Горячае дело

Общество

Юрый Жогаль кіруе пажарным аварыйна-выратавальным пастом №12 у вёсцы Глыбачка з самага заснавання – 1995 года. Наваселле, а з ім і першае дзяжурства, выпала на 21 жніўня. Пад апеку супрацоўнікаў мясцовага паста МНС выдзелілі тэрыторыю Глыбачанскага і Вяркудскага сельсаветаў. На дадзены момант на пасце працуюць восем чалавек.

Дзейнасць Глыбачанскага паста не застаецца без увагі кіраўніцтва. Сярод узнагарод, што адзначаюць працу перш-наперш начальніка паста, – медаль “150 гадоў пажарнай службе” і Ганаровая грамата раённага выканаўчага камітэта. Гэта і не дзіўна, бо адказнасць за дзеянні каманды ляжыць менавіта на плячах Юрыя Анатольевіча. “Кожны трывожны званок – заўсёды стрэс для ўсіх нас, – расказвае ён. – Адзінае, пра што думаеш у такія хвіліны: “Толькі б абышлося без ахвяраў”.

Вырваць жыццё чалавека з лап агню – задача са складаных. За сем месяцаў з пачатку 2010 года на тэрыторыі Ушацкага раёна адбылося 19 пажараў, у выніку якіх згарэлі трое. За той жа тэрмін у мінулым годзе – 23 узгаранні і двое загінуўшых. Асноўная прычына няшчасных выпадкаў – неасцярожнае абыходжанне з агнём. Але бываюць і іншыя сітуацыі. Напрыклад, нядаўна ў Вяркудскім аддзяленні кругласутачнага пражывання сігнал трывогі спрацаваў з-за перабою электрычнасці, які ў сваю чаргу выклікала маланка.

Што датычыцца лясных пажараў – гэта ўжо вобласць дзеяння Глыбачанскага лясніцтва. Але ў сувязі з тым, што дадзеная праблема актуальная як ніколі, супрацоўнікі паста №12 праводзілі сумесныя рэйды па мясцовых лясных масівах. “Пажаранебяспечнае становішча — падстава далучацца да леснікоў з мэтай прадухіліць узгаранні, – расказвае Юрый Анатольевіч. – У іншыя часы мы таксама супрацоўнічаем, дапамагаем адзін аднаму”.

Глыбачанскаму пажарна-выратавальнаму пасту споўнілася 15 гадоў. Па мерках звычайнага чалавечага жыцця – гэта час юнацтва. А па мерках жыцця ва ўмовах надзвычайнасці – узрост вопыту і прафесійнай мудрасці. І нават зараз, пакуль мы, не спяшаючыся, займаемся сваімі справамі, яны напагатове тушыць, ратаваць, абараняць…

Ірына КАРЭЛІНА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

На здымку:

вадзіцель А.Сурынаў і начальнік паста Ю.Жогаль.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *