Участковый инспектор милиции Владимир Ляховский не первый год обслуживает великодолецкую зону

К профессиональному празднику

Вёсачкі і райцэнтры часта застаюцца ўдалечыні ад праблем вялікіх гарадоў. Спакойны лад жыцця накладвае свой адбітак. У такіх населеных пунктах віруе сваё непаўторнае жыццё. Між тым, клопатаў у супрацоўнікаў міліцыі і тут хапае.

Вялікадолецкі сельсавет Ушацкага раёна. 35 вёсак і амаль 1300 жыхароў. Пяты год адказным за правапарадак на гэтай тэрыторыі з’яўляецца ўчастковы інспектар міліцыі У.В.Ляхоўскі. Усе тутэйшыя праблемы Уладзімір Васільевіч ведае, як свае пяць пальцаў, паколькі сам нарадзіўся і вырас на Далеччыне – у вёсцы Заазер’е. Пасля заканчэння Маладолецкай школы набыў вадзіцельскія навыкі ў Полацкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы і ўладкаваўся трактарыстам-машыністам саўгаса “Касары”. Вось толькі доўга там не затрымаўся: якраз у свой 18-ы дзень нараджэння пайшоў у армію. Пасля ж дэмабілізацыі, калі зноў паўстала пытанне працаўладкавання, У.В.Ляхоўскі прыйшоў у РАУС, дзе мелася вакансія міліцыянера-вадзіцеля. І, як зараз прызнаецца, нават не думаў, што настолькі “прырасце” да няпростай службы ў органах унутраных спраў. Ініцыятыўнасць, адказнасць, якія праяўляў Уладзімір Васільевіч, не засталіся незаўважанымі – пазней ён быў назначаны на пасады ўчастковага інспектара міліцыі і дазнаўцы. Ну а каб апраўдаць аказаны давер, павысіць свой прафесіяналізм, мужчына, як кажуць, “без адрыву ад вытворчасці” скончыў Акадэмію МУС. Пэўны час працаваў старшым інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі міліцыі, а ў 2011 годзе вярнуўся на пасаду ўчастковага.

– Здарэнняў у нас, зразумела, не так многа, як у буйных гарадах, – расказвае Уладзімір Васільевіч. – Летась на тэрыторыі сельсавета зарэгістравана толькі адно злачынства – крадзеж, прычым, нязначны. Але ж бываюць і адваротныя прыклады – так, у 2015-м у нас было ажно 14 сур’ёзных правапарушэнняў. Таму галоўнай сваёй задачай лічу недапушчэнне падобных негатыўных момантаў.

Зрэшты, для гэтага герой нашага аповеду робіць вельмі многае. Як таго патрабуюць службовыя абавязкі, рэгулярна кантактуе з абавязанымі асобамі (іх зараз на ўчастку 3, адзін знаходзіцца ў ЛПП), раней судзімымі, схільнымі да дамашняга насілля. Не абмінае ўвагай паляўнічых (іх больш за 20) – правярае ўмовы захоўвання зброі. Ды і да іншых грамадзян наведваецца – цікавіцца справамі, праблемамі.

– Прыходзілася і пераследаваць правапарушальнікаў, і нават прымяняць зброю для затрымання злачынцаў, – прыгадвае У.В.Ляхоўскі. – Але ж гэта, на шчасце, адзінкавыя, выпадкі. Бічом жа ў большасці населеных пунктаў Ушаччыны застаецца праблема алкагалізацыі насельніцтва. Факты самагонаварэння і незаконнага продажу спіртнога выяўляем дастаткова часта. Бывала, за раз вылівалі па 200-300 літраў самагоннай брагі.

У працоўным кабінеце ўчастковага інспектара міліцыі ўсё сціпла: стол, паперы, шафа… На любое наша пытанне пра ўчастак і людзей, якія там пражываюць, ён не шукае адказаў у папках – усё дасканала ведае і памятае. Калі ж гаворка зайшла пра перспектыву пераехаць у іншы горад ці змяніць спецыфіку работы, У.В.Ляхоўскі толькі ўсміхнуўся:

– Я даўно зрабіў свой выбар! Тут мая радзіма, мае блізкія. А ў рабоце я цалкам знайшоў сябе.

Зрэшты, у апошнім сумнявацца не прыходзіцца, пра што сведчаць заслужаныя ўзнагароды Уладзіміра Васільевіча. Адна з самых значных – медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *