Каким был уходящий год и что ждать ушачанам в новом 2017-м. Интервью с председателем Ушачского райисполкома В.В.Родичем

Общество

Пагутарыць са старшынёй райвыканкама напрыканцы года – няпростая задача. Не таму, што ён недаступны для зносін, бо ў кожнага кіраўніка ёсць прыёмныя дні, калі да яго можа звярнуцца любы жадаючы, ды і за рамкамі афіцыйна адведзенага на гэта часу Віктар Віктаравіч Родзіч не адмовіцца выслухаць зварот або слушную прапанову – такая спецыфіка работы дзяржслужачага. Проста перыяд, які ў большасці людзей насычаны перадсвяточнымі клопатамі, у кіраўніка выканаўчай улады раёна не выбіваецца з астатніх, будзённых, а магчыма ён нават больш напружаны – жыццё цячэ хутка і ў справе развіцця раёна ў сённяшніх складаных умовах важны кожны дзень, з якіх складаюцца тыдні і месяцы нашай гісторыі. Адыходзяць у яе і дванаццаць месяцаў 2016-га, які быў насычаны падзеямі, дасягненнямі і здабыткамі. Пра іх, пра тое, чым быў адметны гэты і што чакаць ушачанам у наступным годзе, нашы пытанні старшыні райвыканкама.
Віктар Віктаравіч, чым 2016 год адрозніваўся ад папярэдніх?
– У першую чаргу – новым узроўнем адказнасці. Гэта стартавы год пяцігодкі, асноўныя напрамкі развіцця ў якой акрэслены пятым Усебеларускім сходам. Прыярытэтам у выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны названы інвестыцыі, экспарт, інфарматызацыя і моладзь. І мы ў сваёй дзейнасці іх прытрымліваліся. Не магу не адзначыць, што нягледзячы на ўсе цяжкасці, у цэлым сацыяльна-эканамічнае становішча раёна можна ахарактарызаваць як стабільнае. Раён выканаў 6 з 11 асноўных паказчыкаў матрыцы задач вертыкалі ўлады: па інвестыцыях у асноўны капітал, экспарце тавараў, колькасці працаўладкаваных грамадзян, удзельнай вазе запасаў гатовай прадукцыі. Няма знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці па арганізацыях камунальнай уласнасці, перавыкананы паказчык па зніжэнні страт на вытворчасць прадукцыі. Не буду загрувашчваць інтэрв’ю лічбамі, толькі адзначу, што дасягненне гэтых паказчыкаў – дастойны вынік дзейнасці, органаў мясцовага самакіравання і ўсіх працуючых на тэрыторыі раёна грамадзян.
Сёлета, як ніколі за апошнія гады, Ушацкі раён трапляў у зводкі навін на цэнтральных тэлеканалах і на старонкі рэспубліканскай прэсы
– Для гэтага былі ўсе прадпасылкі. У Год культуры мы дастойна справіліся з задачай рэканструкцыі нашай святыні – мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, што стала без перабольшвання гістарычнай падзеяй у жыцці не толькі раёна, а ўсёй краіны. Каласальны аб’ём работ выкананы ў самыя сціслыя тэрміны. У ходзе суботнікаў удзел у гэтай справе прынялі прадстаўнікі амаль усіх працоўных калектываў. І ў тым, што менавіта наш “Прарыў” стаў галоўнай абласной пляцоўкай святкавання 71-й гадавіны Вялікай Перамогі, – заслуга тысяч нашых землякоў. Яшчэ адной знакавай падзеяй стала асвячэнне ў гарадскім пасёлку храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры, на будаўніцтве якога таксама працавалі многія жыхары раёна, яшчэ больш – ахвяравалі сродкі. Аб неабходнасці і значнасці гэтага аб’екта сведчыць тое, што ў царкве расце колькасць прыхаджан, сюды, дзе вучаць толькі добраму, ідуць дзеці.
– Якія яшчэ дасягненні прыгадаеце?
– Можна адзначыць рост прадукцыйнасці працы, укладу ў бюджэт малога бізнесу – на тэрыторыі раёна працуюць 260 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а гэта – працоўныя месцы для 1100 чалавек, ці амаль 20 працэнтаў ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы і больш 20 працэнтаў агульных падатковых паступленняў. Два прыватныя прадпрыемствы ТАА “Твестуба-ПРО” (дырэктар – В.В.Трушко) і “Фо­рэстгандаль” (І.В.Полазаў) наогул з’яўляюцца асноўнымі экспарцёрамі раёна.
– А як спрацавалі іншыя, так званыя “старыя” прадпрыемствы?
– Па-рознаму. Дынамічна развіваецца філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебск­аграпрадукт” (М.І.Жарнасек), дзе забяспечаны значныя тэмпы росту. Гэта дазваляе захоўваць працоўныя месцы, плаціць годную зарплату. Вышэй узроўню мінулага года паказчыкі вытворчасці на прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Нягледзячы на зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці, без страт працуе ААТ “Прамкамбінат”, адным з лепшых прадпрыемстваў сваёй галіны застаецца райспажыўтаварыства. У складаных умовах ажыццяўляюць сваю дзейнасць гаспадаркі раёна, і хоць значнымі дасягненнямі з-за прыродных “сюрпрызаў” сёлета пахваліцца не можам, але ў цэлым сітуацыю ў аграпрамысловым комплексе нельга назваць крытычнай. Аднаўляе магутнасці жывёлагадоўчы комплекс “Сарочына”, з прыбыткам спрацавалі ўсе сельгаспрадпрыемствы за выключэннем “Райаграсэрвіса”, які, як і ўсю галіну ў цэлым, чакае сур’ёзная рэарганізацыя. На рэспубліканскім узроўні прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў, і рэалізацыя іх палажэнняў павінна даць штуршок для развіцця аграпрамысловага комплексу.
Летам мае знаёмыя з абласнога цэнтра параўналі наш гарпасёлак з будаўнічай пляцоўкай і здзіўляліся, што ў крызісны час у райцэнтры знаходзяць сродкі і магчымасці для рэалізацыі маштабных праектаў. Пералічыце, калі ласка, асноўныя аб’екты.
– У гэтым плане нам ёсць чым ганарыцца. Упрыгожаннем гарпасёлка стала цэнтральная плошча, на якой сваё гістарычнае і пачэснае месца заняла раённая Дошка гонару. Па добраўпарадкаванні вуліц райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў наогул зроблена шмат. Усё пералічваць няма сэнсу – яно на вачах. А будоўля сапраўды з’яўляецца своеасаблівым індыкатарам паспяховасці развіцця. Гэтымі перадсвяточнымі днямі апошнія “штрыхі” выконваліся на жылым доме, дзе ў 2017 годзе кватэры будуць абжываць 40 сямей. Палова з іх – мнагадзетныя. Пагадзіцеся, добры падарунак да Новага года. З прамысловых і інфраструктурных аб’ектаў варта прыгадаць увод у эксплуатацыю фермы на 180 галоў у ААТ “Ільюшынскі”, рэканструкцыю адміністрацыйнага будынка насенінспекцыі, які зараз упрыгожвае вуліцу Камсамольскую. Прадаўжаліся работы на будаўніцтве фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва” – у наступным годзе мы павінны завяршыць аб’ект. Гэта ўжо стане падарункам для ўсіх ушачан і не толькі – будзем імкнуцца прыцягваць сюды і гасцей з іншых рэгіёнаў, бо вялікія сродкі павінны сябе апраўдваць. А для педагогаў і малышоў падарункам стала адкрыццё да новага навучальнага года пасля капітальнага рамонту дзіцячага сада № 4. Дарэчы, апошнія два аб’екты акрамя свайго сацыяльнага накірунку маюць і яшчэ адну агульную адметнасць – рэалізацыя гэтых праектаў стала магчымай толькі дзякуючы дапамозе Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі.
Можна сказаць, што гэта з’яўляецца пацвярджэннем ра­зумнага і ўзважанага выбару ўшачан?
– Безумоўна. Правядзенне важнейшай грамадска-палітычнай кампаніі, якой сталі выбары ў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь – яшчэ адна асаблівасць сёлетняга года. Не без падстаў лічу, што мы зрабілі адзіны правільны выбар, дзякуючы чаму нашы інтарэсы ў парламенце краіны зноў прадстаўляе Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, чалавек, які з’яўляецца гаспадаром свайго слова, і ў якога яно не разыходзіцца са справай.
Якія дасягненні можна прывесці ў невытворчай сферы?
– Гэта будзе вельмі доўгі пералік. На працягу года органы ўлады аказалі матэрыяльную дапамогу 402 недзеяздольным грамадзянам, каля тысячы скарысталіся адраснай сацыяльнай падтрымкай дзяржавы. Лічу, што на высокім узроўні спрацавала наша жыллёва-камунальная гаспадарка. Сетка ўстаноў аховы здароўя працягвала работу па павышэнні даступнасці і якасці аказання медыцынскіх паслуг: у райбальніцы закончаны рамонт памяшканняў “хуткай дапамогі”, прыёмнага пакоя і лабараторыі. У жыхароў раёна з’явілася магчымасць прайсці ўльтрагукавое даследаванне сэрца, зрабіць эндаскапію страўніка і кішэчніка. Добрых слоў заслугоўвае дзейнасць работнікаў сістэмы адукацыі – дастаткова глянуць спіс дасягненняў нашых таленавітых дзяцей. Можна выдзеліць атрыманне вучаніцай Вялікадолецкай школы Надзеяй Салавей (настаўнік – Н.І.Спірыдовіч) па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове сертыфіката ў 100 балаў і працэнт паступлення выпускнікоў – сёлета ў вышэйшыя навучальныя ўстановы паступіла 30,7 працэнта адзінаццацікласнікаў, 50 працэнтаў сталі навучэнцамі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прафесійна і плённа працуюць установы спорту. Выхаванка дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Сняжана Чарапанава заваявала другое месца на юнацкім першынстве свету па самба, ільюшынскія школьніцы выйгралі абласны этап і прадстаўлялі раён на рэспубліканскім узроўні ў спартакіядзе сярод юнакоў і дзяўчат, пражываючых у сельскай мясцовасці. Дзясяткі яркіх і запамінальных мерапрыемстваў у Год культуры правялі работнікі гэтай галіны.
– А надыходзячы аб’яўлены Годам навукі. Што ў гэтым плане можаце адзначыць?
– Хоць на тэрыторыі раёна няма навуковых устаноў, але ў шырокім сэнсе слова само жыццё – яшчэ тая навука! А вучыцца нам прыйдзецца ўсім, без адрыву ад вытворчасці. Інакш не выканаць намечанае. Калі не ставіць перад сабой максімальных задач, а пагаджацца з сярэднестатыстычнымі паказчыкамі, то кроку наперад ніколі не зробіш. Нельга бязвольна плысці па цячэнні. Сапраўдны кіраўнік толькі той, хто ведае эканамічныя асновы гаспадарання. У 70-я і 80-я гады даволі часта ўжывалі выраз “Эканоміка павінна быць эканомнай”. Сітуацыя з таго часу змянілася, а сэнс застаўся. На жаль, сёння даводзіцца праводзіць “лікбез” сярод кіруючых кадраў і спецыялістаў сярэдняга звяна, даваць элементарныя ўрокі па такіх эканамічных паказчыках як “рэнтабельнасць”, “сабекошт”, “чысты прыбытак”, “энергаёмістасць”. Мала засяроджвацца на валавай прадукцыі, аб чым гаварыў і Прэзідэнт краіны, патрэбна аналізаваць і затраты на яе вытворчасць.
Сярод мноства задач, якія даводзіцца Вам вырашаць, што з’яўляецца галоўным?
– Галоўная мэта і маіх намаганняў, і працы ўсяго апарату райвыканкама – спрыяць паляпшэнню якасці жыцця насельніцтва раёна. А людзям патрэбны стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні, магчымасць задаволіць свае правы і патрэбы, гарантаваныя Канстытуцыяй і іншымі законамі нашай краіны. Я вельмі ўдзячны кіраўнікам прадпрыемстваў, якія насуперак усім праблемам мінулага года праводзілі мадэрнізацыю і вырашалі шэраг праблем, усім сумленным працаўнікам нашага раёна. А такіх, я ўпэўнены, большасць.
Дзякуй за размову, Віктар Віктаравіч! І традыцыйна – пажаданні і віншаванне ад кіраўніка раёна.
– Шаноўныя ўшачане! Не страчвайце надзей, не апускайце рукі ні ў якіх сітуацыях. Атрымлівайце задавальненне ад працы. Няхай будзе стабільнасць у жыцці і здзяйсняюцца добрыя мары! Жадаю ўсім моцнага здароўя, святочнага настрою, міру і дабрабыту вам і вашым сем’ям! Ад усёй душы віншую усіх з надыходзячымі Новым Годам і Калядамі!
Гутарыў Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *