Епископ Полоцкий и Глубокский Игнатий провёл службу в храме святых мучениц Минодоры, Митродоры, Нимфодоры в Ушачах

Общество

Епіскапа сустрэлі хлебам-соллю.

У пятніцу, 16 красавіка, над царквой святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры спявалі званы. “Што за свята?” – пыталіся прахожыя, бачачы дарожку з кветак і папаратніку, што спецыяльна выклалі прыхаджане да храма. І хоць у гэты дзень у праваслаўным календары пазначаны імёны адразу васьмі святых, нагода да асаблівага ўбрання была іншай – чакалі Епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація. Гэта не першы візіт Уладыкі ў наш раён, прыязджаў раней і ва Ушачы, і ў Арэхаўна, аднак наведванне духавенства такога ўзроўню заўсёды свята. Вось і нягледзячы на пандэмію храм быў намнога мнагалюдней. Спецыяльна прыйшлі вернікі, якія з-за перасцярогі прапускалі ў гэты час службы. А Галіна Калантай нават узяла дзень адпачынку, каб прычасціцца і атрымаць благаславенне Епіскапа. Яно падчас літургіі Папярэднеасвечаных Дароў асаблівае, як і сама служба, што адбываецца толькі ў пэўныя дні і па сутнасці з’яўляецца велікапоснай вячэрай, падчас якой прычашчаюцца святымі дарамі, асвечанымі раней. Дарэчы, такая літургія ў нашым храме праходзіць пад кіраўніцтвам Епіскапа не ўпершыню – кожны Уладыка імкнецца аб’ехаць усе прыходы, адслужыць гэту службу за перыяд Вялікага посту, яшчэ раз нагадаць пра асаблівы час пакаяння, паглыбленай малітвы, ачышчэння, удасканалення, які Ігнацій назваў вясной для душы.

У знак удзячнасці прыхаджан букеты кветак Епіскапу Ігнацію ўручылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, а таксама настаяцель храма Вячаслаў Лобец.

Епіскап пацікавіўся і ходам будаўнічых работ ў падвальным памяшканні царквы, дзе будуць знаходзіцца нядзельная школа, трапезная і тэхнічныя пакоі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *