Всегда в «форме». Больше двух десятков лет несёт службу в Ушачском РОЧС Владимир Лисичёнок

Cлужба-101

Больш за два дзясяткі гадоў нясе службу ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы Уладзімір Іванавіч Лісічонак. За гэты час яму даводзілася ліквідаваць не адзін пажар і не раз выратоўваць людзей. Але на кожнае здарэнне ён усё роўна выязджае з доляй хвалявання, бо выдатна разумее, як многа ў надзвычайных сітуацыях залежыць ад яго дзеянняў.

На сваю першую змену Уладзімір Іванавіч заступіў у 1994-м годзе. Да гэтага часу мосарскі хлопец пасля заканчэння школы паспеў папрацаваць у мясцовым калгасе “Адважны барацьбіт” і прайсці праз нялёгкія вайсковыя будні ўдалечыні ад дома на Балтыйскім флоце. Служба загартавала характар, зрабіла вынослівым і падрыхтавала да будучай прафесіі – пасля службы і непрацяглага перыяду працы ў сельгасхіміі Уладзімір вырашыў паспрабаваць сябе ў справе выратавання людзей. Тое, што хлопец выбраў правільную дарогу, кіраўніцтва райаддзела па надзвычайных сітуацыях зразумела, напэўна, хутчэй яго самога. Адказнага супрацоўніка назначылі старшым пажарным, пазней – камандзірам аддзялення.

За 22 гады службы было шмат складаных сітуацый, але кожная засталася ў памяці. Першы “баявы” выезд у Карачына запомніўся асабліва – тушылі дом і разам з калегамі Уладзімір у цэлым справіўся з задачай – абышлося без пацярпелых.

На рахунку Уладзіміра Іванавіча нямала выратаваных чалавечых жыццяў. Адзін такі выпадак адбыўся летам. Калі пажарныя прыбылі ва Угрынкі, дах дома, унутры якога знаходзіўся чалавек, ужо быў ахоплены агнём. Не вагаючыся, У.Лісічонак і начальнік каравула камандзір аддзялення М.Шустроў кінуліся ў задымленае памяшканне і вынеслі мужчыну – як потым высветлілася, той курыў і заснуў пад уздзеяннем спіртнога.

Вось толькі не заўсёды фінал такіх сітуацый вясёлкавы, і гэта таксама не выкрасліць з памяці:

– Пэўна, адным з самых нялёгкіх быў пажар у Лутаве Сяльцы гадоў дзесяць таму. Зіма, моцны снегапад, ноч… Наш ЗіЛ ледзьве прабіваўся па заснежанай дарозе… Адпаведна прыбылі пазней, і ў агні тады загінуў чалавек, – перажываючы, расказвае Уладзімір Іванавіч.

Надзвычай складанай была сітуацыя і калі ў Селішчы гарэў дрывотнік. Баявы разлік, у складзе якога быў і У.Лісічонак, тушыў пажар усю ноч, калі іх змянілі калегі, ужо практычна скончылася паліва ў пажарнай машыне. Выратавальнікі тады змаглі справіцца з моцным агнём і не даць яму распаўсюдзіцца на іншыя пабудовы.

Ён не пройдзе міма, калі камусьці патрэбна дапамога. Нават калі і не на змене, бо заўсёды “ў форме”, бо прафесія стала жыццём. Ёсць у біяграфіі У.Лісічонка выпадак, калі ён выратаваў чалавека не з агню, як гэта часцей бывае, а з вады. Адбылося гэта яшчэ ў першыя гады яго кар’еры ў выхадны дзень. Заўважыўшы, як на пляжы ў гарпасёлку мужчына нырнуў і не з’явіўся на паверхні, У.Лісічонак не задумваючыся, кінуўся яго ратаваць. Ён выцягнуў тапельца на бераг, разам са знаёмым аказаў яму першую медыцынскую дапамогу. Яшчэ б хвіліну – і жыццё таго чалавека магло абарвацца…

“У параўнанні з тым часам, калі пачынаў працаваць, цяпер пажараў стала намнога менш”, – сцвярджае У.Лісічонак. Паўплывала на гэта плённая прафілактычная работа, вялікую ролю адыгрываюць і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Уладзімір ведае нямала прыкладаў, калі гэты прыбор дапамагаў выявіць узгаранне на першай стадыі і людзям нават не патрэбна была дапамога пажарных. Самай жа гарачай парой з вопыту называе пачатак ацяпляльнага сезона і вясновы перыяд, калі людзі выпальваюць сухую расліннасць – за суткі бывае і па 15 выездаў, часам выратавальнікі спяшаюцца з аднаго месца здарэння на другое, нават не паспяваючы вяртацца ў часць.

За гады працы У.Лісічонку даводзілася чуць не толькі словы ўдзячнасці:

– Далёка не ўсе разумеюць, што з пажарнай машыны вада выліваецца прыкладна за 5 хвілін. Таму калі прыязджаем на месца здарэння, адразу распытваем, дзе ёсць бліжэйшы вадаём, каб хутчэй арыентавацца і не губляць дарагія хвіліны для наступнай запраўкі. Многія ж думаюць, што мы прыехалі без вады, а некаторыя часам нават імкнуцца навучыць нас, як тушыць, хапаюць пажарныя рукавы.

Вось толькі на людзей, якія апынуліся ў стрэсавай сітуацыі, ён асабліва не крыўдуе: прыходзіцца бачыць у час выездаў людскія слёзы, істэрыку. “Гэта работа далёка не для кожнага”, – з веданнем справы кажа Уладзімір Іванавіч.

І ўсё ж добрых слоў за службу ён удастойваўся значна часцей. Толькі за апошнія пяць гадоў за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні службовага доўгу, У.Лісічонак двойчы ўзнагароджваўся Граматамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, двойчы атрымліваў Лісты падзякі абласнога ўпраўлення МНС, Ганаровую грамату райвыканкама. Форменнае адзенне ветэрана службы ўпрыгожвае нагрудны знак “Выдатнік” і медаль “За бездакорную службу” трэцяй ступені. Дарэчы, гэтую высокую ўзнагароду маюць толькі трое супрацоўнікаў райаддзела.

На рабоце Уладзімір Іванавіч смелы і рашучы выратавальнік, а дома – выдатны гаспадар, клапатлівы муж і бацька. Не менш паспяхова, чым са службовымі абавязкамі, спраўляецца і з “грамадскімі” нагрузкамі, з’яўляецца актыўным удзельнікам мерапрыемстваў, на якіх трэба адстойваць гонар калектыву. Вось і на суботнім Дні снегу ён не на машыне, а вёдрамі дастаўляў ваду для лепкі снежных смяшарыкаў для сваёй каманды: “І далей насіў бы вёдрамі, абы не на пажар!”

Дарэчы, каравулу, у складзе якога працуе Уладзімір Іванавіч, у новым годзе яшчэ не прыходзілася выязджаць на барацьбу з вогненнай стыхіяй. Няхай і надалей кожная змена будзе спакойнай і менш даводзіцца рызыкаваць сваім жыццём дзеля выратавання чужога.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *