Займаліся тым, што цікавіць
Гэтага тыдня школьнікі Ушаччыны чакалі даўно. Тым не менш, развітвацца з роднымі альма-матэр на час восеньскіх канікул не сталі і з галавой акунуліся ў насычанае і цікавае культурнамасавае жыццё школьных лагераў.
Так, нягледзячы на пахмурную восень, ва Ушацкай школе ўвесь тыдзень свяціла “Сонейка”. Лагер з такой прыгожай назвай наведвалі 40 вучняў малодшых класаў. Асаблівасцю сёлетняй змены ў “Сонейку” стала ўвядзенне ў штодзённы рэжым маленькіх наведвальнікаў часу для сну, пра што, зрэшты, неаднаразова прасілі бацькі хлопчыкаў і дзяўчынак.
Не сумавалі падчас канікул і 32 старшакласнікі Ушацкай, Арэхаўскай, Плінскай школ – для іх у райцэнтры была арганізавана работа профільнага лагера для адораных і матываваных на вучобу дзяцей. Галоўная яго мэта – “падцягнуць” вучняў па вучэбных прадметах, падрыхтаваць іх да алімпіяд.
Традыцыйна карыстаецца папулярнасцю ў школьнікаў спартыўна-аздараўленчы лагер на базе Ушацкай ДЮСШ. На гэты раз ён сабраў 45 юных аматараў спорту і здаровага ладу жыцця.
Ні хвіліны не сядзелі без справы вучні Плінскай і Касарской школ – 15 і 13 чалавек адпаведна. Усе яны сталі наведвальнікамі дзённых лагераў, адкрытых на базе родных альма-матэр.
Дзе адпачынак школьнікаў выдаўся асабліва цікавым? Ды ўсюды! Шматлікія паходы і экскурсіі, спартыўныя спаборніцтвы, мерапрыемствы ў рамках дэкады энергазберажэння і творчыя сустрэчы, несумненна, запомняцца юнакам і дзяўчатам надоўга.
Эрудыт-2016
У апошні час, каб адшукаць адказ на нейкае пытанне, многія заглядваюць у інтэрнэт. Прадстаўнікі ж каманд васьмі ўстаноў адукацыі Ушаччыны, удзельнікі раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях “Эрудыт2016” у мінулую суботу такой магчымасці былі пазбаўлены – ім давялося спадзявацца толькі на ўласныя веды, кемлівасць і падтрымку таварышаў.
У выніку ўпартай барацьбы “золата” чэмпіянату дасталася вучням Глыбачанскай школы, на другім месцы прадстаўнікі Ушацкай, на трэцім – Арэхаўскай. Ад аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама пераможцы атрымалі дыпломы і памятныя падарункі.
Фінансава адукаваныя
Напрыканцы кастрычніка пры ўдзеле ААТ “Беларусбанк” ва Ушачах прайшоў першы (раённы) этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай адукацыі сярод вучняў 1011 класаў. 39 прадстаўнікам 7 школ раёна былі прапанаваны пытанні на тэарэтычныя веды, а таксама задачы, што патрабавалі разлікаў.
Лепш за ўсіх справіліся з тэставымі заданнямі адзінаццацікласнікі Ушацкай школы Эльвіра Трафімава, Ганна Кандзякова і Антон Дуброўскі. Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі, а 23 лістапада яны прымуць удзел у другім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды ў Віцебску.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: падчас конкурсу “Эрудыт”