Ольга Владимировна Хамёнок — настоящий депутат от народа

Экономика и малый бизнес

Вольга Уладзіміраўна да сваёй былой падапечнай забеглася на хвілінку – перадаць лекі, якія бясплатна выдаюць хворым, што стаяць на ўліку. “Мне ж не складана, была ў бальніцы з рэцэптамі іншых сваіх бабуль, а пенсіянеру эканомія”, – тлумачыла сацыяльны работнік, у якой такіх вось дадатковых нагрузак накопіцца не на адну стаўку.

У Забораўне памер ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Ад дэпутацкага корпуса Вольга Уладзіміраўна прыйшла праводзіць яго ў апошні шлях, хоць гэта вёска не ўваходзіць у яе акругу, ды і сацыяльным работнікам не была. Аднак як дэпутат Ушацкага сельскага Савета дэпутатаў В.У.Хамёнак заўсёды ў гушчыні падзей жыцця жыхароў як сваёй Плінскай акругі №10, так і іншых навакольных вёсак. У радасці і бядзе, а асобным наогул замяняе блізкіх людзей.

Як, напрыклад, для сваёй аднавяскоўкі, ветэрана працы Вольгі Лук’янаўны Чобат. Складана самастойна жанчыне весці хатнюю гаспадарку і планаваць расходы. Зараз гэтыя клопаты ўзяла на сябе Вольга Уладзіміраўна, якая з’яўляецца, дарэчы, і старэйшынам Новага Сяла. Пасля атрымання пенсіі, якая ў былога жывёлавода саўгаса “Ушацкі” немалая, жанчыны адразу плануюць пакупкі. У прыватнасці, набываюць прадукты харчавання на запас. І збіраюць на неабходнае. А зараз бабулі патрэбны тэлевізар. Вырашылі пашукаць па знаёмых той, што не заменены на лічбу, каб набыць да яго прыстаўку.

– Вольга Уладзіміраўна – адзін з самых актыўных нашых дэпутатаў, плюс старэйшына, плюс сацыяльны работнік. Гэтыя спалучэнні толькі на карысць людзям, праблемы якіх яна выдатна ведае, – кажа пра свой актыў старшыня Ушацкага сельвыканкама В.І.Шнітко. Яна – неаднойчы хавала адзінокіх пажылых вяскоўцаў, брала на сябе ўсе арганізацыйныя клопаты. Дзве адметныя яе рысы – безадказнасць і бесканфліктнасць. І менавіта яны, на маю думку, і з’яўляюцца вызначальнымі для людзей, якія ўдзельнічаюць у самакіраванні.

“Яна знойдзе агульную мову з любым чалавекам, паколькі ў яе намерах няма ніякай карысці. Яна ніколі не адмовіцца прыйсці на дапамогу як сваім аднавяскоўцам, так і мне пры вырашэнні любога пытання. Не магу не адзначыць, што спачатку спрабуе вырашыць праблему сама, і толькі калі не атрымліваецца, звяртаецца па дапамогу. Так было з ачысткай могілак Новага Сяла – адвод вады, высечку дрэў і кустоў жыхары вёскі рабілі самастойна, і звярнуліся да мяне, толькі калі не змаглі выдаліць векавыя дрэвы”, – адзначае В.І.Шнітко.

Ёсць у вёсцы і непрацуючыя працаздольныя, якім старэйшына прапаноўвала ўжо не адзін варыянт работы. Яна сама не пужалася ніякай і пераканана, што няма такіх сітуацый, якія б не мог асіліць чалавек. Ды яе асабісты прыклад – яскравы ўзор мужнасці, хоць і не падыходзіць гэтае слова да абаяльнай жанчыны.

Дадому, у Новае Сяло яна вярнулася з Міншчыны. Літаральна ўцякала ад няўдалага замужжа, маючы на руках траіх дзяцей. Не атрымалася і з другім спадарожнікам, таму ўжо пяцёра дзяцей яна падымала адна. І сцвярджае, што менавіта дзеці дапамагалі ёй трымацца. Адказнасць за тое, хто дапаможа ім, калі не яна.

Хоць і была сваёй на вёсцы, але давялося наноў заваёўваць аўтарытэт, бо з насцярогай спачатку глядзелі на жанчыну, якая адна вярнулася з дзецьмі. Яна ж перажыўшы шмат непрыемнасцяў, з разуменнем ставілася да праблем іншых, таму і была памочнікам, дарадцам.

З першых дзён уладкавалася на працу. Якую – яе не хвалявала, паколькі не баялася ніякай. Пайшла даяркай тады яшчэ на ферму ў вёсцы Пліна, узяла самую складаную групу раздою. Без выхадных, хоць на руках было трое малых дзяцей. Завяла і вялікую асабістую гаспадарку – козы, трусы, куры, пазней і кароўка. Закрылі малочнатаварную ферму – заставаўся свінарнік у Новым Сяле. Потым была паштальёнам. А зараз, хоць ужо і на пенсіі – сацыяльным работнікам. Дзеці хоць і выраслі, аднак двое яшчэ вучацца, а таму ім усё роўна патрэбна дапамога.

Як часта ёй было цяжка. Вельмі цяжка, і яна задавала спрадвечнае пытанне: “За што”. Аднак дапамогі чакаць не было адкуль, таму “лячылася” сама. Паплача, пагаворыць з сяброўкай, уключыць на добры моц любімую музыку… і зноў за працу.

Дарэчы, нягледзячы на хранічную занятасць, яна не прапускала ніводнага бацькоўскага сходу, цікавілася поспехамі ці высвятляла прычыны няўдач сваіх школьнікаў. І вось ужо малодшая з дачок пасля каледжа атрымлівае вышэйшую адукацыю у Гомельскім гандлёвым універсітэце, а малодшы сын хутка атрымае спецыяльнасць тэхніка­праграміста.

Яна казала, што дзеці ўтрымалі яе. Думаю, што гэта не так – прыкладам таму вялікая колькасць неспрыяльных менавіта мнагадзетных сямей. Яе ўтрымала ўнутраная адказнасць. Перад дзецьмі ў першую чаргу. Перад памяццю бацькоў, у прыватнасці Марыі Казіміраўны Хамёнак, якую ведалі як сумленную працавітую даглядчыцу. Гэта яна так выхавала дачку, дэвізам па жыцці якой з’яўляюцца словы: “Калі змагу – дапамагу”.

– Усё, што я раблю, не дзеля паказухі ці слоў пахвалы. Я раблю ад душы, інакш не магу.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *