19 января — День спасателя

Cлужба-101 К профессиональному празднику

Сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Гэта добрая нагода падвесці вынікі іх нялёгкай працы за мінулы год, абмеркаваць праблемы. Таму наш сённяшні суразмоўца – начальнік Ушацкага РАНС Сяргей Яўгенавіч АВАДНЁЎ.

– Прафесійнае свята сустракаем з аптымізмам, упэўненасцю ў неабходнасці сваёй прафесіі. Прычына гэтаму – вынікі дзейнасці мінулага года. У раёне адбылося 18 пажараў, на якіх загінула два чалавекі, у той час як у 2015 годзе было зарэгістравана 20 пажараў і загінула 3 чалавекі. Асабісты састаў дзяжурных каравулаў 869 разоў выязджаў па выкліках аб надзвычайных здарэннях, з якіх 49 на тушэнне смецця і пакінутай на пліце ежы, 26 разоў дапамагалі спраўляцца з вогненнай стыхіяй суседнім аддзелам. За год у раёне на пажарах было выратавана 2 чалавекі, 20 пабудоў, матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 72000 рублёў.

– Што канкрэтна робіцца выратавальнікамі раёна па змяншэнні колькасці пажараў і  гібелі людзей на іх?

– Летась супрацоўнікамі аддзела праведзена планавае абследаванне 27 суб’ектаў гаспадарання, 26 кантрольных і пазапланаваных  праверак. Пад асаблівы кантроль узята праверка жылога сектара  ў населеных пунктах – так, летась абследавана 10793 домаўладанні. У рамках прафілактычных акцый праведзена 372 мерапрыемствы, правілам пажарнай бяспекі праінструктавана больш 10 тысяч чалавек. Пастаяннае інфармаванне насельніцтва ажыццяўлялася і праз раённыя газету і радыё, інтэрнэт-рэсурсы.

У выніку праведзенай работы па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый не дапушчана збояў на аб’ектах жыццезабеспячэння і транспарту, пагаршэння ўмоў жыцця насельніцтва ў перыяд моцных маразоў, снегападаў, вясенняй паводкі. Усё гэта дасягнута дзякуючы ўзаемаразуменню з боку мясцовых органаў улады, рабоце асабістага саставу аддзела, пазаштатных памочнікаў, кіраўнікоў арганізацый, усіх тых людзей, якія ў быце і на вытворчасці выконваюць правілы пажарнай бяспекі.

– Вядома, што на выратавальнікаў ускладзены задачы па аказанні дапамогі насельніцтву і ў некаторых бытавых сітуацыях.

– Так, мы аказваем і шэраг платных паслуг насельніцтву, сярод якіх, напрыклад, адкрыццё дзвярэй, спілаванне аварыйнага дрэва, ліквідацыя гнёздаў небяспечных насякомых і многае іншае. У мінулым годзе нам быў даведзены план платных паслуг у суме 15000 рублёў, які мы перавыканалі, зарабіўшы 16500 рублёў. Самымі запатрабаванымі паслугамі аказаліся праверка газавентканалаў, уборка аварыйных дрэў і старых дамоў.

– Вядома, аўтарытэт службы выратавальнікаў мацуюць самі людзі, гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу…

– Гэта сапраўды так. Нашы работнікі – залаты фонд аддзела па надзвычайных сітуацыях. Вопыту, рашучасці і прафесіяналізму ім не займаць! 12 чалавек штодзень нясуць баявое дзяжурства, у пастаяннай гатоўнасці знаходзіцца 5 пажарных аўтамабіляў, столькі ж – у рэзерве.

Віншую ўсіх супрацоўнікаў органаў і падраздзяленняў МНС з Днём выратавальніка! Шчыра жадаю здароўя і поспехаў, даўгалецця ветэранам, службовага росту – маладым. Шчасця і дабрабыту вам і вашым сем’ям. Упэўнены, што і далей ваш прафесіяналізм, рашучасць, самаадданасць будуць служыць высакароднай справе выратавання людзей!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *