Новые гаражи и помещение для отдыха работников строятся в Глыбочанском лесничестве

Общество

Работнікаў лясной гаспадаркі застаць “на базе” можна хіба што раніцай, пакуль яны не раз’ехаліся па ўчастках. Таму, калі ў разгар дня ўбачылі на тэрыторыі Глыбачанскага лясніцтва занятых справай людзей – не маглі не пацікавіцца, што тут адбываецца.

“Наводзім прыгажосць!” – малады ляснічы Артур Арцюх традыцыйна сустрэў нас прыветлівай усмешкай і паказаў у бок новых сучасных пабудоў, што з’явіліся ў двары. У гэтых памяшканнях размесцяцца гаражы для чатырох адзінак тэхнікі лясніцтва, боксы для абсталявання, а таксама раздзявалка і пакой адпачынку для работнікаў. Некалькі з іх, прынамсі, і шчыравалі ў гэты дзень на будаўніцтве: рабілі скатны ганак, залівалі дарожкі. Калі з узвядзеннем пабудоў дапамаглі прафесіяналы са сталіцы і мясцовага прадпрыемства “Ніксілбуд”, то работы па добраўпарадкаванні ў мэтах эканоміі сродкаў робяць сваімі сіламі. Зрэшты, якасць ад гэтага не бракуе: у працоўным калектыве ёсць майстры на ўсе рукі – такія, напрыклад, як Мікалай Мікалаевіч Ягадка. “У мяне дзяды былі чырванадрэўшчыкамі, ды і сам дзесяць год адпрацаваў у сталярцы!” – вычарпальна характарызуе ляснік сваю будаўнічую прафпрыдатнасць. Увогуле бачна, што мужчыны стараюцца, бо разумеюць – працуюць для сваёй зручнасці і камфорту. У сваю чаргу, калегі на гэты час узялі на сябе іх непасрэдныя прафесійныя абавязкі.

Калі ж будаўнічыя работы будуць завершаны, глыбачанскія лесаводы зоймуцца ландшафтным дызайнам – расплануюць новыя кветнікі, створаць малыя архітэктурныя формы. У гэтым яны таксама адметныя майстры, аб чым сведчыць вынік леташняга раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні, дзе лясніцтва стала лепшым сярод прадпрыемстваў лесагаспадаркі і дрэваапрацоўкі. Дарэчы, сёлета падобныя маштабныя абнаўленні закранулі і тэрыторыю Плінскага лясніцтва.

Увогуле трэба сказаць, што ўсе структурныя падраздзяленні Ушацкага лясгаса з’яўляюцца ўпрыгожаннем сельскіх населеных пунктаў. Вельмі пахвальна, што прадпрыемства надае ўвагу не толькі вытворчым паказчыкам, а і ўмовам працы і адпачынку работнікаў, добраўпарадкаванню сваіх аб’ектаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *