Воспитанники Ушачской детской школы искусств успешно выступили на зональном этапе конкурса исполнителей на народных инструментах им.И.Жиновича

Наши дети

Народная музыка – непадуладная гадам каштоў­насць, здольная захаваць адметныя рысы нацыі. Мяняецца музычная мода, але па-ранейшаму гучаць на нашых сцэнах баян і цымбалы, балалайка і акардэон, і ўсё новыя пакаленні беларусаў ахвотна асвойваюць культуру продкаў. Пра шырыню і паспяховасць гэтага працэсу сведчыць Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча сярод навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, які па-сутнасці з’яўляецца маштабным аглядам майстэрства юных музыкантаў нашай краіны.

Актыўны ўдзел у конкурсе, які праводзіцца раз у тры гады, заўсёды прымаюць і ўшачане. Сёлета на занальным этапе, што праходзіў у Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы, паспрабавалі свае сілы сямёра навучэнцаў нашай школы мастацтваў. Тры з іх – балалаечнікі Іван Паршонак і Марат Клачок, а таксама цымбалістка Аліна Герцык – прайшлі на абласны тур, які праводзіўся на базе ДШМ імя А.Багатырова ў Віцебску. Дасягнуць жа гэтага поспеху ім дапамагалі педагогі Галіна Уладзіміраўна Хвошч, Генадзь Пятровіч Савіцкі, Ірына Васільеўна Коршун і, канечне, канцэртмайстры Святлана Раманаўна Валова і Аліна Аляксандраўна Сідарчук, якія знаходзіліся побач на сцэне.

Для Вані гэта быў творчы дэбют на канцэрце падобнага рангу, аднак на пытанне, ці моцным было хваляванне, ён адказвае: “Абсалютна не!” Увогуле хлопчык выклікае ўражанне сур’ёзнага, удумлівага чалавека, а сярод прадметаў агульнаадукацыйнай школы аддае перавагу фізіцы. У музыцы ж не абмяжоўваецца толькі народным напрамкам і з цікавасцю слухае, напрыклад, Макса Каржа.

Цяжка ўявіць сабе больш актыўнага і шматграннага чалавека, чым Марат, які паспявае праяўляць сябе і ў вучобе, і ў самай рознай творчасці, і амаль штодня наведваць спарткомплекс. “Галоўнае – правільна спланаваць дзень і не марнаваць час: у жыцці так шмат цікавага і трэба высветліць, дзе ты сябе лепш за ўсё зможаш праявіць”, – разважае хлопец.

А вось Аліна з гэтым выбарам практычна вызначылася: праз год, пасля заканчэння 9 класаў, мяркуе паступаць у Наваполацкі музычны каледж і працягнуць сямейную дынастыю, бо ў гэтай установе вучыцца яе брат Арцём. Трэба сказаць, што Аліна ўжо вопытны “баец” – гэта другі яе ўдзел у конкурсе імя І.І.Жыновіча, а год таму мы пісалі пра выдатнае выступленне дзяўчыны на фестывалі юных цымбалістаў “Перазвоны” ў Мінску. У тым, што яна імкнецца стаць прафесійным музыкантам, вялікая заслуга педагога. Па словах Аліны, Ірына Васільеўна не толькі захапіла яе народнай музыкай, але і стала блізкім чалавекам, з якім можна падзяліцца нават асабістымі сакрэтамі. Зрэшты, падобнае могуць сказаць пра сваіх педагогаў і хлопчыкі.

“Мы хваляваліся, напэўна, больш за выхаванцаў! – дзеляцца ўражаннем ад конкурсу Г.Хвошч і Г.Савіцкі. – Узровень абласнога тура заўсёды вельмі высокі, скласці канкурэнцыю музыкантам з Віцебска, Наваполацка, Оршы няпроста, і было прыемна, што нашы дзеці выглядалі на іх фоне вельмі дастойна. Зрэшты, дасягнуць адметнага выканаўчага майстэрства ім безумоўна дапамагае і тое, што яны з’яўляюцца не проста ўдзельнікамі, а асноўнымі “штыкамі” ўзорнага аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Маргарыты Андрэеўны Грынберг”.

Удзел у падобных конкурсах вельмі карысны для юных выканаўцаў, бо дае магчымасць ацаніць свае здольнасці, адчуць дух спаборніцтва. І няхай не ўсім пакарыцца ў далейшым музычны Алімп, але скарбніца народнай творчасці, да якой яны датыкаюцца, аздобіць іх жыццё спрадвечнай мудрасцю і прыгажосцю.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: Г.Савіцкі, М.Клачок, А.Герцык, І.Паршонак, Г.Хвошч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *