Золотые медалисты Ушачского района

Ими гордятся

Залатыя медалісты! Атэстат асаблівага ўзору! Гонар школы і напружаныя гады заняткаў для вучняў, якія не мелі права на памылку. Перад сабой ва ўсялякім выпадку. Бо, каб вучыцца на адны васьмёркі, не маючы пры гэтым ніякіх прывілей, акрамя выключных здольнасцяў, трэба мець асаблівы стрыжань у характары. А ў залатых медалістаў адны дзевяткі і дзесяткі не толькі за апошні год, а абавязкова – пачынаючы з восьмага!
Іх, канечне, нямнога. Але штогод асаблівы гонар адчувае начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Рыгораўна Карабань, калі прыходзяць залатыя медалі “За выдатныя поспехі ў вучнёўскай дзейнасці”. У мінулым годзе іх было два. Сёлета – чатыры. Атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору атрымалі выпускніцы Ушацкай школы Анастасія Асіповіч і Крысціна Клачок, Вялікадолецкай – Алена Крыштопенка і Арэхаўскай – Алена Сяргеева. Пасведчанні з адзнакай атрымалі таксама чатыры былых дзевяцікласнікі: Анастасія Міхайлава з Ушацкай і ажно тры вучні Вялікадолецкай школы – Яўген Аніскевіч, Марыя Машчонак і Вольга Пугач.
І свае адзнакі, веды, закладзеныя педагогамі Ушаччыны, медалісты пацвярджаюць. Анастасія і Яўген у 10-м класе будуць займацца ў прэстыжнай навучальнай установе краіны – ліцэі БДУ. А дзяўчаты паспяхова спраўляюцца з тэстамі. Невядомы ўсе вынікі, ды і не ўсе жадаюць раскрываць карты раней часу, але Крысціна Клачок атрымала за тэст па беларускай мове 92 балы, Алена Крыштопенка 87 па беларускай мове і 81 па матэматыцы, Алена Сяргеева 81 па рускай мове і 69 па матэматыцы. Мінулагоднія медалісткі Кацярына Лук’яненка і Кацярына Тухто вучацца на бюджэтнай форме па спецыяльнасцях, пра якія і марылі.
Няхай і ў далейшым усё ў нашых выпускнікоў будзе толькі са знакам “вышэйшай пробы”.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *