
– І яе дапамозе мы ўдзячны, – заўважыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Вось і цяпер рамонтам займаецца ў хаце. Зразумела, страву гатуе. Калі яе няма, то гэта робіць бацька, бо служыў у арміі поварам.
– А ў вас, мужчын, гарачая пара – сенакос.
– Так. Зараз паедзем саграбаць сена.
На падворку стаяў такі вялікі стог сена, відаць, для немалой прыватнай фермы прадназначаны. Спытала пра гэта ў свайго субяседніка. І ён пералічыў: маюцца дзве каровы, пятнаццаць авечак, куры. Кармы нарыхтоўваюцца з двухгектарнай плошчы, дзе і сенакос, і агарод: пасаджана бульба, гародніна, пасеяны ячмень. Маюцца ягадныя кусты: белых, чорных, чырвоных парэчак, агрэсту. Сястра Уладзіміра Уладзіміравіча робіць закаткі. Займаецца сям’я Фокіных крыху і пчалярствам. А колькі зручнасцей і ўдасканалення вакол хаты. Мне цікава было абысці вакол сядзібы, усё паглядзець. У двары выкапана студня. Вада ў ёй крыштальная, захоўваецца такой доўга, ад ключа, які б’е з-пад горкі над возерам. Суседзі таксама прыходзяць браць. За хатай ёсць лазня, летняя душавая, дзе можна памыцца і цёплай вадой, якая падаецца па трубах. Зусім непадалёк – прыгожае возера, але людзям працавітым любавацца ім няма калі. Лета – пара назапашвання.
У дзень майго прыезду да Фокіных не толькі сена было на павестцы дня. Увечары трэба было сабраць агуркі. Уладзімір Уладзіміравіч па маёй просьбе паказаў парнікі. Яны зроблены прасторныя, метраў па пятнаццаць. У двух убачыла такія прыгожыя зялёныя агуркі, кожны з захаваўшайся жоўтай кветачкай на канцы. Яшчэ ў адным парніку чырванелі памідоры. Залюбавалася перцамі і пацісонамі, якія ўбачыла далей у агародзе. Гэтыя пасадкі – ля другога дома, не таго, ля якога мы сядзелі. Той, па-сутнасці, бацькаў, а гэты – Уладзіміра Уладзіміравіча. Але жывуць родныя людзі разам. Ледзьве ўгаварыла, ды сабраліся разам, сфатаграфавала. Такія высокія, прыгожыя, працавітыя: бацька, дачка і сын.
сям’я Фокіных.