«Синий кит» или Игра с риском для жизни. А вы контролируете, чем занимаются ваши дети в интернете?

Выясняем ситуацию Закон - один для всех Наши дети

Ці ведаюць дарослыя, чым займаюцца дзеці ў інтэрнэце? Ці разумеюць, што зносіны ў сацыяльных сетках могуць быць небяспечнымі? Нядаўна ў электронных і друкаваных СМІ з’явілася інфармацыя пра першыя ў Беларусі выпадкі, звязаныя з дэструктыўнымі групамі ў сацсетках. Удзельнікі падзей – падлеткі ва ўзросце 12-17 гадоў, якія наносілі сабе цялесныя пашкоджанні і нават спрабавалі пайсці з жыцця…

Па вядомых правілах

Летась па Расіі пракацілася хваля падлеткавых суіцыдаў. Падчас праверак, якія праводзілі і самі бацькі, і праваахоўныя органы, у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” былі выяўлены закрытыя групы, якія заманьвалі дзяцей у так званую гульню. З імі пачыналі перапіску, высвятлялі падрабязнасці жыцця. Прызначаны “куратар” даваў заданні, кожны дзень па адным. Яны звычайна паступалі пад раніцу, у 4.20, спачатку маглі быць бяскрыўднымі, потым ускладняліся і служылі праверкай на смеласць – перабегчы дарогу перад блізка ідучым транспартам, парэзаць рукі ці выразаць на скуры малюнак. Падлеткі пасылалі фотасправаздачы аб выкананых заданнях. Апошнім жа з іх – прыкладна на 50-ы дзень – было здзяйсненне суіцыду. Адмовіцца ад яго было нельга: пагражалі забіць бацькоў.

У суседняй краіне зараз прымаюцца меры па абароне дзяцей і змене існуючага заканадаўства. Дзясяткі дэструктыўных груп былі закрыты, адзін з арганізатараў знаходзіцца пад следствам.

Аднак усім нам варта разумець, што інтэрнэт немагчыма абмежаваць у прасторы. Хваля небяспечных гульняў дайшла і да Беларусі. Самы час успомніць выраз “Папярэджаны – значыць, узброены”.

Не ігнаруйце праблему!

Пацікаўцеся, у якіх групах у сацсетках знаходзяцца сыны і дочкі. Паспрабуйце дамовіцца з дзецьмі, пераканаць іх, растлумачыць прычыны сваёй цікавасці да гэтай тэмы. Вазьміце за звычку перыядычна (двойчы ў месяц) аглядаць рукі і цела дзіцяці. Растлумачце, чаму вы гэта робіце. Важна, каб падлеткі таксама зразумелі: расказаць настаўніку пра тое, што аднакласнік знаходзіцца “ў гульні” ці падазрона сябе паводзіць – гэта не азначае “шасцярыць”, а з’яўляецца знакам увагі і клопату.

Прапануйце дзіцяці прыбіраць гаджэты на ноч са свайго пакоя. Раскажыце, што многае ў інтэрнэце не з’яўляецца праўдай, не трэба ўсяму верыць. Забараніце малому даваць камусьці свае асабістыя даныя (адрас, тэлефон), расказваць пра дарогу, па якой ён ходзіць у школу, і інш. Распытаеце пра яго віртуальных сяброў, перыядычна заходзьце ў інтэрнэт разам з ім.

Калі штосьці занепакоіць, вывучыце гісторыю пошукавых запытаў і тэму перапісак, прагартайце сшыткі, паглядзіце, што малюе і піша падлетак. Павінны насцярожыць: у подпісах на старонцы “ВКонтакте”, “Твиттер”, “Инстаграмм” і іншых спалучэнні з камбінацыяй слоў: “#сіні кіт”, “#хачу ў гульню” ці “#я ў гульні”, “#разбудзі мяне ў 4.20”, “#кіты плывуць уверх”, групы “Сіні кіт”, “Ціхі дом”, “Мора кітоў”, “F57”, “F58”; парушэнні сну; змены ў паводзінах дзіця; публікацыя ў сацсетках ці маляванне змрочных выяў; дзеянні, якія нагадваюць развітанне (нязвыклыя гутаркі пра любоў да бацькоў, імкненне скончыць усе праекты і справы).

Калі вы адчуваеце, што з дзіцем штосьці адбываецца, пагаварыце з ім пра гэта ці паведаміце класнаму кіраўніку, псіхолагу ў школе, паліклініцы, дзіцячаму ці даросламу псіхіятру. Тэлефон даверу для дзяцей і падлеткаў (ананімны, працуе 24 гадзіны ў суткі): (8-017) 202-04-01.

Арганізатараў дэструктыўных груп чакае суровае пакаранне. Згодна з ч.2 арт.146 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, схіленне да самагубства 2 і больш асоб або заведама непаўналетняга цягне за сабой абмежаванне волі на тэрмін да 4 гадоў ці пазбаўленне волі на 5 гадоў.

С.ЦІХАНЁНАК, намеснік начальніка Ушацкага РАУС  па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *