Не весенняя погода не помешала ушачанам отпраздновать Масленицу

Общество

Хоць і не зусім вясновым было надвор’е ў суботу, але свята Масленіцы расквеціла гэты слотны дзень каляровымі фарбамі і ўзняло настрой усім, хто прыйшоў на пляцоўку ля спарткомплексу “Юнацтва-Ушачы”.

Праграма свята як заўсёды была насычанай: народнымі песнямі, танцамі і прыпеўкамі, гарэзлівымі сцэнкамі і гульнямі забаўлялі ўшачан культработнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, кулінарнымі шэдэўрамі вабілі сталы народнага клуба “Прысмакі” і сельскіх устаноў культуры, сувеніры і латарэі прапаноўвалі Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і народны клуб “Адраджэнне”, вясёлыя конкурсы ладзілі работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

“Паспытайце тварожныя шарыкі: бачыце, якія круглыя ды жоўценькія – як само сонейка!” – рэкламавала сваю выпечку Людміла Міхайлаўна Мядзведзева. “Ммм, якія смачныя! Як вы іх робіце?” – пыталіся “дэгустатары”.  “І бліноў накупілі, і сувеніры набылі, і на коніку пакаталіся!” – дзялілася ўражаннямі Ларыса Леанідаўна Полазава, якая прыйшла на свята з дзвюма ўнучкамі. Увогуле, гэты забаўляльны атракцыён, які традыцыйна ладзіць для малышоў сям’я Свідзінскіх са Строктаў, нязменна карыстаецца асаблівым попытам. Вось і маладыя мамы Вольга Бугай і Кацярына Раманоўская ажыўлена фатаграфавалі сваіх дачушак Дашу і Машу, якія адправіліся ў падарожжа ў прыгожай павозцы. А колькі эмоцый было ў малых, калі яны вярнуліся да матуль! Маша ў знак удзячнасці нават спрабавала пагладзіць “добрага коніка” і сцвярджала, што зусім не баіцца жывёлу, бо ў яе бабулі Кацярыны Васільеўны ёсць кароўка. Дзеці ўвогуле любяць Масленіцу: вось і ў гэты раз з задавальненнем частаваліся салодкай ватай, ладзілі жартоўныя баі мяхамі, а яшчэ і набіраліся карысных ведаў: работнікі РАНС зладзілі сваю пляцоўку, дзе праводзілі віктарыны і раздавалі прызы. “Ты чула, мама, што пакідаць на ноч у разетцы зарадку ад тэлефона небяспечна, а ты часта так робіш!” – “выхоўвала” пасля пазнавальнага конкурсу матулю дачка-школьніца.

І хоць пажарныя не надта вітаюць раскладанне вогнішчаў у грамадскіх месцах – народныя традыцыі паважае нават гэтая сур’ёзная служба: і вось пад радасны гоман стаміўшыхся ад халадоў людзей занялося полымем сімвалічнае чучала зімы. І ўсе ў думках жадалі, каб разам з ім згарэлі нашы нягоды і праблемы. “А давай даруем адзін аднаму ўсе крыўды і абдымемся!” – напрыканцы святочнай праграмы ўсклікнулі два скамарохі. А яно і правільна: што можа быць больш дарэчным напрыканцы масленічнага тыдня!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *