Светлана Фёдоровна Папко — Человек Года Витебщины, педагог, чьё имя хорошо известно в области, стране, на зарубежных площадках

Экономика и малый бизнес

Чалавек года Віцебшчыны, педагог, чыё імя добра вядома ў вобласці, краіне і на замежных пляцоўках – Святлана Фёдараўна Папко. Мы неаднойчы пісалі пра яе школьныя і навуковыя дасягненні, а сёння паспрабуем намаляваць партрэт яе ўнутранага свету.

“Лічу сваю прафесію творчай”

А як жа інакш, калі за ўрок ёй дзясяткі разоў даводзіцца праяўляць вынаходніцтва. “Я ўжо пачынаю лічыць, у каго рукі на парце ляжаць як трэба”, – расказвае педагог адзін з прыёмаў. – І не бачу нікога, у каго б яны ляжалі няправільна. Праўда, гэтага хапае ўсяго на некалькі хвілін, а потым даводзіцца зноў канцэнтраваць увагу майго мужчынскага гарэзлівага класа. Аднак я ніколі не гавару “ў пустэчу”.

Святлана Фёдараўна расказ­вае пра сваіх першакласнікаў з такой шчырай любоўю. Так распісвае іх, смешных няўмек, што не паўстае сумненняў, што яна вельмі любіць сваю работу. Любіць рыхтаваць да дарослага жыцця, развіваць асобу. І сёлета нават не стрымала слёз, калі ўбачыла гарманічных асоб у сваіх пяцікласніцах. Ці тым больш адзінаццацікласніках: сёлета ўпершыню за яе трыццацігадовую кар’еру супала, што на лінейцы выпускнікамі і першакласнікамі былі яе дзеці.

“Мой прынцып: вельмі асцярожна дапамагчы дзіцяці раскрыцца, адчуць сваю самакаштоўнасць, незалежна ад поспехаў у вучобе, стаць упэўненым. І няма больш удзячных і цікавых вучняў, чым мае. Такія шчырыя, цікаўныя, якія не ўмеюць хлусіць і вераць усяму, што кажа настаўнік. Хаця і папраўляюць…

Нядаўна казку ім расказвала пра зайчаня і лісу, якая заняла хатку. А потым загаварылася, на іншую пераскочыла. Кажу “капытамі застукала, рагамі заматала”. І бачу, нясмела з’яўляецца рука: “Калі я не памыляюся, у лісы няма рагоў”. Ну як можна іх не любіць. Пачатковая школа – самая цікаўная, ёсць свае мінусы – напрыклад, пастаянны гоман, штодзённая праверка сшыткаў, але і плюсоў колькі. Адзін з іх – ты заўсёды павінен быць у форме. Малыя – яны ж прыкмячаюць усё. Чую нядаўна: “адыдзі адсюль, тут новыя чаравікі Святланы Фёдараўны стаяць”. Яны пастаянна ўзнімаюць настрой”.

Максімалісцкі прынцып: каб усё дасканала

“Ніколі не буду рабіць тое, што не падабаецца. Нават посуд мыць, але калі пачынаю займацца, трэба, каб усё было дасканала. Магу хадзіць і абдумваць гадзінамі, а потым хутка напісаць рэферат”.

Гэта, канечне, зусім не азначае, што С.Ф.Папко робіць толькі тое, што любіць. Як чалавек адказны, выдатна ведае слова “трэба”. І тады ўжо і на заданне пераносіць свой максімалісцкі прынцып.

Так было і з экалагічным праектам, які лёг на яе плечы ў 2010 годзе. І з куратарствам школьнага лясніцтва, выкладаннем працы ў дзяўчынак, калі часова пакінуў школу спецыяліст па гэтым прадмеце, падрыхтоўкай да алімпіяд, вядзеннем гурткоў па дамаводстве, калі сама і дзеці захапляліся вырабам цацак з гліны, карцін з саломкі. “Да многага спачатку прывыкаеш, а потым і пачынаеш любіць, хоць гэта і не тая праца, якой будзеш займацца на пенсіі”, – кажа Святлана Фёдараўна. Дарэчы, на датэрміновую яна ўжо зарабіла. І нават задумвалася пра адпачынак. А потым на хвіліну ўявіла, што на першага верасня яе не будзе ў школе… І не змагла ўсвядоміць – як гэта.

Даражу сваёй школай

Света Зелянік ніколі не бачыла сябе нікім іншым акрамя настаўніка пачатковых класаў. Хоць мела выдатныя фізічныя даныя і ў Качаноўскай школе, а потым у педвучылішчы і Арэхаўскай школе ў розны час займалася конным спортам, валейболам, лёгкай атлетыкай і турызмам. Ад бацькі, ветэрана вайны і выдатнага майстра вырабу ўсялякіх кошыкаў, перадалося ўменне рабіць сваімі рукамі. А ў Арэхаўскай школе, дзе майструюць усе, гэта спатрэбілася і развілася.

“Не было жадання перабрацца ва Ушацкую школу ці нейкую іншую, дзе большы патэнцыял для развіцця,” – пытаюся ў настаўніцы і чую катэгарычнае “не”.

– Я люблю свой калектыў, люблю нашу школу, у якой ведаю, дзе ляжыць літаральна ўсё, што мне можа спатрэбіцца. Даражу гэтым. Тут вельмі многае зроблена сваімі рукамі, нашай калектыўнай працай. Іна Фёдараўна Сыроўчанка так прывучыла нас, што калі нешта рабілі, напрыклад, саламяныя пано, якім завешана школа, то гэта рабілі ўсе ад дырэктара да прыбіральшчыка. Усе бясталентныя станавіліся таленавітымі. Наогул яна ўмее прадбачыць перспектыўныя накірункі, як і патэнцыял лю­дзей, якія яны самі ў сабе не ведаюць.

А пазней, падчас удзелу ў экалагічных семінарах я пераканалася, што мы не горш гарадскіх, ці замежных школ. Наадварот, у многім лепшыя. Чаму мне лёгка стала весці гэты праект? Таму што ў нашай школе было і энергазберажэнне, і школьнае лясніцтва. Проста больш дасканала заняліся доследнай работай, навуковай. А галоўнае – практычнай. І сёння мае дзеці вучаць сваіх бацькоў, як эканоміць, ды і сама я, напрыклад, пры выбары посуду аддаю перавагу цёмным колерам – ведаю, што ў такой каструлі або чайніку хутчэй закіпае вада.

У нешматлікія вольныя хвіліны, калі сама сабе кажа, што сёння нічога не будзе рабіць для школы яна любіць “ціхае паляванне”, лес. Любіць лазню. А адно са сваіх захапленняў – на яе пазногцях: сама сабе, а калі і сяброўкам робіць сучасны манікюр з малюнкамі. Праўда і ў лесе думкі часта пераскокваюць на ўрокі і вяртаючыся, яна садзіцца “накідаць” схему заўтрашніх заняткаў.

Самыя блізкія яе людзі – гэта маці і сын. Матулі ўжо 88, але яна яшчэ дасць дачцэ фору, калі разам выходзяць на праполку бульбы. Дзякуючы ёй у доме пастаянна госці, бо да бабулі і прабабкі прыязджаюць яе нашчадкі. У Святланы Фёдараўны дзве сястры і брат, шасцёра пляменнікаў. З усімі выдатныя адносіны. А з сынам яны проста “лепшыя сяброўкі”. Максім дзеліцца з маці ўсім, нядаўна быццам між справай паклаў перад ёй шматтыражку баранавіцкага баваўнянага камбіната, дзе напісалі пра маладога спецыяліста-актывіста. І дадаў: ”Імкнуся не адставаць ад цябе”. Вельмі ганарыўся, калі даведаўся, што маці трапіла ў лік ста лепшых людзей Віцебшчыны.

Сама ж Святлана Фёдараўна лічыць сябе заложніцай аказанага даверу. “На сцэну падымалася алімпійскія чэмпіёны, вынаходнікі новых парод жывёлы, урачы… Людзі, якія на маю думку ўжо прынеслі значную канкрэтную карысць. А я звычайны педагог-пачатковец, якіх многа.”

Так, праца педагога нябачная, а карысць яе – быццам замаруджанага дзеяння, якая з часам праявіцца ў будучых навукоўцах, медыках, урачах, якія абавязкова прыгадаюць, што іх першым настаўнікам быў шчыры, апантаны справай шматгранны чалавек.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *