Лесничества Ушачского района продолжают заготовку и реализацию берёзового сока

Общество

Позняя вясна з мінусавымі тэмпературамі сёлета затрымала збор бярозавага соку. На гэтым жа тыдні ўсе лясніцтвы Ушацкага лясгаса прыступілі да масавай нарыхтоўкі бярозавіка. Тым, хто жадае набыць лясны напітак, можна раніцай пакінуць сваю тару, а ўвечары забраць ужо напоўненую свежым сокам.

Акуратны надрэз на дрэве, прымацоўка латка і поліэтыленавага мяшка – такую схему дзеянняў ужо на аўтамаце робяць лесаводы. Як прыкмячае ляснічы Сарочынскага лясніцтва С.М.Ільюшэвіч (на здымку), тэхналогія збору соку на працягу многіх гадоў застаецца нязменнай. Здабываюць яго на ўчастках, дзе пазней загудуць пілы, ці ў іншых насаджэннях, але таксама з бяроз, прызначаных для высякання. Менавіта гэтае структурнае падраздзяленне лясгаса сёлета адным з першых прыступіла да справы і хутка выканала план, рэалізаваўшы насельніцтву тону сока.

Традыцыйна большыя аб’ёмы прыходзяцца на Ушацкае лясніцтва, куды за бярозавікам накіроўваюцца не толькі жыхары гарпасёлка, а і бліжэйшых населеных пунктаў. “У панядзелак і аўторак увечары нават чарга ўтваралася. Мы ўжо рэалізавалі 1,7 тоны напітку”, – расказвае ляснічы А.С.Падвойскі.

Трэба адзначыць, што ў параўнанні з мінулым годам практычна не змянілася цана – 1 літр соку каштуе 28 капеек.

Грамадзяне таксама могуць здабываць бярозавік самі бясплатна. Але проста прыйсці ў лес і выбраць бярозу, якая падабаецца, нельга, падсочка – выпрабаванне для дрэва, ад няправільных дзеянняў яно можа нават загінуць. Перад самастойнай нарыхтоўкай неабходна звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва і атрымаць інфармацыю аб дазволеных участках разам з тлумачэннем аб правілах здабычы бярозавіка. Зрэшты, не варта спадзявацца пры незаконнай падсочцы, што застанецеся непрыкмечанымі – выяўляць парушальнікаў у лесе дапамаюць фотапасткі. За такое парушэнне прадугледжана адказнасць: штраф да 20 базавых велічынь і кампенсацыя за прычыненую прыродзе шкоду ў 0,1 базавай велічыні за кожны здабыты літр.

У цяперашні час усе 7 лясніцтваў прадаўжаюць нарыхтоўку, усяго за сезон лясгас плануе рэалізаваць ушачанам 9 тон бярозавіку, ужо нарыхтавана 6,5 тоны.

Вольга КАМАРКОВА.

  • Бярозавы сок з’яўляецца каштоўным прадуктам, у яго хімічным складзе больш 10 розных вітамінаў, ён здольны ўмацоўваць імунітэт, аказваць супрацьзапаленчае дзеянне, уплываць на добрую работу сэрца.
  • Свежы сок можна захоўваць ў халадзільніку на працягу 5-7 дзён і абавязкова ў шкляной тары. Павялічыць тэрмін захоўвання можна пры дапамозе лімоннай кіслаты і цукру.
  • Карысна праціраць твар кавалачкам замарожанага бярозавага соку – гэта сілкуе і ўвільгатняе скуру.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *