Деревня Завыдрино: героический и красивый край

Общество

Кантрасты і славутасці

Невялікая вёсачка Завыдрына на першы погляд мала чым адрозніваецца ад іншых так званых неперспектыўных. Але ж, плануючы расказаць пра яе, мы меркавалі, што ўбачым тут шмат цікавага – і не памыліліся.

Гэты населены пункт літаральна напоўнены кантрастамі. Размешчаны ён непадалёк ад буйной шашы Полацк-Мінск, але, збочыўшы з трасы і праехаўшы па гравійцы менш кіламетра, нібы трапляеш у іншае вымярэнне, дзе жыццё цячэ ціха і няспешна, а краявіды захапляюць сваёй некранутай прыгажосцю. Дамы тутэйшых жыхароў вельмі падобныя, бо пабудаваны амаль у адзін пасляваенны час. Але ёсць у патрыярхальным пейзажы і сучасныя элементы – вышка сотавай сувязі і прыгожы Дом паляўнічага раённай арганізацыі РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”: у наваколлі шмат лясоў, таму Завыдрына – сапраўдны рай для грыбнікоў і аматараў актыўнага адпачынку. А з нядаўняй пары вёска набыла яшчэ адну асаблівасць: у абсталяваным за яе аколіцай вальеры пэўны час гадаваліся прывезеныя з Прыбалтыкі высакародныя алені. Зараз яны сталі жыхарамі навакольных лясоў, але перыядычна заглядваюць і на вясковыя сядзібы – восенню іх вабіў багаты ўраджай яблыкаў, ды і зімой у тутэйшых садах ёсць чым пажывіцца. Вяскоўцы да такога суседства прывыклі і не бачаць у гэтым нічога асаблівага – жывёла ж сапраўды высакародная, благога людзям не робіць.

Ёсць ля вёскі і яшчэ адна, бадай, самая галоўная славутасць – помнік на месцы ўтварэння партызанскай брыгады “Дубава”, напамін пра гераічныя старонкі гісторыі гэтай мясцовасці.

А яна ў вёскі багатая…

Па старонках гісторыі

Гістарычныя дакументы сведчаць аб тым, што вёска вядома з 19 стагоддзя. У 1846 годзе населены пункт уваходзіў у склад маёнтка Вацлавова Лепельскага павета. У 1905 тут налічвалася 153 жыхары, у 1924-м вёска ўваходзіла ў Завячэльскі сельсавет Ушацкага раёна. Дзеці наведвалі школу ў Завячэллі, а ў населеным пункце на той час меліся шавецкая і цяслярная майстэрні, кузня. З 1930 года вёска ўваходзіла ў склад розных калгасаў, якія потым аб’ядналіся ў калгас імя Дуброўскага. Дарэчы, імя знакамітага Героя Савецкага Саюза камбрыга Фёдара Фаміча Дуброўскага мясцовае сельгаспрадпрыемства атрымала невыпадкова. Менавіта тут, у завыдрынскім лесе, ці як раней гэта месца жыхары называлі ўрочышчам Істопішча, у 1942 годзе была створана знакамітая партызанская брыгада Дубава. Такую назву лес атрымаў з-за непраходных топкіх месцаў, якія ў вайну добра ведалі партызаны і баяліся немцы. Тут у час карных аперацый знаходзілі сховішча і мясцовыя жыхары. У 1976 годзе на месцы ўтварэння атрада была ўстаноўлена стэла, у аснове якой рука, што моцна трымае зброю – як сімвал стойкасці партызан.

Самы старэйшы жыхар

вёскі Завыдрына – гэта Еўдакія Аляксандраўна Карабань, якой ужо споўнілася 94 гады. Нягледзячы на такі паважаны ўзрост жанчына яшчэ вельмі жвавая. Дапамога сацыяльнага работніка ёй, канечне, патрэбна, але яна без праблем прыгатуе сабе есці, прыбярэ ў доме, пастаянна выходзіць на прагулку, выключэнне робіць толькі калі на вуліцы галалёд.

Усё жыццё гэтай жанчыны непарыўна звязана з Завыдрынам, тут яна вырасла і працавала.

– У калгасе “Чырвоная змена”, які існаваў у нас да 50-х гадоў, была бухгалтарам, потым нас далучылі да вацлавоўскага “Гіганта”. У тыя часы практычна ў кожнай вёсцы была гаспадарка, і калі зараз на бухгалтараў вучаць у спецыяльных установах не адзін год, то тады я проста прайшла невялікія курсы ва Ушачах, – прыгадвае жанчына.

Яна і сёння лёгка правядзе якія-небудзь падлікі, добра арыентуецца ў новых грашовых знаках.

Як і многіх ушачан, сям’ю Еўдакіі Аляксандраўны не абышла Вялікая Айчынная вайна. На яе пачатак дзяўчыне было 18 гадоў. Немцы прымушалі вяскоўцаў працаваць на іх, а калі хто не згаджаўся, – каралі. Частка двароў з-за гэтага была спалена. Еўдакія дапамагала партызанам, разносіла лістоўкі, але ў спіс ветэранаў вайны не трапіла: “Мелася ў мяне даведка, што была ў партызанах, але калі немцы лютавалі, памятаю, дзесьці каля Пліна схавала яе пад камень, так яна там і засталася”. Але не льготы і прывілеі важныя для гэтай жанчыны, а мірнае блакітнае неба над галавой дзяцей, унукаў, праўнукаў і прапраўнукаў, якіх яна мусіць хутка дачакацца!

Па сталічным жыцці не сумуе

Завыдрына можна назваць вёскай доўгажыхароў, бо сярэдні ўзрост пяці людзей, што тут пражываюць, – 82 гады. Галіна Ягораўна Юдзінцава на фоне аднавяскоўцаў выглядае зусім маладой. Працавітая жанчына з’яўляецца старэйшынам вёскі, “ажыўляе” яе сваёй актыўнасцю і клопатам. Сацыяльны работнік па прафесіі, яна апякае не толькі пажылых суседзяў, але і падапечных з Вацлавова і Азаранак. Пакінуўшы родную вёску пасля школы, атрымала ў Ленінградзе прафесію паліграфіста, жыла ў Мінску, працавала тэхнічным рэдактарам у сталічнай друкарні, але не раздумваючы прамяняла камфортнае гарадское жыццё на вясковае, калі яе пажылой маці Яўгеніі Сцяпанаўне Рыбачонак спатрэбіўся догляд.

– Паспрабавала пасяліць маму ў мінскай кватэры, ды толькі больш месяца яна “ў каменнай няволі” не вытрымала – загадала адвезці яе назад у Завыдрына, – расказвае Галіна Ягораўна. – Давялося паслухацца, бо яна – жанчына з моцным характарам, якая з дзяцінства была для мяне прыкладам. Ды і не толькі для мяне, бо задавала тон у працы для ўсіх аднавяскоўцаў: была перадавой работніцай і на ферме, і ў паляводчай брыгадзе.

Працавітасць, актыўнасць і задор атрымала ад маці ў спадчыну і яе адзіная дачка. Вось ужо 13 год, як Галіна Ягораўна жыве і працуе ў Завыдрыне, і кажа, што па сталічным жыцці зусім не сумуе. Добраўпарадкавала хату і сядзібу, садзіць агарод і разводзіць трусоў, косіць траву і нават сама нарыхтоўвае дровы – расказвае, што нядаўна купіла для гэтых мэт пілу. Ну а зімовымі вечарамі, калі ўсе справы пароблены, любіць правесці час за зносінамі ў сацыяльных сетках. Вось такія цуда-жанчыны ёсць у беларускіх вёсках!

Ветэран у страі

А ў доме яшчэ аднаго карэннага жыхара Завыдрына – Васіля Мікалаевіча Казачонка давялося нават станцаваць. Больш за сем дзясяткаў гадоў неразлучны ён са сваім гармонікам. На просьбу сыграць пару мелодый 90-гадовы ветэран з радасцю адгукнуўся, з лёгкасцю ўскочыў на печ, дзе на пачэсным месцы захоўваўся інструмент.

– Я свой гармонік берагу! Ён са мной праз многае прайшоў і намнога старэйшы за мяне, – адзначыў В.Казачонак, усаджваючыся зручней.

Са старэнькага гармоніка так гучна ліліся розныя вясёлыя мелодыі: полька, сербіянка, прыпеўкі і, здаецца, ад гэтай ігры пажылы чалавек не стамляўся, а наадварот, набіраў сілы. “На гармоніку граць – карысна для здароўя! Вы пабудзьце яшчэ!” – не ўнімаўся Васіль Мікалаевіч, а яго кот ніяк не рэагаваў на канцэрт, бо, пэўна, прывык да захаплення гаспадара.

Сэрцам “прырос” мужчына да гэтага месца. Ён адзін з ужо нямногіх ветэранаў Ушаччыны, якія яшчэ ў страі. Калі пачалася вайна, хлопцу было толькі 15 гадоў. Бацьку прызвалі на фронт. Юнак вырашыў, што сапраўдныя мужчыны павінны быць мужнымі і смелымі, і вырашыў далучыцца да партызан. Малодшы брат Іван таксама пайшоў па яго прыкладзе. Васілю хацелася здзяйсняць подзвігі, узрываць эшалоны, але яму давяралі больш простую справу: стаяць на пасту і сачыць за тым, каб чужыя не пераходзілі межы іх мясцовасці. У асноўным несці службу прыходзілася на роднай Віцебшчыне – у Лепелі, Бешанковічах, Чашніках, пад Віцебскам.

У канцы вайны Васіль Мікалаевіч захварэў і вярнуўся дамоў. Пазней вывучыўся на трактарыста і адправіўся на асваенне цалінных зямель, але ўсё роўна мужчыну цягнула ў родную вёску. Яго прафесійны шлях прайшоў у дарожнай арганізацыі. Нават калі застаўся жыць адзін, трымаў падсобную гаспадарку, а яшчэ некалькі гадоў таму яго ўраджаю памідор, агуркоў, капусты пазайздросцілі б некаторыя гаспадыні! Зараз участак каля дома “ўзяла ў свае рукі” дачка, якая жыве ў Старым Сяле і даглядае пажылога бацьку. І хоць няўмольныя гады, але ў душы ён усё ж такі малады, з запалам актыўнасці і аптымізму.

Памяць захавала многае

Валянціна Міхайлаўна Плігаўка – абаяльная жанчына і выдатная гаспадыня. Хоць і не чакала яна ў гэты дзень гасцей, ды і здароўе апошнім часам падводзіла, але парадак у яе хаце быў бездакорны.

Як і ў большасці жанчын яе пакалення, жыццё Валянціны Міхайлаўны было няпростым. Хоць на пачатак вайны ёй споўнілася толькі пяць год, памяць захавала многае з тых ліхіх часоў. Найперш тое, як перабіраліся ў Завыдрына да цёткі, бо на Лепельшчыне, дзе яны жылі, у той час стаялі немцы, а гэтыя мясціны былі пад уладай партызан. Памятала, як пазней усёй вёскай уцякалі ад карнікаў у лес – прычым, некаторыя суседзі прыхапілі з сабой кароў, і дзяўчынка моцна хвалявалася, што яны сваім мычаннем выдадуць іх знаходжанне. Хапіла ёй гора і ў пасляваенны час: калі Валі было 12, ад тыфу памерла мама, а ў вёсцы на той момант панаваў голад. Памятае, як цётка пякла ім з братам аладкі з травы – па дзве штукі на ўвесь дзень.

Пасля школы дзяўчына марыла вывучыцца на медсястру, ды склалася так, што засталася працаваць на ферме. Тут, у роднай вёсцы, стварыла сям’ю, вырасціла сына і трох дачок, якіх і лічыць галоўным здабыткам свайго жыцця. Дзеці раз’ехаліся па розных гарадах, нарадзілі ёй унукаў і завуць да сябе. “Кажуць, выбірай, мама, куды паедзеш: у Мінск, Віцебск ці Наваполацк. Мне ж, вядома, хацелася б ў родным доме даўжэй пажыць, хоць і сумнавата тут зімой. Але ўсё залежыць ад здароўя”, – разважае гэта жанчына – добразычлівая і сціплая, як і яе родная вёсачка.

Вольга КАМАРКОВА, Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *