Три продавщицы Ушачского райпо присваивали материальные ценности вверенных им магазинов

Закон - один для всех

Хоць гаворка і пойдзе пра невясёлую гісторыю, пачаць яе хочацца ўсё ж з анекдота. Калі коратка, то сутнасць яго ў наступным: маладая дзяўчына, прыйшоўшы аднойчы да хаты, паведамляе бацькам, што ім трэба тэрмінова набываць яшчэ адну карову – “Я ўладкавалася прадаўцом у магазін!” Анекдот, як кажуць, “з барадой”, але жыццёвы, бо з’ява, калі людзі, атрымаўшыя ў сувязі са спецыфікай прафесійнай дзейнасці доступ да матэрыяльных каштоўнасцей, распараджаюцца імі не па законе, а па ўласным жаданні, здараюцца на вялікі жаль, даволі часта.

У мінулым годзе працавалі ў сістэме Ушацкага райспажыўтаварыства тры Таццяны. У адным з самых вялікіх калектываў раёна цёзак пушкінскай Ларынай і святой заступніцы студэнцтва значна больш, але нашых “гераінь” нягледзячы на розны ўзрост і геаграфію працоўнай дзейнасці аб’яднала агульная рыса – менавіта яны прыцягнулі ўвагу праваахоўных органаў з-за выяўленых фактаў раскрадання даверанай ім для рэалізацыі маёмасці. Адна з Таццян за пяць месяцаў працы нарыхтоўшчыкам прысвоіла тавараў на суму амаль 50 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, або 278,5 базавай велічыні. Магчыма, кошт незаконна прысвоеных прадуктаў, спіртнога, цыгарэт вырас бы яшчэ больш, але жанчына даведалася аб хуткай рэвізіі. Спрабуючы выправіць незайздроснае становішча і ўтаіць недастачу, яна папрасіла сябровак прыняць беставарныя накладныя – тыя з радасцю пагадзіліся аказаць такую паслугу. Вось толькі аказалася яна мядзведжай, бо не прайшла незаўважанай і “пацягнула” на яшчэ адзін артыкул Крымінальнага кодэксу: разам з раскраданнем у буйных памерах шляхам прысваення суд прызнаў нарыхтоўшчыцу вінаватай і ў службовым падлогу і прыгаварыў да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, права на працягу пяці год займаць пасады, звязаныя з захоўваннем матэрыяльных каштоўнасцей, адтэрмінаваўшы выкананне пакарання на тры гады. Таксама жанчыне прыйшлося выконваць грамадскія работы.

Другая Таццяна, прадавец адной з сельскіх гандлёвых кропак, да выканання абавязкаў загадчыцы адносілася па-свойму – са студзеня 2015 па люты 2016 гадоў распараджалася маёмасцю райспажыўтаварыства як уласнай, у выніку чаго прысвоіла тавараў на суму звыш 48 мільёнаў рублёў. За гэты час змянілася некалькі прадаўцоў, якія хутка стамляліся пакрываць за начальніцу недастачу. Улічваючы яе памеры, і сама Таццяна, каб зводзіць канцы з канцамі, перыядычна пазычала грошы ў знаёмых і ўносіла іх у касу. Потым вяртала, праўда, за кошт арганізацыі – таварам і працягвала набіраць яго для сябе. Маючы перад чарговай рэвізіяй вялізную “дзірку” ў касе, Таццяна хацела вырашыць праблему літаральна некалькімі росчыркамі пяра – дапісала лічбы ў накладных, нібы тавар паступіў да яе ўжо пасля рэвізіі. Суд, як і ў першым выпадку, такой “кемлівасці” не ацаніў, і выконваючая абавязкі загадчыцы за раскраданне ў буйных памерах і службовы падлог атрымала два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Таксама жанчына накіравана на грамадскія работы і пазбаўлена права на працягу трох гадоў займаць пасады, звязаныя з захоўваннем матэрыяльных каштоўнасцей.

Такога ж права тэрмінам на пяць гадоў пазбаўлена і трэцяя Таццяна, прадавец яшчэ аднаго сельскага магазіна, якая з чэрвеня 2015 па люты 2016 гадоў брала тавары для сябе і радні, забываючы іх аплачваць. Яна, праўда, падчас рэвізіі “хімічыць” не стала, прызнала недастачу ў 40 мільёнаў і прыгаворана судом да штрафу ў памеры 2100 ужо новых рублёў.

Незаконна прысвойваючы маёмасць арганізацыі, жанчыны не спяшаліся латаць іншыя дзіркі ва ўласных бюджэтах – мелі пратэрмінаваныя крэдыты ў камерцыйных банках, хаця падчас следства ўсе як адна тлумачылі, што пайсці на неабдуманыя ўчынкі іх прымусіла цяжкае матэрыяльнае становішча. Між тым, наўрад ці яны не ўсведамлялі, што сваімі дзеяннямі ўрэшце рэшт яго толькі пагоршаць – нарыхтоўшчыца з гарпасёлка дабравольна пакрыла нанесены райспажыўтаварыству ўрон, з яе сельскіх калег ён спагнаны па рашэнні суда.

Д.КЛАЧОК, следчы Следчага камітэта Ушацкага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *