Всегда на связи! Имя начальника Ушачского районного узла электросвязи Александра Шакуты занесено на районную Доску почёта

Ими гордятся

У апошні час цэнтр гарпасёлка пераўтвараецца літаральна на вачах. Вось і нядаўна на рэканструяванай плошчы Ушач з’явілася прыгожая Дошка гонару – пачэснае месца на ёй займаюць партрэты ганаровых грамадзян нашага раёна, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія сваёй штодзённай працай славяць наш край. Сярод іх – начальнік Ушацкага раённага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” А.У.ШАКУТА.

Нават не ведаю, як будзе правільней: ці то Аляксандр Уладзіміравіч некалі выбраў для сябе гэтую прафесію, ці то прафесія выбрала яго. У любым выпадку атрымалася ідэальнае спалучэнне чалавека і яго справы. Пачыналася ж усё для ўраджэнца горада Лепеля яшчэ ў дзяцінстве. Маленькім хлопчыкам разам з татам – галоўным інжынерам вузла электрасувязі – ён часта ездзіў па станцыях, з захапленнем назіраў, як дарослыя “вядзьмараць” над электраабсталяваннем, і марыў таксама асвоіць гэтую няпростую навуку.

Зрэшты, у электрасувязі – у абаненцкім аддзеле – працавала і мама героя нашага сённяшняга аповеду. Напэўна таму пры выбары будучай прафесіі А.У.Шакута іншых варыянтаў і не разглядаў – пасля заканчэння ў 1995 годзе Лепельскай СШ №3 стаў студэнтам Віцебскага філіяла Вышэйшага каледжа сувязі. Прафесійную дзейнасць Аляксандр Уладзіміравіч пачаў у Полацкім РВЭС. Займаў пасаду электрамеханіка сувязі і завочна атрымліваў вышэйшую адукацыю.

– Ва Ушачы прыехаў у 2004­м, калі ў раённым вузле электрасувязі з’явілася вакансія галоўнага інжынера, – успамінае А.У.Шакута. – Асмеліцца на такі крок было няпроста, тым больш што ў нас з жонкай толькі нарадзілася дзіця. І тут сур’ёзную падтрымку аказаў “Белтэлекам”: у райцэнтры ад прадпрыемства нам выдзелілі жыллё – прасторную трохпакаёвую кватэру.

Пэўны час Аляксандр Уладзіміравіч працаваў галоўным інжынерам, а пазней намеснікам начальніка Ушацкага РВЭС. Любая справа ладзілася ў яго руках, а калегі паважалі за прафесіяналізм, шчырыя чалавечыя адносіны. Таму не дзіўна, што менавіта А.У.Шакуту было даверана ў 2013 годзе ўзначаліць калектыў. Нягледзячы на значную занятасць, мужчына не скардзіцца – наадварот, шчыра радуецца ўвядзенню новых і ўдасканаленню існуючых паслуг, магчымасці штодня забяспечваць ушачан надзейнай і якаснай электрасувяззю.

Не так многа людзей, у якіх прафесійныя абавязкі супадаюць з хобі – захапленнем і справай для душы. Аляксандр Уладзіміравіч – якраз з такіх. Ён адным з першых падключаецца да новых паслуг “Белтэлекама” і з цікаўнасцю іх тэсціруе. Даўно на “ты” з рознымі гаджэтамі і яго дзеці, вучні 7 і 3 класаў. Таму падказаць аб “марудным” інтэрнэце ці, скажам, “зніклых” тэлевізійных каналах А.У.Шакуту ёсць каму нават дома.

Прыемна, што ўшацкія сувязісты заўсёды на перадавой. Так, каэфіцыент пранікнення па паслузе ZALA (правадной і эфірнай) у нас удвая вышэйшы за сярэднеабласны паказчык. Менавіта Ушаччына лідзіруе сярод сельскіх раёнаў вобласці па колькасці абанентаў эфірнай ZALA. Дарэчы, у нас да названай паслугі быў падключаны першы на Віцебшчыне кліент. У мінулым годзе за дасягненне высокіх паказчыкаў у працы і развіцці прадпрыемства А.У.Шакута з рук губернатара вобласці атрымаў Ганаровую грамату аблвыканкама. А ўжо сёлета за значны ўклад у навядзенне парадку на зямлі, выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў Ушацкаму РВЭС аб’яўлена Падзяка раённага Савета дэпутатаў.

– І ўсё ж галоўная ўзнагарода для нас – гэта адсутнасць скаргаў абанентаў, наяўнасць заяў на развіццё сучасных сродкаў сувязі, цеснае і плённае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі, – кажа А.У.Шакута. – Таму робім усё, каб ліквідаваць любую няспраўнасць, даступна расказаць кліентам пра новаўвядзенні, навучыць карыстацца мадэмамі…

Няма ніякіх сумненняў: ад прафесіяналізму такога работніка, як Аляксандр Уладзіміравіч, у выйгрышы не толькі арганізацыя, якой ён кіруе, але і ўсе мы – карыстальнікі паслуг электрасувязі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *