Президент Беларуси Александр Лукашенко встретился с активом Витебской области и открыл «Славянский базар»

Общество

На бягучым тыдні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку на Віцебшчыну, падчас якой прыняў удзел у адкрыцці пуцеправода “Полацкі” і міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” у Віцебску”, а таксама сустрэўся з актывам вобласці, у склад якога ўвайшлі дэлегацыі ўсіх раёнаў, у тым ліку і нашага. Кіраўнік дзяржавы даў ацэнку развіццю рэгіёну за апошнія гады і абазначыў перспектывы на бліжэйшы час. Па яго словах, за апошнюю пяцігодку, якая была няпростай, зроблена многае, але наперадзе яшчэ шмат спраў.

Рэформы дзеля выніку

Прэзідэнт закрануў тэму рэформ, пра якія любяць казаць альтэрнатыўшчыкі-апаненты ўлады. «Рэформы – гэта не зламаць і знішчыць (усё знесці дашчэнту, а потым мы нешта пабудуем). Не паддавайцеся на гэтыя неразумныя размовы, – заклікаў беларускі лідар. – Наша рэформа – гэта ўдасканаленне таго, што ёсць. Мы павінны развіваць тыя вытворчасці, на базе якіх існуе Беларусь».

Прэзідэнт заявіў, што Віцебшчыне трэба больш актыўна пашыраць турыстычны комплекс. У якасці прыкладу ён прывёў абласны цэнтр. «Так, «Славянскі базар» заўсёды падганяў, падцягваў і Віцебск, і вобласць, але да гэтага ўсяго трэба было прыкласці рукі», – адзначыў беларускі лідар. Ён упэўнены, што ў развіцці турыстычнага комплексу наш паўночны рэгіён атрымае добры вынік. А гэта і зарплаты людзей, павышэнне узроўню жыцця.

На многіх прадпрыемствах вобласці ў апошнія гады рэалізаваны праекты па мадэрнізацыі, развіцці вытворчасцей. Гэта не толькі нафтахімічны комплекс, але і, напрыклад, значна абноўлены Аршанскі льнокамбінат. Прыкладамі паспяховага супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага бізнесу з’яўляецца холдынг «Марко», дзе пасля мадэрнізацыі будзе выпускацца да 5 млн. пар абутку, «Віцязь”, дзе стварылі сучасную вытворчасць зараднай інфраструктуры для электрамабіляў. “Але гэтага мала. Я ўважліва назіраю за развіццём гэтага прадпрыемства», – звярнуў увагу беларускі лідар.

У Аршанскім раёне пачаўся паэтапны ўвод у эксплуатацыю аднаго з буйнейшых у краіне лагістычных цэнтраў, завершана рэалізацыя знакавых інвестыцыйных праектаў у сферы альтэрнатыўнай энергетыкі, уведзены ў эксплуатацыю самыя магутныя ў краіне Віцебская і Полацкая гідраэлектрастанцыі. Рэалізаваны і шэраг іншых праектаў, важных для эканомікі не толькі вобласці, але і Беларусі ў цэлым.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе абласныя цэнтры краіны злучаны з Мінскам добрымі сучаснымі дарогамі, аднак на гэтым спыняцца нельга. У прыватнасці, неабходна мадэрнізаваць аўтадарогу з Мінска на Полацк, якая праходзіць праз Лагойскі і 4 раёны Віцебшчыны – Докшыцкі, Лепельскі, Ушацкі і Полацкі. «У нас няма праблем праехаць па аўтамабільных дарогах або чыгунцы ў Віцебск. Але я вельмі хацеў бы, каб мы пабудавалі гэту дарогу. За пару гадоў мы яе прывядзём у добры стан, а потым дабудуем чатырохпалосную – такую, як Брэст-Масква або на Гомель, Магілёў», – агучыў планы беларускі лідар.

Экспарт і імпартазамяшчэнне

«Экспарт будзе асноўным напрамкам нашай дзейнасці. Гэта валюта, без якой краіна існаваць не можа. І гэту валюту трэба зарабіць», – заявіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што будзе прадоўжана работа па асваенні новых рынкаў, Беларусь паступова пераходзіць да формулы экспарту «трэць-трэць-трэць» – па трэці паставак будзе прыпадаць на Расію і рынкі ЕАЭС, Еўрасаюз, а таксама краіны далёкай дугі.

«У бягучай пяцігодцы праведзена рэканструкцыя тэхналагічных установак на «Нафтане». Гэта адзін з флагманаў беларускай нафтаперапрацоўкі. Як і на іншыя смачныя кавалкі нашай эканомікі, на яго было і сёння ёсць шмат жадаючых. Але гэта прадпрыемства для нас стратэгічнае. Гэта экспарт, валютная выручка, пытанне эканамічнай бяспекі краіны. Таму, зразумела, сёння ніякай размовы не можа быць аб прыватызацыі гэтага прадпрыемства, – падкрэсліў А.Лукашэнка. – Мы самі знаходзім грошы і паслядоўна праводзім мадэрнізацыю, каб выйсці на самы высокі ўзровень перапрацоўкі нафты».

Галоўны напрамак

«Ключавая задача ў маштабах вобласці і краіны – развіццё рэгіёнаў. Гэта галоўны будзе напрамак. Трэба развіваць рэгіёны!» – агучыў А.Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў краіне ёсць праграмы і планы па вялікіх і малых гарадах, сельскіх паселішчах, паскораным развіцці гарадоў і раёнаў з насельніцтвам каля 80 тыс. чалавек. І работа гэта пачалася менавіта з Віцебшчыны – з Оршы, дзе вырашана было зрабіць узор, прыклад, па якім павінны развівацца такія рэгіёны. «Але прашу мець на ўвазе, што запатрабаванне за выкананне гэтых праграм будзе вельмі сур’ёзнае», – папярэдзіў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што з 1995 года больш за 103 тыс. сем’яў на Віцебшчыне палепшылі жыллёвыя ўмовы, з іх амаль 8 тыс. – шматдзетныя. Узровень малазабяспечанасці людзей знізіўся з амаль 50% да 6% у 2019 годзе. Рэальныя даходы насельніцтва выраслі амаль у 7 разоў, а зарплаты і пенсіі – у 9. «Вядома, гэта яшчэ не тое, што павінна быць. І будзе больш. Я ў гэтым упэўнены», – падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што як у цэлым па краіне, так і ў Віцебскай вобласці назіраюцца станоўчыя зрухі ў сельскай гаспадарцы. Старшыня аблвыканкама М.Шарснёў паведаміў, што на палях рэгіёну больш за 1 млн. 300 тыс. т збожжа. «Мяне радуе Віцебшчына. Пачалі нядрэнна працаваць, апрацоўваць пасяўныя плошчы, палі, – сказаў А.Лукашэнка. – Нам трэба актывізавацца, нягледзячы ні на якія выбары, убраць збожжа. Выбары завершацца, а есці трэба будзе і пасля 9 жніўня».

Паводле слоў Прэзідэнта, дэмаграфія, асабліва для Віцебскай вобласці, але і ў цэлым для краіны, адна з важнейшых праблем: «Нараджаеце мала. Больш таго, людзі выязджаюць, насельніцтва скарачаецца. Трэба зацікавіць людзей працаваць на гэтай зямлі, замацаваць працоўныя рэсурсы тут. Павінна быць добрая работа і больш-менш нармальная заработная плата». Неабходна забяспечыць людзям умовы, каб яны самі стваралі рабочыя месцы, займаліся сваёй справай. “А ў нас тут непачаты край», – адзначыў кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу ён прывёў дрэваапрацоўку: «У лесе жывём, а дрэваапрацоўкай займаемся, напэўна, працэнтаў на 15-20 да таго, што павінна быць. Трэба развіваць гэтыя напрамкі».

Быць гаспадарамі ў сваёй краіне

А.Лукашэнка лічыць, што ў заходніх партнёраў ёсць чаму павучыцца, у прыватнасці, развіццю бізнесу, выкарыстанню новых тэхналогій. «Гэты вопыт трэба вывучаць і ўкараняць у сябе, што мы паспяхова робім», – сказаў ён. Але часам у ацэнцы таго, што адбываецца ў Беларусі, на Захадзе прысутнічаюць двайныя стандарты, асабліва ў перыяд выбараў. «Яны ўжо нам пачынаюць намякаць: вы глядзіце, каб усё было дэмакратычна, каб на вуліцы не было сутыкненняў…», – заўважыў Прэзідэнт і ў сувязі з гэтым згадаў аб падыходах праваахоўнікаў у час дэманстрацый «жоўтых камізэлек» у Францыі і апошнія народныя хваляванні ў ЗША. «Бачыце, што там адбываецца. Там без слёзатачывага газу не абыходзіцца. Пакрытыкуйце Трампа, ЗША за адсутнасць дэмакратыі. На Расію паспрабуйце наехаць. Пабойваюцца. І вось яны, напэўна, вырашылі зноў патрэніравацца на Беларусі. Не атрымаецца», – сказаў А.Лукашэнка.

«Хочаце назіраць за выбарамі – калі ласка, заўтра прыязджайце. Мы не супраць, не хаваемся. Але нам паказваць пальцам, як жыць, не трэба. Мы ведаем, як жыць. У сябе трэба разабрацца. Там праблем больш за ўсё. Але, ведаеце, свае праблемы хочацца схаваць за шырмай суседніх, – падкрэсліў беларускі лідар. – Нам трэба мець на ўвазе, што дысцыпліна, выканальніцкая і тэхналагічная, і стабільнасць у дзяржаве – гэта аснова любога развіцця. Ніякія майданы і рэвалюцыі нас не выратуюць».

* * *

Уражаннямі ад сустрэчы з кіраўніком дзяржавы падзяліліся некаторыя ўдзельнікі дэлегацыі ад нашага раёна.

Н.М.Марковіч, старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў:

– У 2015 годзе мне давялося прымаць удзел у цырымоніі інаўгурацыі А.Лукашэнкі на пасаду Прэзідэнта. Тады акрэсліваліся задачы, планы развіцця рэспублікі на бліжэйшую перспектыву. І вось зараз на сустрэчы з актывам вобласці кіраўнік дзяржавы падводзіў рысу пад вынікамі дзейнасці органаў улады – без прыкрас, шчыра вёў размову не толькі аб дасягненнях, а і не ўтойваў праблем, прапаноўваў шляхі іх вырашэння. Бачна, што чалавек самааддана любіць краіну, служэнню якой прысвячае сябе без астатку. Прычым, адкрыта кажа, што дзеля развіцця Беларусі, паступовага яе руху наперад прыходзіцца часам прымаць і непапулярныя рашэнні. Зразумела, гэта падабаецца не ўсім. Не можа не радаваць тое, што Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на прыярытэтах развіцця рэгіёнаў, малых гарадоў, да якіх адносімся і мы – падтрымка дзяржавы будзе, трэба толькі падмацаваць яе сумленнай працай на месцах.

Н.В.Стрыжонак, намеснік дырэктара Ушацкай сярэдняй школы:

– Тры гадзіны сустрэчы прайшлі на адным дыханні. Прэзідэнт у чарговы раз паказаў сябе моцным лідарам, які нягледзячы на знешні націск праводзіць палітыку ў інтарэсах нашага народа. Уразіла яго дасведчанасць аб самых розных аспектах сацыяльна-эканамічнага жыцця нашай вобласці, жаданне аказаць дапамогу ў развіцці рэгіёну. Пры гэтым А.Лукашэнка не абяцае “залатыя горы” – трэба разумець, што нічога з неба нам не зваліцца і ўсяго неабходна дабівацца сваім мазалём. Як работнік сістэмы адукацыі заўважу, што нашай сферы грэх жаліцца на недахоп увагі з боку дзяржавы – школы і іншыя ўстановы забяспечаны ўсім неабходным. Адметна і тое, што Прэзідэнт не пераўтварыў сустрэчу ў агітацыйнае мерапрыемства, справядліва зазначыўшы, што беларускі народ 9 жніўня зробіць узважаны выбар – па рэальных справах, а не прапагандысцкіх закліках.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *