Эффект для предприятия, польза для района. На филиале «Ушачский» ЗАО «Витебскагропродукт» ведётся масштабная модернизация

Экономика и малый бизнес

Паказчыкам развіцця беларускіх рэгіёнаў павінна стаць ініцыятыва “Адзін раён – адзін праект”. Аб гэтым ужо не раз казаў Прэзідэнт, звяртаючы ўвагу, што ў кожным раёне рэспублікі абавязкова трэба рэалізаваць хоць адзін інвестпраект. Усяго па краіне іх запланавана 129, на Ушаччыне гэта мадэрнізацыя філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, што займаецца вытворчасцю кармавога абагачальніка, які выкарыстоўваецца ў якасці дабавак да камбікармоў розных відаў. Што можна палепшыць на прадпрыемстве, якое і без таго ўжо больш дзесяцігоддзя паспяхова працуе і трымае марку перадавога? Каб знайсці адказ на пытанне, мы пабывалі ў Старым Сяле.

Энергетык І.Салавей.
Вядзецца мантаж абсталявання.

Сапраўды, вытворчы працэс на прадпрыемстве, якое працуе без выхадных, адладжаны як гадзіннік. Практычна штодня тэхналагічныя адходы ад забою птушкі і свіней з філіялаў ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, холдынгу “Славянскі Велес”, а таксама “Фішмэнпаўэр” дастаўляюцца ў цэх для перапрацоўкі, на выхадзе атрымліваецца бялкова-тлушчавы кармавы абагачальнік. Але ў апошнія гады існуючых магутнасцей стала не хапаць: павялічыліся аб’ёмы вытворчасці, а абсталяванне, выпушчанае ў 90-х гадах, састарэла. Летась кіраўніцтва “Віцебскаграпрадукта” толькі загаварыла пра інвестпраект, а зараз на тэрыторыі ўжо бачны глабальныя змены. Ідзе рэканструкцыя існуючых памяшканняў пад цэх для вытворчасці мясакоснай мукі і тлушчу з сучасным абсталяваннем, хаця хутчэй гэта можна назваць новым будаўніцтвам. Спецыяльная лінія ўключае некалькі секцый – ад прыёму сыравіны, а за суткі ў тры змены можна прыняць каля 100 тон, да апрацоўкі і фасоўкі мукі.

Па выніках работы за 2022 год філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” занесены на раённую Дошку гонару. У прамысловай намінацыі калектыву няма роўных.

Вядзецца і рэканструкцыя кацельні. Ні ў якое параўнанне не ідзе старая, на мазуце, з высокапрадукцыйнымі катламі на прыродным газе, які ў рамках рэалізацыі праекта ўжо падведзены да філіяла. Плануецца і пашырэнне яго тэрыторыі за кошт выдзялення дадатковага зямельнага ўчастка. Дарэчы, работы па мадэрнізацыі вядуцца без спынення дзейнасці прадпрыемства.

Аператары М.Свяжынскі і А.Казакоў.

– Аб’ёмы, хуткасць, якасць. Калі ахарактарызаваць коратка – гэта тое, што дасць нам рэалізацыя праекта, – зазначае дырэктар філіяла Андрэй Генадзьевіч Башун. – А ў цэлым эфект будзе каласальны. Аб’ёмы вырастуць на 30-40 працэнтаў, бо ў некалькі разоў хутчэй пойдзе перапрацоўка, а самае галоўнае – павысіцца якасць прадукцыі. Дабаўкі і камбікармы “Віцебскаграпрадукта” прызначаны выключна для ўласнага пагалоўя, а якасныя кармы адразу адчувальна адбіваюцца на прывагах. Бываў на іншых падобных заводах рэспублікі, якія выпускаюць прадукцыю на продаж унутры краіны і на экспарт, і магу сказаць, што ў нас будзе магутная і сучасная вытворчасць.

У Беларусі існуе толькі 6 заводаў – па адным у кожнай вобласці, якія займаюцца перапрацоўкай адходаў жывёльнага паходжання і вытворчасцю кармавога бялкова-тлушчавага абагачальніка.

На мадэрнізацыі зараз заняты як работнікі філіяла, так і падрадных арганізацый з іншых гарадоў, а наладку турэцкага абсталявання прыязджалі рабіць прадстаўнікі гэтай краіны.

Ёсць нагода парадаваць і жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў: усталёўваецца спецыяльны біяфільтр, які дапаможа пазбавіцца ад непрыемнага паху, што ўтвараецца з парамі.

А.Башун і слесар А.Броўка.

Сёння на філіяле працуе каля 70 чалавек, пасля завяршэння мадэрнізацыі іх колькасць крыху зменшыцца, паколькі некаторыя працэсы будуць спрошчаны ці аўтаматызаваны. Напрыклад, аператарам давядзецца асвоіць работу ўжо на камп’ютарах. Зразумела, што палепшацца і ўмовы працы.

Большасць інвестпраектаў, якія рэалізуюцца зараз у краіне, звязаны з перапрацоўкай сельгаспрадукцыі і машынабудаваннем. Без малога пятая частка – з дрэваапрацоўкай, а практычна кожны дзясяты – з фармацэўтыкай.

Што дае рэалізацыя гэтага праекта раёну? Папаўненне бюджэту і дастойную заработную плату. Зрэшты, дрэнных работнікаў тут не трымаюць, у аснове ўсяго – дысцыпліна і сумленныя адносіны да справы.

Вялізныя фінансавыя ўкладанні затрачваюцца на мадэрнізацыю, а завяршыць яе кіраўніцтва “Віцебскаграпрадукта” мяркуе ўжо да восені. Стрымліваюць такія планы хіба толькі шматлікія дакументальныя нюансы.

Нягледзячы на тое, што ўнутраная тэрыторыя зараз нагадвае будаўнічую пляцоўку, ля цэнтральнага ўваходу цвітуць кветкі, а побач звілі гняздо буслы. Пагадзіцеся – добры знак, быццам сама прырода “дала дабро” на вытворчыя змены. Ну а аб прадпрыемстве яшчэ раскажам, калі завершыцца рэканструкцыя і ў гісторыі філіяла пачнецца новая старонка.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *