Столетняя жительница Замошья Мария Краснова не собирается покидать родной край

Общество

Гэтымі марознымі днямі ў вёсачцы Замошша-1, што раскінулася на маляўнічым беразе Плінскага возера, асабліва ціха і прыгожа – здаецца, што рух часу, які ў гарадской мітусні ўцякае бы пясок скрозь пальцы, тут запаволіўся, а стромкія сосны ля дарогі шапацяць пра нешта даўняе і запаветнае. Але ёсць у Замошшы і сапраўдная сведка падзей апошняга веку – мясцовая жыхарка Марыя Фёдараўна Краснова 16 студзеня адзначыла свой соты дзень нараджэння!

Прынамсі, калі кіравацца афіцыйнымі данымі, то жанчыне сёлета споўнілася 98, аднак і яна, і яе родныя цалкам упэўнены, што ў даваенны час, як часта было ў сялянскіх сем’ях, пры складанні метрыкі дзяўчынку на два гады “памаладзілі”. Для свайго “грасмайстарскага” ўзросту Марыя Фёдараўна выглядае і трымаецца даволі бадзёра: падводзяць зрок і слых, ды і сіл апошнім часам не стае, аднак гасцей з рэдакцыі сустракала ў сваім любімым крэсле, дзякавала за віншаванні і ахвотна дзялілася ўспамінамі. “Для мяне самае горкае – што рабіць ужо нічога не магу. Я ж за жыццё адпачываць не прывыкла – даўней ні паспаць, ні паесці не было часу: кавалак хлеба ў руку – і пабегла на ферму…”

“Гэта толькі ў апошні год мама “ўціхамірылася”, а яшчэ летась хапала венік, каб падлогу месці, крапіву курам ірвала”, – распавядае дачка Роза Аркадзьеўна, якая разам з мужам Віктарам Сцяпанавічам перасялілася з Полацка ў Замошша, каб даглядаць матулю. Зручней было б, канечне, забраць яе ў горад, але Марыя Фёдараўна ад такога варыянту наадрэз адмовілася: “Тут нарадзілася, тут і памру!”

І сапраўды, з роднай вёсачкі яна за ўвесь век лічы што і не выязджала. Нават у вайну: калі немцы прыйшлі ў Замошша, дзяўчына якраз хварэла на тыф, дык яны, зазірнуўшы ў хату, шпарка сышлі, нікога не зачапіўшы. Тым не менш да перамогі ў іх сям’і дажылі толькі жанчыны. У партызанскім атрадзе ваяваў яе любімы брацік: калі яго забілі, Марыі нават доўга пра гэта не казалі і дзяўчына ўсё пыталася, чаму Андрэйка даўно не прыходзіць. Другі брат загінуў на Украіне, а бацька памёр на вачах у сваіх родных ад апендыцыту.

Пасля вайны Марыя выйшла замуж за мясцовага хлопца Аркадзя. Працавалі ў калгасе “Бальшавік”. Талковага мужчыну прызначылі брыгадзірам: ён умела арганізоўваў працу і сам паказваў у ёй прыклад, шчыра клапаціўся, каб калгаснікі добра зараблялі. Гэткай жа спрытнай у працы была і Марыя: шчыравала на тых участках, дзе была патрэба: і птушку даглядала, і цялят на ферме, ды і на ўласным падворку якой толькі жывёлы ні было. Вельмі працавітымі выхавалі Красновы і дзвюх дачок, якія з дзяцінства мелі свае абавязкі па гаспадарцы. “Руплівасць прыносіла плён: жылі мы па вясковых мерках заможна, нават першымі ў наваколлі займелі каляровы тэлевізар, – прыгадвае Роза Аркадзьеўна. – А калі тату было 56 год, ён купіў “Жыгулі” і сказаў маме: “Вось, Марыя, хутка выйду на пенсію і будзем з табой падарожнічаць!” Толькі не спраўдзілася гэта… Праз год ён раптоўна захварэў і памёр. Памятаю, як плакалі на пахаванні ўсе мясцовыя даярачкі, якія вельмі любілі свайго брыгадзіра, а людзей на памінкі прыйшло столькі, што садзілі іх у хаце аж у чатыры заходы…”

Так і не пабачыла Марыя свет – застаўшыся ўдавой, адна цягнула гаспадарку, дапамагала дзецям і ўнукам. І менавіта ў пастаянным руху, у фізічнай актыўнасці бачыць яна асноўную крыніцу свайго даўгалецця. А яшчэ – у лёгкасці характару, уменні пазітыўна ўспрымаць жыццё. Нездарма ў іх хаце заўсёды ахвотна прымалі гасцей, а калі ў наваколлі ладзілася вяселле ці хрэсьбіны – абавязкова Марыйку клікалі як першую ў вёсцы пявунню. “Ды нават і цяпер, калі мой брат у госці прыязджае, дастаём з каморы гармонік ды заводзім цешчыну любімую “Как в саду при долине” – і Марыя Фёдараўна падцягвае!”, – з усмешкай распавядае зяць Віктар Сцяпанавіч.

Ён таксама тутэйшы – з Пліна, таму ўгаворваць яго на пераезд у вёску не давялося. Заняць сябе ёсць чым: завялі гаспадарку, гадавалі коз, свіней, тры цяпліцы ў агародзе, лес побач. Зімой – на рыбалку: нават жонку да гэтай справы прыцягнуў. “Добра ў нас тут! – зазначае Роза Аркадзьеўна. – Дровы заказаць – няма праблемы, аўталаўка спраўна прыходзіць, ды такі хлопец на ёй добры працуе – прывязе ўсё, што папросіш. Кветкі вельмі люблю – мы з суседкай Нюрай Крацёнак мясцовае спаборніцтва па прыгажосці палісадаў устройваем. Яна ж працаўніца, якіх свет не бачыў, зараз прыхварэла, сын забраў ва Ушачы, але ведаю, што вельмі хоча хутчэй дамоў вярнуцца. І яе, і маму сваю я цалкам разумею. Родная зямелька – гаючая, дзячыць за праліты на яе пот жыватворнымі сіламі”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *