Надёжный барьер для микробов. В Ушачской ЦРБ завершился ремонт стерилизационного отделения

Общество

Ва Ушацкай ЦРБ завяршыўся бягучы рамонт цэнтралізаванага стэрылізацыйнага аддзялення. Неабходнасць яго правядзення наспела даўно, пра што сведчылі “вецер” з вокнаў, расколіны на сценах, абсыпаная тынкоўка… Абноўленае ж памяшканне стала сапраўдным падарункам для работнікаў ЦСА і ўсёй бальніцы.

– Гэтае аддзяленне – свайго роду “сэрца” ўстановы, – кажа галоўны ўрач С.А.Маісееў. – Яно забяспечвае нас стэрыльнымі інструментамі і перавязачнымі матэрыяламі, неабходнымі для правядзення розных медыцынскіх маніпуляцый. Таму вельмі рады, што, нарэшце, прывялі тут усё ў парадак.

Работы на аб’екце праводзілі дзяржаўнае прадпрыемства “Вітмедбуд” і ПУП “Ніксілбуд”. За некалькі месяцаў адрамантаваны столь і сістэма каналізацыі, устаноўлены пластыкавыя вокны, зроблена “касметыка” памяшканняў з поўнай заменай пліткі – на гэта затрачана каля 45 тысяч рублёў. Закуплена для аддзялення і новая мэбля.

– Працаваць у такіх умовах – адно задавальненне, – засведчыла санітарка Ірына Мікалаеўна Бурак (на здымку), праводзячы для нас невялікую экскурсію па абноўленым ЦСА. – Вось у гэтых сучасных камерах-стэрылізатарах інструментарый апрацоўваецца парай пад высокім ціскам, у выніку чаго гінуць усе мікробы, грыбкі, вірусы. А не “назбіраць” іх зноў дапамагаюць розныя шляхі прыёму рэчаў і іх выдачы. Усё – у строгай адпаведнасці з санітарнымі нормамі і патрабаваннямі.

– Ад сябе асабіста і ўсяго калектыву бальніцы, – зазначае Сяргей Анатольевіч, – хачу выказаць словы ўдзячнасці нашаму дэпутату, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку, а таксама старшыні Ушацкага раённага выканаўчага камітэта Уладзіміру Генадзьевічу Аўдошку за падтрымку ў вырашэнні адзначанага пытання. У выйгрышы ад гэтага – усе нашы пацыенты і сістэма аховы здароўя Ушаччыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *