Владимир Демешко — хороший соцработник и отличный хозяин

Экономика и малый бизнес

Закаціў веласіпед у двор, скінуў куртку – і пабег… Першая справа, вядома, – сагрэць чалавека. У.У.Дзямешка ідзе па дровы, выносіць попел, каб можна было распаліць у печы. Потым спяшаецца па ваду да студні. Наступнымі ў чарзе – паход у магазін, мыццё падлогі… і хоць крышачку размовы з гаспадаром дома. Для сваіх падапечных сацыяльны работнік часта становіцца, бадай, адзіным выратавальнікам ад адзіноты.

Зараз на абслугоўванні Уладзіміра Уладзіміравіча знаходзіцца 9 чалавек, жыхароў вёсак Белае, Немірова, Мосар. Усе яны паважаюць і цэняць свайго надзейнага памочніка.

У прафесію мужчына прыйшоў два гады таму. Доўгі час быў трактарыстам у калгасе “Адважны барацьбіт”. Пазней працаваў паштальёнам. Аднак з закрыццём аддзялення сувязі быў вымушаны шукаць новае месца. Так У.У.Дзямешка трапіў у ТЦСАН Ушацкага раёна.

– Воляй лёсу стаў, калі можна так сказаць, майстрам на ўсе рукі, – усміхаецца мужчына. – Цяпер для мяне і падлогу памыць, і градку прапалоць, чым раней не займаўся, скідваючы гэтыя справы на жонку, – зусім не праблема.

Сацыяльны работнік расказвае, што да некаторых падапечных даводзіцца забягаць некалькі разоў на дзень: праверыць печку, каб не ўчадзелі, паглядзець, ці добра сябе адчуваюць. Пра складанасці абавязкаў мужчына не разважае – проста робіць усё, што трэба. Па яго словах, сама прафесія не церпіць выпадковых людзей: каб тут працаваць, трэба мець чуллівую душу.

Дзякуючы невялікім адлегласцям (сям’я У.У.Дзямешкі пражывае ў Белым), да бабуль і дзядуляў ён дабіраецца звычайна на веласіпедзе ці пешшу. Калі ж трэба адвезці падапечных у бальніцу ці дапамагчы ім даставіць які-небудзь груз, бярэ ўласны аўтамабіль. Зрэшты, для У.У.Дзямешкі няма падзелу ў зносінах з людзьмі па прынцыпе “маё – чужое” – падзеліцца апошнім, апрацуе агарод сваім канём, не лічачыся з вольным часам, прыйдзе на дапамогу па першай жа просьбе.

Між тым, клопатаў ва Уладзіміра Уладзіміравіча хапае і дома. Разам з жонкай трымаюць немалую гаспадарку: карову, каня, казу, курэй. Заўсёды парадак на агародзе і ў двары Дзямешкаў. Напэўна, таму так любіць прыязджаць сюды іх дарослы сын з сям’ёй і так камфортна адчувае сябе ў вёсцы яе самая юная жыхарка – дачушка героя нашага аповеду Ангеліна, якая вучыцца зараз у 7 класе Арэхаўскай школы.

Галоўнай узнагародай для сябе – і дома, і на рабоце – мужчына лічыць шчаслівыя вочы людзей, што знаходзяцца побач. Рабіць дабро і адчуваць людскую ўдзячнасць – лепшы стымул для прафесійнай дзейнасці і жыцця.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *