Работа энергетиков незаметная, но очень важная!

К профессиональному празднику Общество

Прафесійнае свята ў начальніка раёна электрычных сетак Васіля Мікалаевіча Варанько асацыіруецца з самай доўгай ноччу, а значыць і найбольшай запатрабаванасцю энергетыкаў. Быццам наўмысна падбіралі… “Не, проста так супала, што адзіны план па электрыфікацыі краіны (ГОЭЛРО) быў падпісаны У.І.Леніным менавіта 22 снежня 1920 года. Ад “лямпачкі Ільіча” і адлічваем сваю гісторыю, хаця ў апошняй вёсцы Ушацкага раёна яна загарэлася толькі ў канцы 60-х, – тлумачыць Васіль Мікалаевіч. – У нас наогул нетыповая служба, самыя вялікія аб’ёмы работы падчас аранжавага ці чырвонага ўзроўню небяспекі, калі людзей папярэджваюць без патрэбы не выходзіць на вуліцу”.

Перад выездам на лінію брыгада Сяргея Міхайлавіча Маковіча прабывала ў выдатным настроі. Не “штарміць”, светла, лёгкі марозец. Самы час на планавыя аперацыі, якой і з’яўляўся рамонт лініі ў Косаўшчыне. Парыў экстранна ліквідавалі ноччу гэтым летам – тады падчас стыхіі паваліла дрэва. Зараз жа, калі няма дачнікаў, усё падціснулі, праверылі, пастараліся вярнуць лініям першапачатковы стан. У наступныя два дні перад прафесійным святам энергетыкі праводзілі больш маштабныя аперацыі па замене сетак. Намнога лепшыя, чым раней – сучасныя, яны з’явіліся ў цяжкадаступных месцах ля Чарнаручча, а таксама ў гарпасёлку. У першым выпадку, каб правады не былі такімі неабароненымі, у другім, каб не здарылася трагедыі падчас рыбалкі. Так, вудзіць на рэчцы Ушачы можна будзе спакойна нават з вуглепластыкавымі прыладамі – ля вадаёмаў лініі практычна поўнасцю заменены на ізаляваныя.

Калі Васіль Мікалаевіч Варанько адмовіўся вылучыць лепшых работнікаў, сказаўшы лаканічнае “ў нас дрэнных няма”, палічыла гэта нежаданнем некага пакрыўдзіць, не назваўшы. А падчас гутаркі з майстрам С.М.Маковічам пераканалася, што ў калектыве няма не толькі дрэнных, але і выпадковых. “Бывае, адбор праходзяць, а потым не вытрымліваюць. Застаюцца толькі мужныя і адукаваныя, – з гонарам гаворыць Сяргей Міхайлавіч, а ўбачыўшы маю ўсмешку, дадае. – Дарэмна смеяцеся. Уявіце, што вам ноччу з ліхтарыкам трэба ісці па лесе і шукаць абрыў. А гэта гурбы, дзікія звяры, вялікая верагоднасць проста ногі пераламаць. Ці 7-8 кіламетраў па полі. Не гаворачы пра работу на вышыні. Акрамя таго ўсе нашы электраманцёры атрымліваюць нейкую дадатковую прафесію: рабочы люлькі, стропальшчык, вальшчык лесу. У залежнасці ад характару работ і фарміруецца брыгада на выезд. Таму толькі мужныя і вельмі вытрыманыя”.

А яшчэ ўважлівыя і педантычныя да дробязяў, як брыгадзір Васіль Паўлавіч Шорац. Адзін няправільны крок з яго боку ў сераду, і без энергіі застаўся б не толькі наш раён. Менавіта ён адключаў 10-кілавольтную ветку на Косаўшчыну. І толькі пераканаўшыся, што лінія абясточана, брыгада пачынае работу. Задача майстра – правільна расставіць людзей, каб усе былі ў полі зроку, не заміналі адзін аднаму, працавалі строга з захаваннем тэхнікі бяспекі. А за ўсім працэсам, колькі б ні было на раёне брыгад, пільна сочыць аператыўны кіраўнік – дыспетчар. Ён і аварыйная брыгада дзяжураць у выхадныя і святочныя, як сёння. А ў звычайныя будні, падчас якіх працавалі не толькі ў нашым раёне, але ў Полацкім, Расонскім, а таксама ў Верхнядзвінску, выканалі капітальны рамонт 35 падстанцый і 148 кіламетраў ліній, расчысцілі 74 гектары прасекі, апрацавалі гербіцыдамі і скасілі 53 гектары баршчэўніку.

– Нашу ж работу ніхто не заўважае, – гаворыць В.М.Варанько. – Пра нас не прыгадваюць, калі ўсё нармальна. Але варта толькі на некалькі хвілін абясточыць, чаго толькі не пачуеш.

Мне “не пашчасціла” пераканацца ў гэтым уласна. Дзень толькі распачынаўся, стыхій напярэдадні не было. Таму дзяжурны дыспетчар, ветэран вытворчасці Міхаіл Васільевіч Зелянко прыветліва ўсміхнуўся, працягваючы інструктаж з майстрам Дзмітрыем Аляксандравічам Дуброўскім. Але кіраўнік дыспетчарскай службы Аляксандр Аляксандравіч Калітуха ўсё ж даў праслухаць некаторыя запісы тэлефанаванняў. Званок у дзве гадзіны ночы: “Што вы сабе думаеце, святла няма, як дзіця ўрокі вучыць”. У памяці ж кожнага дыспетчара не горш чым на ленце захавалася шмат падобных кур’ёзных выпадкаў. “Але калі чырвоны ўзровень не толькі за вакном, але і на схеме-карце раёна, тады не памятаеш і тэлефанаванняў. Увесь сканцэнтраваны на правільных загадах па адключэнні і перападключэнні ліній, а вярнуўшыся дадому, зняўшы трубку, па інерцыі гаворыш “20 на сувязі”, – усміхаецца А.А.Калітуха.

Кожнаму з пяці сённяшніх дыспетчараў давялося праходзіць такія ўрокі прафесіяналізму. Ну а ў дзень майго наведвання іх адпрацоўваў Сяргей Мікалаевіч Шах. Гэта быў той нетыповы выпадак, калі ў дыспетчарскай кіравала адразу два спецыялісты. Толькі М.В.Зелянко – рэальнымі аперацыямі, а С.М.Шах – умоўнымі – праводзілася планавыя рэспубліканская адпрацоўка.

У іх галіне многа ўвагі надаецца падрыхтоўцы, абучэнню, прычым пастаяннаму, штогадоваму ў спецыяльным цэнтры ў Віцебску. І, канечне, тэхніцы бяспекі і аказанню першай неабходнай дапамогі. Для гэтага нават папоўніўся штат. Да 64 энергетыкаў далучыўся Гоша. Так назвалі спецыяльны манекен, на якім галоўны інжынер Валерый Іванавіч Лемеш  будзе прымаць у кожнага супрацоўніка тэст па рэанімацыі пацярпелага. Прычым, ці атрымалася гэта, падкажа сам Гоша: калі правільна зроблены непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне – загарацца адпаведныя лямпачкі.

Ну а самі ж энергетыкі імкнуцца заставацца ў форме, для чаго, напрыклад, за сродкі прафкама два разы на тыдні арандуюць залу на комплексе “Юнацтва-Ушачы” і гуляюць у валейбол, міні-футбол. Па гэтых відах на нашай пляцоўцы прайшлі сёлета іх галіновыя спаборніцтвы, на якіх ушачане занялі другое і чацвёртае месцы. І хочацца, каб заўважанымі яны і заставаліся падчас розных мерапрыемстваў, а па буднях – усё ж лепш “непрыкметнымі”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *