На прошлой неделе выездные приёмы граждан прошли в Казимирово и Малых Дольцах

Зваротная сувязь

Выязныя прыёмы грамадзян, якія праводзіла на гэтым тыдні намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак у вёсках Казімірова і Малыя Дольцы Вялікадолецкага сельсавета, вырашана было арганізаваць у самых “ажыўленых” месцах населеных пунктаў – магазінах райспажыўтаварыства. І гэта сябе апраўдала: нагодай задаць прадстаўніку раённага кіраўніцтва надзённыя пытанні скарысталася нямала вяскоўцаў.

Як спецыяліста, які курыруе дзейнасць гандлёвай сферы раёна, Валянціне Леанідаўне было цікава пачуць водгукі пра работу магазінаў – і трэба сказаць, што па гэтым пытанні ў жыхароў абедзвюх вёсак ніякіх нараканняў не было. “У асартыменце нашай крамы ёсць усё неабходнае, калі ж патрэбна нешта асаблівае – тавар дастаўляюць пад заказ”, – адзначыла жыхарка Казімірова Надзея Іванаўна Седзіна, і нібыта ў пацвярджэнне яе слоў у магазіне чакала заказчыка нядаўна прывезеная газавая пліта. Станоўча вяскоўцы характарызавалі і работу прадаўцоў абедзвюх гандлёвых кропак – Вольгі Міхайлаўны Дайлідзёнак, Галіны Міхайлаўны Гісь, якая замяняла яе падчас водпуску, Раісы Анатольеўны Вусько.

У многіх аддаленых населеных пунктах зіма абвастрае дарожныя пытанні. Вось і жыхарам Казімірова хацелася б, каб часцей чысціліся тры тутэйшыя вуліцы. Такое пажаданне, прынамсі, выказала Іна Іванаўна Гаманёк. На гэты конт старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама А.Л.Сыс патлумачыў, што ў снежні дарогі па вёсцы былі пачышчаны і зараз, на яго думку, знаходзяцца ў прымальным стане. Увогуле просьбы і заўвагі жыхароў Казімірова ніколі не застаюцца па-за ўвагай мясцовай улады: вось і нядаўна паступіла заяўка ад старэйшыны населенага пункта Валянціны Іванаўны Шышовай наконт рамонту ліхтара, якая была аператыўна выканана. Зрэшты, актыўнай жыццёвай пазіцыяй і імкненнем адстойваць інтарэсы аднавяскоўцаў вылучаецца і старэйшына Малых Долец Валянціна Іванаўна Перапечка.

– Вельмі актуальная праблема для нашай вёскі – распаўсюджванне баршчэўніку, які “вядзе наступленне” ад старой фермы і былога калгаснага сада, – адзначыла яна. – Лічу, што знішчэнне расліны абавязкова трэба весці комплексна: як хімічным спосабам, так і пераворваннем, дыскаваннем глебы. Асабіста я на сваім участку ўжо не адзін год метадычна змагаюся з баршчэўнікам: ставіла нават сабе план – штодня выкопваць не менш 70 раслін. Здавалася, вывела пустазелле, аднак ужо на наступны год яно з’явілася зноў, бо з ветрам і дажджамі насенне пераносіцца з забруджаных участкаў. Жыхары нашай вёскі згодныя арганізавацца і сабраць пэўныя сродкі для гэтай работы, але ж без дапамогі нам не справіцца.

В.Л.Хамёнак і А.Л.Сыс паабяцалі давесці гэтую праблему вяскоўцаў да зацікаўленых службаў і трымаць пытанне на кантролі.

“У кустах жывём – а дроў нарыхтаваць не дазваляюць!” – прыкладна так гучала яшчэ адно, калі можна так сказаць, традыцыйнае для жыхароў гэтых мясцін пытанне, якое задаў Уладзімір Браніслававіч Гаманёк. Тут трэба ўдакладніць, што большасць тэрыторыі наваколля абедзвюх вёсак размешчана ў водаахоўнай зоне, дзе знішчэнне расліннасці забаронена заканадаўствам.

Агучвалі вяскоўцы і пажаданні: напрыклад, каб у Малыя Дольцы прыязджаў зубны ўрач. Аднак ім патлумачылі, што гэта немагчыма, бо на мясцовым ФАПе няма адпаведнага абсталявання. Атрымаць такую дапамогу можна ў бальніцы ў Вялікіх Дольцах, да гэтага населенага пункта штодня ходзіць аўтобус, а па пятніцах – яшчэ і маршрутка. У цэлым жа медыцынскім абслугоўваннем вяскоўцы задаволены. У прыватнасці, прыемна было пачуць выключна станоўчыя водгукі пра работу маладога спецыяліста Аляксандры Гоман, якая са жніўня мінулага года працуе загадчыкам маладолецкага ФАПа. “Не можам нарадавацца на гэтую дзяўчыну! Яна ставіць дыягназы і аказвае дапамогу не горш за вопытнага ўрача, а з якой цеплынёй і павагай адносіцца да кожнага з нас!” – літаральна ў адзін голас казалі ўсе прыйшоўшыя на прыём вяскоўцы.

Былі абмеркаваны і іншыя хвалюючыя насельніцтва пытанні, па якіх прадстаўнікі ўлады далі канкрэтныя тлумачэнні і парады.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *