Завяршыўся абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, на якім нашы юныя землякі традыцыйна паказалі высокія вынікі. Чарговыя ўзнагароды з’явіліся ў скарбонцы дасягненняў прадстаўнікоў Ушацкай школы Леаніда Давыдава з 11 класа і Лізаветы Літвінавай з 9-га – абое ўзнагароджаны дыпломамі ІІ ступені. Юнак, які па выніках раённых алімпіяд меў магчымасць прадэманстраваць свае веды і па хіміі (настаўнік – Л.А.Струй), і па фізіцы (В.М.Герцык), выбраў першы, ужо правераны варыянт. Лізавета ж паспрабавала сябе ў новым амплуа: летась яна была ўдзельніцай абласнога этапу алімпіяды па матэматыцы, а сёлета атрымала запрашэнне на хімію (А.В.Марозава) і біялогію (В.А.Жыткая), аддаўшы перавагу апошняй.
Адразу дзве вучаніцы 9 класаў – Злата Клачок (І.У.Леснічэнка) з Ушацкай школы і Кацярына Халімоненка (І.А.Алексяёнак) з Ільюшынскай – прадстаўлялі раён на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. У лік пераможцаў трапіла Злата – у яе дыплом ІІ ступені, але ж і выступленне Кацярыны было на высокім узроўні! Як, зрэшты, і навічкоў абласнога інтэлектуальнага спаборніцтва, вучняў Ушацкай школы Віялеты Птушко – па матэматыцы (Н.М.Герцык) і Ільі Косых – па фізіцы (В.М.Герцык).
Л.Давыдаў і Л.Літвінава ў складзе каманды Віцебскай вобласці прымуць удзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.