Красная дата семьи Алабиных

Общество

7 лістапада – дзень нараджэння сям’і Алабіных. Прычым не адной, а адразу дзвюх. Бо сын Аляксандра Сяргеевіча і Ларысы Аляксееўны спецыяльна спыніўся на гэтай шчаслівай даце, калі 18 гадоў таму выбіраў дзень рэгістрацыі. Шлюб Сяргея і Аксаны прыпаў на срэбранае вяселле бацькоў. І кожная круглая дата для іх – абавязкова двайны юбілей.

Сваім знаёмствам Алабіны старэйшыя абавязаны славутай Віцебскай дэсантнай дывізіі. Там больш трох гадоў служыў Аляксандр Сяргеевіч, быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, а ўсе масавыя мерапрыемствы праходзілі разам са студэнтамі Віцебскага педагагічнага інстытута. Вяселле адзначалі двойчы: маладзёжнае – у Віцебску і сваякоўскае – ва Ушачах. Усё гэта захавалася на чорна-белых фотаздымках, якія з 12 гадоў навучыўся рабіць глава сям’і. І дзе б ні быў – фотаапарат заўсёды з ім. У стосе альбомаў мы знаходзім унікальныя здымкі скачкоў з самалёта – 44 разы давяраў ён лёс парашуту. Першыя крокі пагоднікаў – сына Сяргея і дачкі Таццяны, якія праходзілі на яго радзіме ў Чэлябінску. Пятнаццаць гадоў там пражыла сям’я, завучам адной са школ працавала Ларыса Аляксееўна, загадчыкам вытворча-тэхнічнага аддзела і парторгам буйнога транспартнага прадпрыемства Аляксандр Сяргеевіч. І не пераязджалі б ва Ушачы, калі б не парады ўрачоў аб перамене клімату.Ва Ушачы фотааматарства часам пераходзіла нават на прафесійны ўзровень, рабіў Аляксандр Сяргеевіч здымкі нават для газеты падчас паездак у сельскагаспадарчыя арганізацыі. Наогул увесь час, калі працаваў інструктарам арганізацыйнага аддзела, загадчыкам сектара інфармацыі райкама партыі, заставаўся актыўным пазаштатным аўтарам “Патрыёта”. За ім было замацавана дванаццаць партарганізацый, пра работу якіх і пісаў. І сёння акуратна захоўваюцца і ўсе выразкі з газеты.

Захапленні бацькі, дарэчы, паўтарыў і Сяргей Аляксандравіч. Ён таксама асвоіў фатаграфію, скакаў з парашутам, трапна страляў і наогул актыўна займаецца спортам.

Цікава, што практычна ўсе Алабіны маюць па дзве вышэйшыя адукацыі. Педагагічны і інстытут марксізма-ленінізма скончыў Аляксандр Сяргеевіч, інжынерная і юрыдычная адукацыя ў начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Сяргея Аляксандравіча, географ і эканаміст – дачка Таццяна, якая і зараз працягвае вучыцца – асвойваць мову, культуру другога народа. Юрыдычную адукацыю атрымоўвае нявестка Аксана Аляксандраўна, якая да гэтага скончыла гандлёвы і лясны тэхнікумы. Ну а педагог Ларыса Аляксееўна ўжо на пенсіі паспяхова асвоіла нялёгкую навуку прадпрымальніцтва.

Штодня ў кватэры Алабіных старэйшых раздаецца званок… з Італіі. Дарагое задавальненне, аднак вельмі цесная сувязь у Тані з роднымі і краінай. Беларускае грамадзянства не толькі ў яе, але і ў сына Луіджыа. Толькі чатыры гады споўнілася хлопцу, а ён, як і маці, авалодвае адразу трыма мовамі. Калі прыязджае ва Ушачы – гаворыць па-руску, у самым паўночным гарадку Італіі Рыджіо Калабрыя – на родным, пераймае ад бацькоў і англійскую. Двойчы былі ў дачкі Алабіны, адпачывалі, знаёміліся са шматлікімі славутасцямі Рыма і наогул Італіі. Яна ж імкнецца штогод прыязджаць дадому.

Летам і збіраецца разам многанацыянальная сям’я. Ва ўнуках жа цячэ руская, беларуская, грэчаская (па нявестцы Аксане) і італьянская кроў. Аднак нягледзячы на розны тэмперамент, усе знаходзяць агульную мову, любяць, паважаюць адзін аднаго. І ў адрамантаваным бацькоўскім доме Ларысы Аляксееўны становіцца яшчэ ўтульней… Калі замалёўкі з натуры робіць Аляксандра (названая ў гонар двух дзядоў) – студэнтка каледжа мастацтва і культуры, будучы мастак-жывапісец, а ў больш далёкіх перспектывах – дызайнер. Калі разам гуляюць больш блізкія па гадах беларуская ўнучка Даша і італьянец Луіджыа. Калі ўсе яны побач.

Чырвоная дата календара, да якой і прымяркоўвалі вяселле Алабіны, стала для іх сям’і шчаслівай.

В.КАРАЛЕНКА.
Здымкі з сямейнага архіва.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *