоцыі робяць Людмілу Міхайлаўну па­сапраўднаму шчаслівай і такой маладой!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: К.Бурак, Л.Кліменка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *