У социального работника Валентины Быковой хватает душевного тепла для всех своих подопечных

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

ТАЛЕНАВІТЫ ЧАЛАВЕК ТАЛЕНАВІТЫ ВА ЎСІМ

У праўдзівасці народнага выслоўя, вынесенага ў загаловак, пасля знаёмства з гераіняй нашага сённяшняга аповеду В.С.Быкавай сумнявацца не прый­дзецца. А ўсё таму, што гэтая жанчына, якой воляй лёсу даводзілася неаднойчы мяняць месца працы, заўсёды спраўлялася з даручанай справай на выдатна, знаходзілася, як кажуць, на перадавой.

З самага дзяцінства ўраджэнка Судзілавіч марыла пра работу ў сферы культуры, а таму пасля заканчэння мясцовай і Вялікадолецкай школы паступіла на танцавальнае аддзяленне Віцебскага вучылішча мастацтваў. Калі ж па размеркаванні прыехала на малую радзіму, пачала працоўную дзейнасць у Кубліцкім сельскім Доме культуры. Праз год Валянціна Сяргееўна выйшла замуж і пераехала ў вёску Новае Жыццё, маладому спецыялісту даверылі адказную пасаду дырэктара СДК. На гэтым месцы гераіня нашага аповеду адчувала сябе цалкам камфортна, аддавала ўсю сябе “культурным” справам установы, затрымліваючыся дапазна на рабочым месцы. Вось толькі мужу В.С.Быкавай, якому даводзілася ў гэты час прыглядаць за маленькай дачкой, гэта не было даспадобы. Таму, калі ў мясцовай ашчадкасе з’явілася вакансія кантралёра-касіра, Валянціна Сяргееўна змяніла від дзейнасці. І, трэба сказаць, не прагадала: 17 гадоў на гэтым працоўным месцы прайшлі, як кажуць, без сучка, без задзірынкі. Калі ж ашчадкасу ў населеным пункце закрылі, а В.С.Быкава была вымушана шукаць іншыя варыянты працаўладкавання, лёс прывёў яе ў мясцовую школу, дзе жанчына заняла пасаду загадчыка гаспадаркі. Вось толькі і тут стабільнасці не было – праз 8 гадоў установу адукацыі таксама закрылі, а гераіня нашага аповеду зноў аказалася ў ліку беспрацоўных. Так, 10 гадоў таму Валянціна Сяргееўна трапіла ў ТЦСАН, дзе на той час мелася вакансія сацыяльнага работніка.

– Шчыра кажучы, думала, што гэта часовая работа, – прызнаецца жанчына. – Аднак прайшоў месяц, другі, трэці… І ўрэшце рэшт я зразумела, што проста не маю права кінуць сваіх падапечных, да якіх прывыкла. І нават зараз, знаходзячыся ўжо на заслужаным адпачынку, не магу развітацца з гэтымі блізкімі мне людзьмі.

На абслугоўванні сацыяльнага работніка знаходзіцца 5 пажылых грамадзян, жыхароў вёсак Казімірова і Малыя Дольцы. Сярод іх – дырэктар школы, у якой некалі працавала В.С.Быкава, Тамара Ягораўна Мажынская, а таксама ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Трафімавіч Клопаў. Апошняга Валянціна Сяргееўна наведвае літаральна кожны дзень – і не толькі для таго, каб прыгатаваць ежу, прынесці з магазіна прадукты ці прыбраць у доме: для яе Сяргей Трафімавіч, як і іншыя падапечныя, стаў сапраўдным сябрам, блізкім чалавекам. Зрэшты, менавіта ён некалькі гадоў таму паклапаціўся аб тым, каб жанчыне выдалі ў ТЦСАН веласіпед – для зручнасці наведвання сваіх падапечных, якіх на той момант налічвалася ажно 9.

З самай раніцы спяшаецца Валянціна Сяргееўна да сваіх любімых бабуль і дзядуляў. Прычым, не толькі ў рамках працоўных графіка і абавязкаў! Нехта не тую кнопку на пульце тэлевізара націснуў, у іншага мабільны тэлефон не ўключаецца…

Хапае ў В.С.Быкавай любові, душэўнай цеплыні і на сваіх блізкіх. Разам з Валянцінай Сяргееўнай доўгі час жыве яе 85-гадовая мама. Часта прыязджаюць у госці дзеці і ўнукі.

Здаецца, ні хвіліны не сядзіць Валянціна Сяргееўна без справы: трымае падсобную гаспадарку – казу, свіней, курэй, апрацоўвае немалы агарод. А летам у вольны ад работы час практычна не выходзіць з лесу – збірае ягады. І ўсё ж самай пачэснай і ганаровай для сябе справай жанчына лічыць менавіта дапамогу пажылым людзям. І нават за праглядам любімых “культурных” тэлеперадач, увечары плануе свой заўтрашні дзень, калі пойдзе з пачэснай місіяй да паважаных землякоў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *